Вы тут

Васіліса Марзалюк: У камандзе я васілёк


На ІІ Еўрапейскіх гульнях у спаборніцтвах па жаночай барацьбе нашу краіну будзе прадстаўляць заслужаны майстар спорту Беларусі Васіліса Марзалюк. Напярэдадні маштабнай падзеі яна распавяла пра тое, якое месца ў яе жыцці займае гэты алімпійскі від спорту.


Васіліса Марзалюк — чэмпіёнка I Еўрапейскіх гульняў па вольнай барацьбе

Якія асацыяцыі часцей за ўсё выклікае слова «барацьба»? Суперніцтва, перамога і паражэнне, сіла, падаўленне, агрэсія… А калі гаворка ідзе пра жаночую барацьбу? Адразу ўзнікае кагнітыўны дысананс. Бо стэрэатып жанчыны як слабога полу, якая мае патрэбу ў абароне, у нашых розумах яшчэ моцны. Хоць прадстаўніцы сучаснага грамадства ўжо не раз даказвалі адваротнае. Сярод іх — Васіліса Марзалюк — беларуская спартсменка-барэц, чэмпіёнка I Еўрапейскіх гульняў, шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы. У чэрвені яна зноў выйдзе на дыван у якасці ўдзельніцы ІІ Еўрапейскіх гульняў. Цікава, што і каму ў чарговы раз хоча даказаць гэтая прывабная дзяўчына?..

Зразумець смак барацьбы асабіста мне складана. Чаму сярод усіх відаў спорту, сярод якіх ёсць тыя, дзе ярка выяўлены «жаночы пачатак» (гімнастыка, напрыклад), дзяўчыне раптам хочацца зноў і зноў «адцягаць за валасы» сваю суперніцу? (Дарэчы, па правілах вольнай барацьбы гэтае рабіць катэгарычна забаронена. Як і наўмысна прычыняць фізічны боль. Тым не менш, без сінякоў, мякка кажучы, з дывана суперніцы ніколі не сыходзяць.) Пра гэта мне расказала сама Васіліса.

Сустрэцца з ёй аказалася цяжка, хоць гэта можна лёгка растлумачыць: усяго некалькі тыдняў засталося да пачатку ІІ Еўрапейскіх гульняў. Спартсменка ў пастаянных раз’ездах, на зборах, і ўбачыць яе можна хіба што на трэніроўцы. Сустрэліся мы ў зале барацьбы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі».

Я, канешне, разумела, што ўбачу дзяўчыну, па вонкавым выглядзе якой нельга будзе здагадацца, што яна — барэц. Бо здымкаў з Васілісай, дзе яна какетліва пазіруе на камеру, у інтэрнэце шмат. І ўсё ж такі я прыемна здзівілася, калі ўбачыла яе ў трэніровачным касцюме. Якая ў яе постаць!.. Чула, яе называюць «мядз­ве­дзі­цай», што і зразумела. Бо, як вядома, Аляксандр Мядзведзь — гонар нашага спорту. А я назвала б яе жанчына-кошка: да таго пластычна і мякка яна ўкладвае на лапаткі свайго праціўніка. Хаця, які там праціўнік? У абодвух — усмешкі на тварах, а рухі — асцярожныя, акуратныя…

Разумніца, прыгажуня, чэмпіёнка

— Васіліса, прыгожае ў вас, нават казачнае імя! Але з улікам спецыфікі занятку барацьбой, яго можна лёгка перарабіць на мужчынскі лад. Былі выпадкі?

— Так, спрабавалі неяк Васем называць. Але не прыжылося. У камандзе я васілёк, мне падабаецца: па-нацыянальнаму! А ў дзяцінстве крыўдзілася, калі гаварылі пра мяне — кот Васіль. Гэта была самая абразлівая мянушка.

— А мяне называлі «Аліска-сасіска» і не толькі. Таксама крыў­дзілася. Так, дзіцячыя ўспаміны — самыя яркія. Раскажыце пра сваю сям’ю.

— Тата быў інжынерам, ён заўсёды прытрымліваўся здаровага ладу жыцця, з дзяцінства нас з братам прывучаў ёгай займацца. Кожны дзень выконвалі комплекс Сур’я намаскар — прывітанне Сонцу. У яго было шмат кніг Пола Брэга. Сачыў за нашым харчаваннем, і чыпсы, розныя прысмакі, газіроўка — мяжа дзіцячых мараў — нам даставалася вельмі рэдка: па святах ці за нейкія асаблівыя заслугі. Калі я перайшла ў пяты клас, бацькі развяліся, мы засталіся з бацькам. Тата вельмі любіў хакей, але паколькі нарадзіўся ў вёсцы, магчымасці займацца ў яго не было. Таму хакеем займаўся мой брат. Мяне тата адпраўляў у самыя розныя секцыі: на фехтаванне, сінхроннае плаванне, гульнявыя віды спорту… Але нідзе я не прыжывалася. Дарэчы, перш за ўсё я танчыла. У класе 2–3-м займалася лацінаамерыканскімі танцамі. У мяне быў партнёр Раман — маё першае каханне. Аднойчы ён захварэў, а мы якраз рыхтаваліся да турніру. Прыйшлося прапусціць спаборніцтва. Я знервавалася настолькі, што потым некалькі месяцаў не займалася, а Рома стаў танцаваць з маёй суседкай. Калі вярнулася, мне далі хлопчыка Сашу — сапраўднага «бандыта». Мы, вядома, не станцаваліся, і ўсё «сошло на нет». Аднойчы, я тады вучылася, мусіць, у класе сёмым, да нас у школу прыйшлі трэнеры і сталі распавядаць дзяўчынкам пра перавагі жаночай барацьбы, пра тое, як выдатна, калі ўмееш за сябе пастаяць. У прынцыпе, мяне ніхто не крыўдзіў, але ў пэўны момант хлопчыкі пачалі дакучаць: тузалі за коскі ды ўсё ў такім духу. Тады жаночая барацьба была малавядомая ва ўсім свеце, і я вырашыла паглядзець, што гэта такое, паспрабаваць. Памятаю, прыйшло шмат людзей, але ўсе хутка адсеяліся, у канцы засталася толькі я.

