Вы тут

Як у Івацэвіцкім раёне рэканструююць падзеі партызанскай барацьбы


Няма ў Беларусі лясоў, у якіх падчас Вялікай Айчыннай не было б партызанаў. Толькі памяць пра гэта з кожным годам становіцца больш цьмянай. У якіх умовах жылі народныя мсціўцы, як выглядалі і на якія ахвяры былі гатовыя пайсці дзеля вызвалення роднага краю? Шукаць адказы на гэтыя пытанні карэспандэнт «Звязды» адправілася на Хаваншчыну.


«Гэта вам не кемпінг з элементамі ролевай гульні!»

Мы сядзім у зялёным гаі. Старэйшыя мужчыны маўкліва зацягваюцца папяросамі, маладыя хлопцы моцна сціскаюць у руках «мосінкі» (вінтоўкі сістэмы Мосіна), камандзір не спускае вачэй з невялічкага луга, на які вось-вось павінны выкаціць немцы. Праз некалькі імгненняў сапраўды чуецца глухі гул матора матацыкла і чужая мова. Вораг ужо блізка. Адзін, два, тры... Раптоўна лес ажывае і пачынае страляць у няпрошаных гасцей з вермахтаўскай сімволікай на форме. Ведай нашых партызан!

Гэта не здымкі мастацкага фільма ці дакументальнай перадачы, а адзіны ў краіне мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына» ў Івацэвіцкім раёне. Калісьці тут сапраўды жыла «лясная армія» і знаходзіўся сямейны лагер. Падчас вайны ніводны немец так і не змог трапіць на загадкавы востраў сярод балот. Аднак людзі нават праз сем з паловай дзесяцігоддзяў пасля вызвалення Беларусі не забылі сцяжынку на Хаваншчыну. Кожны год на некалькі дзён гэтыя мясціны ажываюць у прамым сэнсе. Дзясяткі рэканструктараў з Беларусі і Расіі прыязджаюць сюды, каб пераночыць у рэальных партызанскіх умовах — без святла, цёплых ложкаў і хатняй ежы. А таксама каб зладзіць для публікі эфектнае відовішча барацьбы простага народа з захопнікамі-агрэсарамі.

Пачынальнік адраджэння партызанскага руху на Хаваншчыне ў тым фармаце, які існуе цяпер, — карэспандэнт брэсцкай абласной газеты «Заря» і заўзяты рэканструктар Алег Грабеннікаў. Ён жа стаяў каля вытокаў правядзення начных рэканструкцый у Брэсцкай крэпасці.

— Колькі сябе помню, вельмі любіў ваенную гісторыю. Рэч нават не ў тым, што я 23 гады служыў ва Узброеных сілах Беларусі. Проста захапляўся ўніфармістыкай і мініяцюрамі, а неяк 22 чэрвеня прыйшоў у нашу крэпасць у форме лейтэнанта Чырвонай арміі. Захацелася аддаць даніну памяці тым, хто першымі прыняў варожы ўдар. Так пачыналася рэканструктарская дзейнасць у Брэсце, якая цяпер пашырылася і на ўсю вобласць, — кажа Алег. — Гэта не гульня дарослых людзей у «вайнушку». Хочацца хоць на тысячную долю адчуць сябе на месцы нашых дзядоў. Нават калі бярэш умоўную вышыню і страляеш халастымі кулямі, хвалюешся і баішся вайны. Дарэчы, многія гледачы паказальных баёў не здагадваюцца, што самыя «жорсткія» рэканструктарскія сутычкі прайшлі напярэдадні. Мы ж недарма прыязджаем у партызанскі лагер на некалькі дзён.

Фронтлайн (або тактыка) — так называюцца мерапрыемствы, дзе рэканструктары разгортваюць імітацыю вайны ў максімальна набліжаных да рэальнасці ўмовах. Месца дзеяння — не маленькі поплаў, а навакольны лес. Вялікі, непраходны, з топкімі балотамі.

