Вы тут

Фестываль «Магутны Божа» прайшоў у Магілёве


Міжнародны фестываль духоўнай музыкі запомніўся магіляўчанам узнёслай музыкай, лірычнымі вулічнымі канцэртамі, святам для дзяцей «Шчырае сэрца», праваслаўнай выстаўкай-кірмашом і лячэбным звонам.


Форум праводзіўся ў Магілёве ўжо дваццаць трэці раз. Калі параўноўваць папярэднія фестывалі і гэты, робіцца відавочна, што ён усё больш набывае статус сямейнага. На канцэрты, што адбыліся на адкрытых і закрытых пляцоўках, гледачы прыходзілі сем'ямі, шмат хлопчыкаў і дзяўчынак было на дзіцячым дабрачынным свяце ў Падмікольскім парку, іх звонкія галасы звінелі на дзіцячай пляцоўцы каля дыягнастычнага цэнтра, дзе працавала духоўна-асветніцкая выстаўка-кірмаш.

«Адно аднаго захоўвайце ва ўсе часы, / Жывіце ў ладзе і гармоніі», — спявалі ўдзельнікі канцэрта «Гімн сям'і» падчас гала-канцэрта на стадыёне «Спартак».

Фестываль у фестывалі. І сям'я на першым плане

Яно і лагічна, бо сям'я — гэта самае духоўнае і каштоўнае, што ёсць у жыцці чалавека. Не дзіўна, што на дзіцячай пляцоўцы Свята-Елісавецінскага манастыра, дзе ўсе фестывальныя дні паказвалі батлеечныя спектаклі, вучылі рабіць папяровых галубоў і размалёўваць велікодныя яйкі, штодзённа прысутнічала не менш за дзвесце дзяцей. І гэта па падліках Ірыны, прадстаўніцы манастыра, якая непасрэдна займалася арганізацыяй вольнага часу юных наведвальнікаў. Манастыр прыехаў на фестываль са сваім адмысловым фестывалем — «Радасць». Тут працавала некалькі дзіцячых гасціных і зон, дзе праводзіліся майстар-класы, гульнявая для маленькіх дзяцей. Малыя з задавальненнем глядзелі батлеечныя спектаклі на пакладзеных перад «сцэнай» пуфіках. А старэйшым і нават бацькам было цікава навучыцца азам кірылічнай вязі.

Кнігі, іконы, жаночыя ўпрыгожанні, адзенне, дзіцячыя настольныя гульні і цацкі ды нават манастырскі хлеб — у гандлёвых радах праваслаўнай выстаўкі-кірмашы можна было набыць усё, што пажадаеш. І адначасова заказаць малебен або саракавуст — у Магілёў прыехалі шматлікія прадстаўнікі беларускіх епархій і прыходаў, а таксама манастыроў і храмаў з Расіі, Украіны, Грэцыі і Прыднястроўя.

Шмат было ахвотных заказаць царкоўныя трэбы ў расійскіх і ўкраінскіх манастырах і прыходах, бо яны прапаноўвалі, напрыклад, саракавусты ўсяго за два рублі. У Магілёве такая служба каштуе мінімум пяць рублёў.

Падтрымаць храмы можна было і ўзносам на імянную цаглінку. Традыцыя будаваць храмы ўсім светам існавала яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Зараз гэта робіцца ўсё больш актуальным. Цаглінка каштавала мінімум 50 капеек.

Спевы дацямна

Наогул у Магілёў на Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» прыехала больш за тысячу гасцей і ўдзельнікаў, ён аб'яднаў прадстаўнікоў трох канфесій — праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай з 14 краін свету.

Кожны вечар з 18.00 да 22.00 гараджан і гасцей віталі на плошчы Зорак хрысціянскія гурты, вакальныя і інструментальныя ансамблі, салісты з Беларусі, Латвіі, Фінляндыі, Расіі, Ізраіля, Аўстрыі, Швейцарыі, Эстоніі. Тут на адкрытай пляцоўцы праходзілі фестывальныя канцэртныя праграмы «Святло жыцця». Саліст легендарных «Песняроў» Валерый Скаражонак парадаваў шыкоўным выкананнем «Белавежскай пушчы». Яна, дарэчы, у рэпертуары ансамбля, які сёлета адзначае сваё паўстагоддзе, была адной з першых.

