Вы тут

Праект «Глуша Адамовіча» падтрыманы на конкурсе Sосіаl Wееkеnd


Пасёлак Глуша Бабруйскага раёна хутка стане яшчэ больш адамовіцкім. Акрамя таго што тут ужо ёсць прыпынак Адамовіча, у рабоце — помнік класіку, які плануецца ўсталяваць каля мясцовага Дома культуры ўвосень. А нядаўна фінансаванне атрымаў яшчэ адзін праект, звязаны з імем беларускага пісьменніка. Ён прадугледжвае стварэнне турыстычнай інфраструктуры — інфармацыйных стэндаў і паказальнікаў, а таксама інтэрактыўнага маршруту па творах Адамовіча. Праект быў прадстаўлены бабруйскай ініцыятыўнай групай «Прыпынак Адамовіча» на конкурсе сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd.


— Усяго на трынаццаты сезон конкурсу паступіла 383 заяўкі з розных куткоў краіны. Удзельнікі прайшлі розныя этапы адбору, у тым ліку «народнае галасаванне». Яно працягвалася пяць дзён, — расказвае падрабязнасці ідэйны натхняльнік і кіраўнік ініцыятыўнай групы ў Бабруйску «Прыпынак Адамовіча» Андрусь Архіпенка. — Увесь гэты час мы знаходзіліся ў топ-20. За пяць дзён набралі 513 галасоў. Апошні дзень быў самым хвалюючым. Мы ўпэўнена ўваходзілі ў дваццатку наймацнейшых, а тут нечакана апынуліся за яе межамі. Нават засумавалі, бо ўжо выкарысталі ўсё магчымае, каб прыцягнуць увагу да праекта. Але вечарам сітуацыя кардынальна змянілася, мы былі ўжо на 16-м месцы — за шэсць гадзін набралі больш за 100 галасоў. Гэта быў сапраўдны цуд.

Фінал конкурсу праходзіў у гатэлі «Пекін», што ў Мінску. Падчас прэзентацыі свайго праекта бабруйчане прадэманстравалі эскіз бюста пісьменніка, які з'явіцца на яго малой радзіме, і дыплом фіналістаў конкурсу Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі камітэт Міжнароднага савета па захаванні помнікаў і славутых месцаў» (ІКАМОС) «Спадчына ў дзеянні». Гэта яшчэ адзін конкурс, праз які прайшлі бабруйчане. На ім было прадстаўлена каля 40 праектаў, і «адамовіцкі» трапіў у васьмёрку наймацнейшых. На жаль, перамагчы не атрымалася. Затое гэтым разам фартуна ўсміхнулася і дала шанц.

— Нас падтрымаў «Беларусбанк», ён гатовы выдзеліць для рэалізацыі праекта 10 тысяч рублёў. Плюс тысячу рублёў перадалі ад імя беларускага бізнесмена Віталя Князева, — паведаміў Андрусь.

— Чаму падтрымалі? — здзівіўся нашаму пытанню начальнік упраўлення інфармацыі і сацразвіцця ААТ «Беларусбанк» Дзмітрый Бакіноўскі. — Тут усё проста і відавочна. «Беларусбанк» — гэта вельмі сацыяльна адказная кампанія, якая рэалізуе вялікую колькасць розных сацыяльных праектаў па такіх асноўных кірунках, як спорт, культура, адукацыя, ахова здароўя і гэтак далей. У нас дзейнічае свая палітыка ў галіне сацыяльнай карпаратыўнай адказнасці. А Sосіаl Wееkеnd — гэта буйная пляцоўка, якая збірае яскравых таленавітых людзей з вельмі цікавымі праектамі, накіраванымі на вырашэнне сацыяльных пытанняў. І банк не мог у гэтым не паўдзельнічаць. Улічваючы, што зараз у нас Год малой радзімы, мы вырашылі заявіць сваю намінацыю з аднайменнай назвай. У фінале быў шэраг годных праектаў, але найлепшым, на наш погляд, аказаўся праект, які цалкам адпавядаў нашай намінацыі. Глуша — гэта маленькі населены пункт са сваёй цікавай гісторыяй. Тым больш што Алесь Адамовіч — адзін з самых буйных, але крыху ў апошні час забытых пісьменнікаў. Таму мы і вырашылі падтрымаць ініцыятыву, каб і далей развіваць гэты праект, зрабіць з пасёлка цікавы брэнд і папулярызаваць нашу культуру, літаратуру.

З перамогай бабруйчан павіншавала старшыня Глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка. Яна лічыць, што з такой ініцыятыўнай моладдзю музей Адамовіча ў Глушы будзе абавязкова. А Наталля Адамовіч — дачка класіка — наогул была на фінале Sосіаl Wееkеnd і асабіста падтрымлівала бабруйскіх актывістаў у гэты вырашальны момант.

На працягу паўгода праект павінен быць рэалізаваны.

— Будзем рабіць эскізы інфармацыйных стэндаў, узгадняць з мясцовымі ўладамі і пакрысе рэалізоўваць гэты праект, — кажа Андрусь. — Паступова дойдзем і да будынка аптэкі, дзе плануецца адкрыць музей. Шукаем магчымасць стварыць грамадскую арганізацыю.

Адамовіцкія праекты гэтым не завяршаюцца. Нагадаем, што працягваецца конкурс буктрэйлераў пад назвай «Ідзі і чытай», удзельнікам якога прапануецца зняць невялікі ролік працягласцю не болей за чатыры хвіліны на адзін з твораў Алеся Адамовіча. Пераможцы будуць вызначаны ў трох намінацыях: «Лепшы сцэнарый, ідэя буктрэйлера» , «Лепшая відэааператарская работа і мантаж» і Гран-пры за лепшы сцэнарый і тэхнічнае выкананне. Работы прымаюцца да 15 ліпеня. Інфармацыя на сайце — adamovich.by. Узнагароджанні пераможцаў і адкрыты прагляд буктрэйлераў адбудуцца ў верасні.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Збор сродкаў на музей працягваецца. Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама р/р BY84АKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК АKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу — «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.