— У агавораны час перамір'е паміж «немцамі» і «партызанамі» скончылася і пачалася ўмоўная вайна. Проста так трапіць з аднаго лагера ў другі стала немагчыма. Ніякіх сцэнарыяў ужо няма. Спецгрупы «лясной арміі» атрымалі заданні — імітаваць падрыў моста, разгарнуць радыёстанцыю ў пэўным квадраце і перадаць радыёграму і г. д. Зрабіць гэта трэба было так, каб цябе не заўважылі «немцы», інакш аперацыю можна лічыць праваленай.

Давялося рэканструктарам і па пояс у вадзе пахадзіць, і мясцовых камароў сваёй кроўю напаіць, і ўсіх навакольных зайцоў ды ліс халастымі стрэламі распужаць. Але ж колькі ўражанняў!

Жыццё на фоне вайны

Пасля начных баёў абодва бакі вярнуліся да часовага перамір'я. Менавіта ў ранішні час цікава паназіраць за «побытам пад дрэвамі» і бліжэй пазнаёміцца з рэканструктарамі.

«Немцы» разбілі лагер на самым ускрайку леса. Прасторныя палаткі, гучны смех, у кустах блішчыць матацыкл BMW. «Падыходзь, не саромейся. Усе свае», — чуць гэта ад людзей у форме вермахта дзіўна.

— Але ж гэта толькі абмундзіраванне. Арганізатары папрасілі прыехаць у вобразе немцаў — мы прыехалі. Трэба, каб чырвонаармейцаў было больш — з задавальненнем рэканструявалі б іх. Палітыка і ідэалогія ў нашым асяродку нават не абмяркоўваюцца, — дзеліцца Павел Рошчын з Віцебска. — А форма ў нямецкіх салдат таго перыяду сапраўды прыгожая і практычная, мае шмат дэкаратыўных элементаў. Вялікая розніца з нашымі салдатамі адчуваецца і ў плане побыту. Умоўна кажучы, адкрывае немец сумку, а там, акрамя лыжкі, ёсць яшчэ і відэлец, ручнік, набор для галення, люстэрка і нават крэм Nіvеа. У чырвонаармейцаў камплекты былі больш сціплыя.

У першых сонечных промнях, якія ледзь-ледзь прабіваюцца праз кроны дрэў, снедаюць дзве фрау. Гарбата ў фарфоравых кубках, да яе — печыва і бутэрброды. Маладыя жанчыны сядзяць за невялічкім столікам, быццам не ў лесе, а на тэрасе кафэ. «Guten Morgen!» — кажуць яны мне і запрашаюць далучыцца. «Немкі» аказваюцца мінчанкамі. Наталля і Таццяна — удзельніцы ваенна-гістарычнага клуба «Мядзведзіца».

— Сёння прадстаўляем паліцыю вермахта, якая прыбыла на дапамогу сваім Kаmеrаdеn (з нямецкай таварышы. — Аўт.) для падтрымання парадку. Жанчын на нямецкім баку падчас вайны было шмат, хоць іх рэдка можна ўбачыць у кіно. Яны выконвалі функцыі стэнаграфістак, запаўнялі дакументы, вялі архівы. Вядома, даводзілася жыць у палявых умовах. Палаткі збіраліся з кавалкаў плашчоўкі, якую меў пры сабе кожны салдат. Зверху каска, каб вада не зацякала. Унутры — аўтэнтычныя раскладушкі з бялізнай накшталт той, што была распаўсюджана ў Германіі ў саракавых. На вяроўцы вы бачыце адзенне, у якім мы ўчора абсталёўвалі свой лагер. Так, асобная рабочая форма!

Калі «немцы» занялі пазіцыі на вачах ва ўсіх, то да «нашых» паспрабуй яшчэ дайдзі. Але на тое яна і Хаваншчына, каб у самай глыбіні, на востраве сярод балот, партызаны хаваліся. Побыт і адзенне прасцейшыя, затое ніякіх тлумачэнняў не патрабуюць. Тут — зямлянка, там — драўляныя хаткі-зрубы. А між імі снуюць туды-сюды барадатыя хлопцы ў льняных кашулях і залатанай чырвонаармейскай форме. Ды і ежа няхітрая. Пыхціць самавар: у алюмініевую пасудзіну наліваюць гарачага адвару з лясной травы. Каштую фірменную страву ад кухараў — аладкі з крапівы. Дарэчы, пякуцца не на вогнішчы, а на так званай фінскай печы (расколатае бервяно з агнём унутры).

