Вы тут

Заказнікі «Спораўскі», «Званец» і «Налібоцкі» атрымалі спецыяльную тэхніку


Беларускія заказнікі «Спораўскі», «Званец» і «Налібоцкі» атрымалі спецыяльную тэхніку, якая дапаможа аднавіць месцы пражывання відаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення.


Зак Тэйлар, намеснік Пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі (справа), уручае сертыфікат на тэхніку дырэктару заказніка «Налібоцкі» Васілю Гуркову. Фота ПРААН

Сучасная тэхніка коштам у 600 тысяч долараў ЗША закуплена ў рамках праекта «Устойлівае кіраванне ляснымі і водна-балотнымі экасістэмамі для дасягнення мнагамэтавых пераваг» («Ветландс»), які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Яе выкарыстанне дапаможа спыніць зарастанне адкрытых балот і пойменных лугоў дрэвамі і хмызнякамі і такім чынам аднавіць месцы гнездавання вяртлявай чаротаўкі ў заказніках «Спораўскі» і «Званец», а таксама стварыць мазаічныя лугавыя кармавыя ўгоддзі для еўрапейскага зубра ў заказніку «Налібоцкі».

Энерганасычаныя трактары, лесагаспадарчыя мульчары, касілкі і тэхналагічныя аўтамабілі дазваляюць арганізаваць поўны тэхналагічны ланцужок па кашэнні і выкарыстанні расліннай біямасы балот і пойменных лугоў. Як толькі скончыцца сезон гнездавання, тэхніка выйдзе на балоты, каб скасіць, сабраць і здрабніць маладыя дрэўцы, хмызнякі і трыснёг. Дзякуючы гэтаму на наступны год у птушак з'явіцца больш прыдатных месцаў для гнездавання.

У рамках праекта ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Званец» ад балотнай расліннасці расчысцяць каля 4500 га. Атрыманая біямаса знойдзе прымяненне ў выглядзе паліўнай дранкі, сена, подсцілу і пры вытворчасці ўгнаення. У выніку папуляцыі відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, павялічацца: вяртлявай чаротаўкі — з 2100—4400 да 5000 самцоў, вялікага арляца — з 0—2 да 4 пар, дубальта — з 20—30 да 50 самцоў, кулёна — з 0—4 да 15 пар.

Каб балота стала чыстым ад трыснягу і хмызнякоў, патрэбна спецыялізаваная тэхніка.

Па словах дырэктара рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Спораўскі» Вадзіма Пратасевіча, выкарыстанне новай тэхнікі разам з ужо дзеючай створыць бесперапынны ланцужок, што дапаможа, захоўваючы прыродны біятоп, атрымліваць прадукцыю. А яе рэалізацыя, у сваю чаргу, дасць магчымасць далей праводзіць прыродаахоўную работу. Толькі за мінулы год прададзеная ў розных формах біямаса прынесла заказніку больш за 84 тысячы рублёў. Таксама дзякуючы праекту ў заказніку будзе створана сем працоўных месцаў (чатыры сталыя і тры сезонныя). Добрую тэндэнцыю назіраюць і адносна самой папуляцыі вяртлявай чаротаўкі — яе колькасць расце, птушка селіцца і на новых, ачышчаных тэрыторыях.

Для аднаўлення натуральных кармавых угоддзяў еўрапейскага зубра ў поймах рэк і на дэградаванай меліярацыйнай сістэме ва ўрочышчы Цякава ў заказніку «Налібоцкі» новая тэхніка дапаможа выдаліць хмызнякі і аптымізаваць гідралагічны рэжым. Тут плануецца аднавіць 490 гектараў лугавых угоддзяў, каб палепшыць умовы пражывання мікрапапуляцыі еўрапейскага зубра і зрабіць яе больш устойлівай.

— Каб зубры падчас пошуку корму не наносілі шкоды ўгоддзям сельгасарганізацый і мясцовых жыхароў, спрадвечныя для жывёл пашы аднаўляюцца як мага далей ад населеных пунктаў, у цэнтры пушчы, — расказаў дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» Васіль Гуркоў. — Работы, якія праводзяцца на тэрыторыі заказніка, ужо дазволілі аднавіць і падрыхтаваць да пасеву траў (кармавой базы для зубра) тэрыторыю ў 106 га, ачысціць ад драўнінна-хмызняковай расліннасці 46 га. А раслінная маса, нарыхтаваная падчас работ, стала кормам для беларускіх волатаў на зімовы перыяд.

— Будучыня Беларусі завязана на прыродзе, акрамя таго, тут ёсць добрыя тэхналогіі і цудоўны чалавечы патэнцыял, — адзначыў намеснік Пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Зак Тэйлар. — І калі складнікі злучаюцца, гэта робіцца вялікім рэсурсам для развіцця краіны.

Па яго словах, сёння і ў нас, і ў краінах ЕС усё больш прыходзяць да разумення, што прыродаахоўная работа павінна мець вельмі моцны эканамічны кампанент. Так, захоўваючы прыроду, можна забяспечыць развіццё мясцовых згуртаванняў у сельскіх раёнах, каб людзі мелі магчымасць працаваць на сваёй зямлі.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Навошта зубру... трактар?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.