Арыядна Косціна прыехала на фестываль з Латвіі. У Рызе яна працуе выкладчыкам англійскай мовы, вучыць дзяцей з аслабленым слыхам, а паралельна займаецца з выхаванцамі дзіцячага крызіснага цэнтра. У жыцці ёй самой давялося прайсці праз цяжкія выпрабаванні. Яна са шматдзетнай сям'і, дзе маці няшмат увагі ўдзяляла дзецям. У дзяцінстве Арыядна збірала ў пераходзе міласціну, пакуль аднойчы нейкая незнаёмая жанчына не паспачувала ёй. Яна завяла дзяўчынку ў царкву, дзе дзіця накармілі і супакоілі. Вера змяніла яе погляд на жыццё, зрабіла яго больш насычаным і змястоўным. А талент спяваць, лічыць яна, у яе цалкам ад Бога. Спецыяльна гэтаму яна нідзе не вучылася.

Свята для дзяцей

Арганізатарамі дабрачыннага мерапрыемства «Шчырае сэрца» выступілі Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт, дзіцячы Фонд міру і Магілёўскі спецыялізаваны Дом дзіцяці.

— Свята дало ўсім нам магчымасць адчуць сябе камфортна і ўтульна, падняць настрой і паглядзець на гэты свет з пазітывам, — адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Петрашова.

Установы адукацыі падрыхтавалі для «асаблівых» дзяцей харэаграфічныя, танцавальныя і вакальныя нумары. У Падміколлі працавала адначасова некалькі пляцовак, дзе юныя артысты маглі прадэманстраваць свае здольнасці. Для выхаванцаў Дома дзіцяці мерапрыемства стала сапраўдным падарункам. Яны ўдзельнічалі ў гульнях, майстар-класах, рабілі карцінкі з пяску ды дарылі гасцям і спонсарам. А магілёўскія прадпрыемствы частавалі іх смачнымі ласункамі.

І дзве тысячы долараў у падарунак

Асноўная частка бюджэту фестывалю «Магутны Божа» — гэта менавіта тыя грошы, якія атрыманы з продажу білетаў. Але арганізатары імкнуцца зрабіць фестываль даступным як мага большай колькасці людзей. Гэтым разам платнымі былі толькі чатыры канцэрты, якія прайшлі ў сценах Палаца культуры вобласці і на стадыёне «Спартак». Кошт білетаў складаў ад 25 да 45 рублёў.

Пляцоўка касцёла Успення Панны Марыі і Святога Станіслава па традыцыі з'яўляецца месцам правядзення любімых магіляўчанамі арганных канцэртаў. Яны бясплатныя, але гэтым разам была магчымасць зрабіць унёсак у аднаўленне цудоўнага помніка архітэктуры ХVІІІ стагоддзя і ахвяраваць пэўную суму. Для гэтага на ўваходзе стаялі спецыяльныя скрыні.

У касцёле адбыліся і ўсе праслухоўванні міжнароднага конкурсу харавых і вакальных калектываў. Акустыка будынка і талент выканаўцаў дарылі выпадковым слухачам сапраўдную асалоду.

Старшыня журы конкурсу, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Пятра Чайкоўскага Станіслаў Калінін адзначыў: «Спевы — гэта душа народа. З песняй чалавек нараджаецца, з ёй сыходзіць з жыцця. На гэтым стаяла і стаіць нацыянальная культура, бо гэта, мабыць, самае дэмакратычнае мастацтва. Спеваку не патрэбны музычны інструмент, у яго ёсць тое, што яму даў Гасподзь Бог і бацькі. Харавая справа павінна трымацца на вельмі спрыяльнай гістарычнай глебе. Радасна, што якраз гэта і адбываецца ў Магілёве. Ваш горад прыцягвае да сябе многіх падзвіжнікаў харавой справы».

У склад журы сёлета ўвайшлі старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі харавых дырыжораў Інэса Бадзяка і мастацкі кіраўнік і дырыжор хораў «Bel Canto», «Cantare», «Вільнюс» Артурас Дамбраўскас. Гран-пры XXІІІ Міжнароднага конкурсу духоўнай музыкі «Магутны Божа — 2019» здабыў хор студэнтаў магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастацкім кіраўніком і дырыжорам якога з'яўляецца Ірына Пякарская. Дарэчы, як адзначалася на прэс-канферэнцыі, пераможцу ў гэтым выпадку будзе перададзена дзве тысячы долараў у якасці падарунка.

Дыпломамі першай ступені адзначаны ансамбль «Cantus fіrmus» з Бранска ў намінацыі «Акадэмічныя вакальныя ансамблі» і Бранскі гарадскі акадэмічны хор у намінацыі «Акадэмічныя хары». Дыпломы другой і трэцяй ступені атрымаў шэраг дзіцячых акадэмічных хароў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».