Вы тут

Каго выбірае меланома?


За апошнія 10 гадоў захваральнасць на меланому, адну з разнавіднасцяў раку скуры, павялічылася ў 1,5 раза. І нягледзячы на тое, што сёння такі дыягназ не з'яўляецца прыгаворам, каля 27 % пацыентаў не спраўляецца з хваробай. Напярэдадні сезона летніх адпачынкаў спецыялісты расказалі, што правакуе рак скуры.


У 2017 годзе меланому выявілі ў 922 беларусаў, летась — у тысячы.

— Нягледзячы на тое, што рост захваральнасці ёсць, меланома не ўваходзіць у дзясятку пухлін, якія сустракаюцца найчасцей. Ад яе памірае 27 % пацыентаў, але большасць вылечваецца. У нас на ўліку стаіць шмат людзей, якія перамаглі меланому, — кажа загадчык кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Аляксандр Жукавец.

Пры гэтым спецыяліст звяртае ўвагу, што гэта захворванне развіваецца агрэсіўна, таму вельмі важна выяўляць яго на ранніх стадыях. Ва ўсіх краінах свету — і наша не выключэнне — меланому знаходзяць у сябе самі пацыенты, нягледзячы на тое, што дакладна паставіць дыягназ без спецыяльнага абсталявання нават спецыялісту складана.

— Але ў еўрапейскіх краінах паказчыкі суадносін захварэлых і памерлых лепшыя, чым у нас, — у 1,5—3 разы. І не за кошт таго, што лепшае лячэнне, а дзякуючы ранняй дыягностыцы. Там даўно выкарыстоўваюць дэрматаскапію, у нас жа такая школа толькі фарміруецца, — адзначае Аляксандр Жукавец.

У 80 % выпадкаў пацыенты знаходзяць у сябе пухліны на першай і другой стадыях. Рабіць самаагляд анколаг раіць раз у квартал, пры гэтым варта аглядаць не толькі скуру тулава, рук і ног, але і валасістую частку галавы, ступні.

— Пры звароце ў паліклініку падчас дыспансерызацыі ўрач павінен таксама правесці паралельны анкалагічны агляд, гэта значыць паглядзець скурнае покрыва, скуру галавы, бачныя слізістыя абалонкі. Гэтыя навыкі маюць не толькі анколагі, але і ўрачы іншых спецыялізацый, — тлумачыць загадчык анкахірургічнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Аляксандр Гладышаў.

Спецыялісты падкрэсліваюць: калі ў пацыента шмат невусаў (радзімак), то як мінімум раз на год варта паказвацца доктару. Да групы павышанай рызыкі развіцця меланомы належаць людзі са светлай скурай — з першым і другім фотатыпам. А таксама тыя, хто працяглы час знаходзіўся на сонцы і перажыў сонечныя апёкі, асабліва ва ўзросце да 20 гадоў. У летні перыяд спецыялісты раяць карыстацца сонцаахоўнымі крэмамі, прычым не толькі падчас знаходжання на пляжы, а пастаянна. Наносіць яго варта на адкрытыя ўчасткі скуры за 20 хвілін да выхаду на сонца.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.