Вы тут

Што лепш: даваць ці браць?


На шматлікіх сустрэчах нам задаюць падобныя пытанні: «Што рабіць, калі мая суседка пастаянна прыходзіць у нядзелю або ў свята і што-небудзь просіць? А пасля таго як яна што-небудзь возьме, я абавязкова кепска сябе адчуваю»; «Ужо не раз заўважаю, у нядзелю ідзе суседка, каб што-небудзь пазычыць. У гэты дзень абавязкова пасваруся з мужам».


Па-першае, ніколі ў такім выпадку не давайце тое, што папрасілі, з рук у рукі — пакладзіце на стол і паназірайце за паводзінамі суседкі: калі возьме і пойдзе, ведайце — нічога кепскага яна вам зрабіць не хацела, проста гэта гаспадыня крыху неарганізаваная. Калі ж пачне выкручвацца і рабіць так, каб вы перадалі рэч з рук у рукі, — чалавек прыходзіць у хату з кепскімі думкамі.

Зразумела, што ў гэтым выпадку галоўнай умовай з'яўляецца тое, што абодва чалавекі з'яўляюцца прадстаўнікамі адной і той жа рэгіянальнай традыцыі. У нашым выпадку мы бачым, што суседка ідзе на наўмыснае парушэнне (падтэксты гэтага жадання могуць быць розныя: спецыяльна справакаваныя або зусім незласлівыя — сапраўды дома не засталося хлеба). У такім разе гаспадыня хаты, да якой прыйшлі па пазыку, запускала механізм процідзеяння, скіраваны на захаванне далейшага гарманічнага існавання сваёй сям'і. Яна імкнулася перасцерагчы сябе і гаспадарку ад магчымага негатыўнага ўздзеяння. Напрыклад, каб не наклікаць на сваю сям'ю бяды і непрыемнасцяў, ведалі, што, калі вы частуеце чужога чалавека, вандроўніка ці суседа малаком, у збан неабходна пакласці драбінку солі. Нездарма казалі: «Соль таму ў вочы, хто дабра нам не хоча».

Сацыякультурная інтэнцыя «даваць — браць» ахоплівае практычна ўсе бакі зносін паміж людзьмі. Лічылася, што, перадаючы тую ці іншую рэч, можна перадаць (аддаць) і адпаведна атрымаць і іншыя «каштоўнасці» (сямейны дабрабыт, «спор» або ўрадлівасць зямлі ці плоднасць свойскай жывёлы, асабісты поспех, чалавечае шчасце). Таму ў кодэксе нормаў побытавага этыкету і звычаёвага права нашага народа існаваў шэраг правіл, якіх неабходна было прытрымлівацца падчас працэдуры перадачы: калі вы пазычаеце што-небудзь, дорыце ці атрымліваеце тыя ці іншыя рэчы, грошы і г. д.

Цэлы шэраг рэгламентацый, звязаных з дылемай «браць — аддаваць», датычыліся таго перыяду часу, калі пачыналіся (не аддавай расаду капусты, пакуль сам не пасадзіў) і заканчваліся сельскагаспадарчыя работы: ураджай і рост раслін адыдзе да таго, хто браў тыя ці іншыя рэчы.

  • Ніколі не аддавалі нічога і не пазычалі ў той дзень, калі з дому ад'язджаў хто-небудзь са сваякоў. Лічылася, што выкананне гэтай забароны будзе спрыяць добраму шляху і вяртанню дадому таго, хто знаходзіўся ў вандроўцы.
  • Першыя тры дні пасля нараджэння дзіцяці надзяляліся асаблівай сакральнасцю. Лічылася, што калі ў гэтыя дні штосьці пазычыць ці аддаць з хаты, то дзіця «будзе цурацца роднай хаты», то-бок, будзе вандроўнікам, «перакаціполем».
  • Ніколі не пазычалі і не аддавалі што-небудзь у панядзелак. Меркавалі, што ў такім выпадку ўвесь тыдзень «пойдзе прахам».  Калі аддавалі з хаты прадукты харчавання, напрыклад, хлеб, малако, муку, цукар, сачылі, каб не аддаць апошняе, інакш сам застанешся без усяго. Ніколі не аддавалі малако з хаты ў дзень першага выгану жывёлы ў поле. Хлеб, як і іншыя прадукты ці рэчы, ніколі не перадавалі праз парог, каб з хаты не пайшоў дабрабыт.
  • Асаблівай сакральнасцю надзялялі полымя. Таму ў некаторых славянскіх народаў існавала строгая забарона: ні пры якіх умовах не аддаваць з хаты агонь. Лічылася: калі вы выносіце з хаты полымя (святло), хату пакідае шчасце.
  • Пчаляры ніколі не частавалі мёдам хворых людзей, таму што былі перакананы, што пчолы захварэюць і прападуць. Мёд для хворага чалавека трэба было даваць праз трэція рукі.
  • На Беларусі былі ўпэўнены ў тым, што ў той момант, калі ў хаце знаходзіцца нябожчык, з яе нельга нічога браць, выносіць і г. д., таму што «перанясеш» смерць у сваю хату. У дні ўшанавання продкаў, наадварот, неабходна было раздаваць прадукты харчавання, рэчы, грошы.
  • Існавала строгае правіла: міласціну давалі пры ўваходзе на могілкі (як і, дарэчы, у храм), пры выхадзе з могілак — ніколі!
  • І сёння ў народзе існуе няпісанае правіла не адмаўляць у просьбе перадачы якіх-небудзь рэчаў, прадуктаў харчавання цяжарнай жанчыне. Расказваюць, што калі ёй адмовіць, хату «апануюць» пацукі.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».