Маю ўвагу прыцягвае мужчына ў кепцы, па-хуліганску ссунутай набок. У руках — шпагат, шчыпчыкі і загадкавыя белыя брыкеты. Гэта «падрыўнік» (у рэальным жыцці архітэктар) Аляксандр Сіманаў з Брэста. Разам з калегамі ён паказвае маленькім турыстам Хаваншчыны, як вялася рэйкавая вайна. Без асаблівых падрабязнасцяў, канешне. Затое гучна і з пясчанымі салютамі.

— Найвышэйшым пілатажам лічылася пусціць пад адкос эшалон. Але зрабіць гэта было няпроста. Немцы спачатку прадбачліва накіроўвалі паравоз з сапёрнай групай, якая правярала чыгунку. Праз 15 хвілін ішлі цягнікі з жывой сілай і тэхнікай. Партызанам трэба было за кароткі прамежак часу падкласці ўзрыўчатку, прытым што ўздоўж дарогі стаялі блокпасты, а лес навокал быў высечаны, — дае невялікі экскурс у гісторыю Аляксандр.

Сакрэтамі рэканструктарскай справы падзяліўся Арцём Быкаў.

— Не заўсёды добрыя рэканструктары — тыя, хто служыў. Вопыт сучаснай арміі можа нават нашкодзіць. Хлопцы пасля службы часта выходзяць на поле са свабодным рэменем. Дэмбельскі гонар не дазваляе зацягнуць яго! У Чырвонай арміі вельмі строга за знешнім выглядам сачылі. Байцы маглі быць апрануты ў гімнасцёркі на тры памеры большыя, чым трэба, але выглядалі акуратна. Розныя былі і вітанні. Тады камандзіру хорам выкрыквалі: «Здрасте!» А ўчарашнія салдаты па армейскай звычцы пачынаюць: «Здравия желаем, товарищ...» Хоць, вядома, не толькі дзеля больш глыбокага ведання гісторыі народ пачынае займацца рэканструкцыямі. Мы тут збольшага людзі гарадскія, разбэшчаныя цывілізацыяй і камфортам. А выезды ў лес — гэта шмат у чым яшчэ і праверка сябе самога.

— Прагучыць банальна, але хочацца даказаць, што магу, — далучаецца да Арцёма таварыш па атрадзе «радыстка» Ганна Кароза. — Магу выкапаць акоп і прасядзець у ім цэлы дзень, магу пераночыць на снезе, магу праехаць дзясяткі кіламетраў верхам на кані... Бывалі моманты, калі хацелася ўсё кінуць і сказаць «Стоп!» Тады ўспамінала тых, хто і не такое падчас вайны перажыў, і спакойна працягвала выконваць пастаўленую задачу.

* * *

Перад самым адыходам з лагера знаёмлюся з жыхаром Івацэвіч Аляксандрам Германам. Ён не рэканструктар, але на Хаваншчыну прыязджае ўсё жыццё.

— Бацькі мае ў гэтых лясах партызанілі. Мама была сувязной. А бацька, калі яго адпраўлялі на прымусовыя працы ў Германію, збег у Харошчыцы і далучыўся да тамтэйшага атрада. Падарваў сем варожых эшалонаў і быў у коннай разведцы. На Хаваншчыне ён маму і сустрэў. Калі вайна скончылася, усе мясцовыя партызаны пакляліся, што будуць збірацца тут штогод у апошнія выхадныя мая. Былі жывыя — ні разу сваім абяцанням не здрадзілі. А цяпер мы, іх дзеці і ўнукі, працягваем традыцыю...

Ганна КУРАК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Чым далей у гушчар — тым бліжэй гісторыя

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.