Вы тут

Чаму можна павучыцца ў самага «зялёнага» горада Швецыі?


Многія беларускія рэкі, як і шведскія, належаць басейну Балтыйскага мора. І гэта адна з прычын, чаму скандынаўская краіна ўкладвае шмат сіл і энергіі ў сумесную работу з нашай дзяржавай у экалагічнай сферы. Сёння ёсць добрыя магчымасці для далейшага развіцця ўзаемаадносін, а таксама эфектыўныя сумесныя праекты. Акрамя таго, Швецыя мае ўнікальны вопыт перапрацоўкі адходаў, які выклікае жывую цікавасць не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце.


Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан у якасці прыкладу экавопыту прывяла практыку шведскага горада Векшэ. Гэты ўніверсітэцкі горад з насельніцтвам больш за 65 тысяч чалавек вядомы не толькі сваёй гісторыяй і маляўнічымі пейзажамі, якія прыцягваюць мноства турыстаў, але і поспехамі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Векшэ сёння называюць самым «зялёным» горадам Швецыі.

Але ён не заўсёды быў такім. Экалагічная работа там пачалася яшчэ ў шасцідзясятых гадах мінулага стагоддзя, калі стала зразумела, што жыць як раней ужо нельга. Мясцовыя ўлады сумесна з гараджанамі за гэты час дасягнулі значных поспехаў у галіне развіцця экалагічна чыстага транспарту, энергазберажэння, аднаўляльнай энергетыкі. Многія жыхары адмовіліся ад выкарыстання асабістага транспарту на карысць грамадскага (на біяпаліве) і ровараў. Таксама было прынята рашэнне аб скарачэнні спажывання паперы, мясцовы пастаўшчык электраэнергіі стаў больш выкарыстоўваць адходы дрэваапрацоўчай прамысловасці, камунальная гаспадарка горада закупіла абсталяванне, якое дазваляе атрымліваць біяпаліва з бытавога смецця і каналізацыйных вод.

— Сёння магутнасць установак такая, што Векшэ не толькі цалкам перапрацоўвае сваё смецце, але і забірае яго ў суседніх муніцыпалітэтаў. Цяпер у горадзе выкіды СО2 у два разы ніжэйшыя, чым у 1993 годзе. Дамы маюць на дахах сонечныя панэлі, якія выпрацоўваюць дастаткова энергіі не толькі для ўласнага спажывання, але і для продажу іншым цепласеткам. Гэта добры прыклад, чаго можна дасягнуць сумеснымі намаганнямі насельніцтва і ўлад, — сцвярджае спадарыня пасол.

Крысціна Юханесан выказала радасць з нагоды таго, што Мінгарвыканкам і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця з 2018 года рэалізуюць праект «Зялёныя гарады», сярод прыярытэтных кірункаў якога значацца мерапрыемствы па вонкавым асвятленні, гарадскім транспарце і г. д. Экалагічныя праекты ў Беларусі ажыццяўляюцца сумесна з мясцовымі партнёрамі пры падтрымцы такіх арганізацый, як «Энергетычнае агенцтва рэгіёна Сконэ» (Швецыя) і Кааліцыі «Чыстая Балтыка» пры фінансаванні Шведскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (коратка SІDA).

— З боку пасольства мы таксама стараемся зрабіць свой унёсак у экалагічную працу. Распрацаваны сумесны з беларускім тэатрам праект «Нясмеццевая гісторыя» для школьнікаў пра тое, як важна правільна сартаваць смецце. Мы можам пахваліцца сваімі дасягненнямі менавіта ў гэтай галіне, бо ў Швецыі перапрацоўваецца 99,5 % адходаў. З задавальненнем дзелімся гэтым вопытам з калегамі з некалькіх міністэрстваў і дзяржаўных структур Беларусі, — адзначыла Крысціна Юханесан.

Яна таксама нагадала пра тое, што 1 чэрвеня ў Верхнім горадзе ў Мінску будзе арганізаваны Дзень Швецыі:

— Гэты дзень мы пастараемся зрабіць «зялёным»: будзем прапагандаваць паасобны збор адходаў, ажыццяўляць продаж напояў на фуд-корце ў свой кубак, раскажам, што такое эка-фіка ці як захаваць любімы шведскі гастранамічны канцэпт (кава з булачнай), пры гэтым не нашкодзіўшы наваколлю.

Вольга ПРАЛЮК

Фота атрымана ад Пасольства Швецыі ў Беларусі

Загаловак у газеце: Нясмеццевая гісторыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».