Вы тут

Як будзе арганізаваны рух падчас Еўрапейскіх гульняў у Мінску


Начальнік упраўлення па транспартным забеспячэнні фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў» Аляксандр Коўшар расказаў, што для таго, каб ажыццяўляць перавозку ўдзельнікаў гульняў, гэта значыць спартсменаў, а таксама акрэдытаваных гасцей (суддзяў, членаў дэлегацый, журналістаў), было набыта 205 аўтобусаў. Яны будуць дастаўляць атлетаў і вышэйназваных асоб з аэрапорта ў вёску спартсменаў, іншыя месцы пражывання, а адтуль на спартыўныя аб'екты і назад. Акрамя гэтага «Мінсктранс» будзе ажыццяўляць перавозку грамадскім транспартам усіх жыхароў горада і яго гасцей, якія прымуць удзел у Еўрапейскіх гульнях у якасці гледачоў.


Аляксандр Коўшар таксама адзначыў, што з 20 мая да 10 ліпеня ўсе акрэдытаваныя ўдзельнікі гульняў маюць права бясплатна карыстацца гарадскім грамадскім транспартам, а каб дабрацца на адзіны аб'ект гульняў, вынесены за рысу горада (на вяслярную базу ў Заслаўі), па прадстаўленні акрэдытацыйнага бэйджа, неабходна набыць нулявы білет. Дарэчы, каб трапіць на спаборніцтвы ў Заслаўе на электрычцы, балельшчыкам спатрэбіцца даехаць да станцыі Беларусь, адкуль будзе арганізаваны чаўночны рух непасрэдна да вяслярнага канала.

Чакаецца, што 70 працэнтаў людзей, якія наведаюць Еўрапейскія гульні, будуць перамяшчацца з дапамогай грамадскага транспарту. Рэжым работы фан-зон не будзе абмяжоўвацца вечарам, таму наземны транспарт і метро будуць працаваць практычна ў кругласутачным рэжыме. Дакладны рэжым працы на канкрэтны дзень можна паглядзець на афіцыйным сайце «Мінсктранса».

Па ініцыятыве Дырэкцыі гульняў на час правядзення турніру кіроўцы грамадскага транспарту пераадзенуцца ў новую форму. Для кожнага кіроўцы па індывідуальных мерках пашытая новая форма — белая кашуля і цёмна-сіняя камізэлька з лагатыпамі Еўрапейскіх гульняў.

Такое маштабнае мерапрыемства, як Еўрапейскія гульні, патрабуе сур'ёзнай падрыхтоўкі і працы ДАІ. Начальнік УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама палкоўнік міліцыі Вадзім Гаркун адзначыў, што мерапрыемства накладае пэўныя патрабаванні для забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў і спартсменаў. «Ад месца пражывання да любога з 11 спартыўных аб'ектаў у Мінску, на якіх будуць праходзіць спаборніцтвы, спартсмен павінен быць дастаўлены не больш чым за 20 хвілін», — сказаў ён. Чакаецца, што найбольш загружаныя будуць праспекты Пераможцаў і Незалежнасці. «Таму, зыходзячы з разлікаў, мы прыйшлі да высновы, што вылучэнне спецыяльных палос для транспарту, які будзе абслугоўваць Еўрапейскія гульні, — неабходнасць. Такія палосы будуць знаходзіцца на праспекце Дзяржынскага, вуліцы Няміга, праспекце Пераможцаў — гэта самыя загружаныя месцы. Паласа будзе выдзелена адпаведнай разметкай — суцэльнай і літарай «А», таксама на гэтай паласе будзе знаходзіцца сімвал Еўрапейскіх гульняў, — расказвае Вадзім Гаркун. — У сувязі з увядзеннем гэтай выдзеленай паласы будуць праведзены некаторыя арганізацыйныя мерапрыемствы ў частцы змянення схемы арганізацыі дарожнага руху. У першую чаргу гэта закране праспект Дзяржынскага: частка левых паваротаў па кірунку руху з боку кальцавой дарогі ў напрамку вуліцы Няміга і праспекта Пераможцаў будуць закрытыя. Гэта вуліцы Голубева, Уманская, Ясеніна, Шчорса і Хмялеўскага». Вадзім Гаркун растлумачыў: левыя павароты прыбіраюць для таго, каб павялічыць прапускную здольнасць прамога кірунку, які вядзе да спартыўных аб'ектаў.

«Кампенсацыйныя левыя павароты будуць рэалізаваны праз правы паварот, гэта значыць у раёне пазначаных скрыжаванняў трэба будзе павярнуць направа, даехаць да разрыву, зрабіць там разварот і працягнуць рух, перасякаючы праспект Дзяржынскага. Альбо павярнуць на найбліжэйшых развязках», — расказаў начальнік УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама. Таксама ён дадаў, што на час правядзення гульняў уезд з праспекта Пераможцаў на вуліцу Няміга будзе дазволены толькі для транспарту, задзейнічанага для забеспячэння гульняў.

Вадзім Гаркун адзначыў, што тэставыя турніры па велагонках, якія прайшлі ў Мінску ў маі, паказалі, што пры шырокім асвятленні і інфармаванні насельніцтва з падрабязным указаннем вуліц, дзе будзе абмежаваны рух транспарту, ніякіх сур'ёзных эксцэсаў і ўскладненняў руху не адбылося, таму спецыялісты спадзяюцца, што праблем не ўзнікне і падчас гульняў.

Укараненне гэтых новаўвядзенняў пачнецца за 7—10 дзён да старту Еўрапейскіх гульняў, каб жыхары і госці сталіцы візуальна ўяўлялі ўсе гэтыя змены і былі да іх гатовыя.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: На заметку кіроўцам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.