— Чаму вы засталіся?

— У нас былі вельмі класныя трэнеры: Сяргей Рыгоравіч Шкрадзюк і Васіль Дмітравіч Крэзо. Яны стварылі моцны касцяк у камандзе. Мы па гэты час адчуваем сябе адной сям’ёй, стараемся пабачыцца адзін з адным за межамі залы. З многімі спартсменкамі ў мяне сястрынскія адносіны. Напэўна, калектыў паўплываў на тое, што я там засталася.

Вось такая яна, Васіліса, — розная

— Як бацька адрэагаваў на тое, што вы, нарэшце, спынілі свой выбар — на барацьбе?

— Я была флегматычным, марудлівым і вельмі ранімым дзіцем. Таму ён думаў, што гэта ненадоўга. Дарэчы, трэнеры гэтак жа думалі, не бачылі ўва мне перспектывы. У барацьбе патрэбна агрэсія, а я была занадта мяккая і жаноцкая. Але ніхто не ўлічыў адзін нюанс: я — перфекцыяністка. У школе мне трэба было ўсё зрабіць на «выдатна», і ў барацьбе хацелася дамагчыся таго ж. А яшчэ я была ўстойлівая: мяне спрабавалі паваліць, а я не падала. І працавітая — гэтым і ўзяла, даказала, што магу. У прынцыпе, як і любы старанны чалавек.

Узлом стэрэатыпаў

— Памятаеце свой першы выхад на дыван?

— Не, але памятаю свой пераломны момант. У нас у камандзе было 10 чалавек, мы рыхтаваліся да спаборніцтваў. Трэнер тады казаў: «Ірына, ты павінна змагацца вось так і так… Святлана — а ты вось гэтак. Каця, Юля — малайцы, вы павінны перамагчы. Васіліса… Ну… Табе мы ніякіх задач не ставім». Мяне гэта закранула. Не памятаю дакладна, як я ў той раз змагалася. Але было вельмі цяжка. У канцы зусім паплыла, ледзь на нагах стаяла, але я перамагла і на п’едэстале стаяла. Мне было важна даказаць трэнерам, што я таксама на нешта здольная. З таго моманту ў мяне пачалося сур’ёзнае спартыўнае жыццё.

— На чэмпіянатах свету і Еўропы вы заваёўвалі бронзу і серабро. На І Еўрапейскіх гульнях узялі золата. У вас дзве вышэйшыя адукацыі: фізкультурная — Белдзяржуніверсітэт фізічнай культуры і эканамічная — Міжнародны інстытут дыстанцыйнай адукацыі. Напэўна, усе сцены ў доме завешаны дыпломамі, узнагародамі, кубкамі, медалямі… Падлічваеце перамогі?

— Не. Толькі медалі збіраю з пачатку кожнага года. Потым іх складваю ў якую-небудзь сумку або адвожу да бацькоў. А з новага года ўсё абнуляю — зноў пачынаю збіраць медалі.

— На каго раўняецеся ў вялікім спорце?

— Калі я прыйшла ў барацьбу, нікога практычна не ведала. Вядома, акрамя Аляксандра Мя­дзведзя. У яго ёсць дзіцячы турнір «Медзведзяня» і такі ж дарослы. Гэта былі мае першыя спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню, на якіх я перамагала. Ён узнагароджваў мяне, натхняў, словы добрыя знаходзіў. Аляксандр Васілевіч такі ж «цяжкавагавік», як і я: катэгорыя да 76 кг лічыцца суперцяжкай вагой для жанчын. Гэта нас збліжала. А так у свеце барацьбы ёсць шмат людзей, якія мне падабаюцца сваім тэхнічным арсеналам, паводзінамі на дыване. Напрыклад, Бувайсар Сайціеў, Франк Чаміза, некаторыя японскія спартсменкі… І ў нас ёсць кім ганарыцца, каго ставіць у прыклад. Тая ж Дар’я Домрачава. А яшчэ нашы весляры, фрыстайлісты, гімнасты…

— Акрамя спорту яшчэ чым-небудзь захапляецеся?

— Маляванне мне заўсёды падабалася, я нават хадзіла на курсы ўжо  дарослаю. Шыць люблю. Хацелася б нешта сваё сканструяваць, але пакуль не хапае навыкаў у гэтай справе.

Схватка паміж Васілісай Марзалюк і Чжан Фэнлю, 2016 год

— А калі вам шыюць уніформу, уносіце свае прапановы ў дызайн адзен­ня?

— На жаль, не. Усё робіцца без майго ўдзелу. Быў нават такі непрыемны выпадак, калі на чэмпіянаце свету мне далі напаўпразрыстае трыко на два памеру меншае за мой — не было прымеркі. Спадзяюся, да Еўрапейскіх гульняў сітуацыя зменіцца.

— Спяваеце?

— О не! Я не эксперыментую, не хачу страціць сяброў. У школе спрабавала ў хоры спяваць — не спадабалася. Я кнігі люблю, класіку. Гарсія Маркеса, напрыклад. Наогул мне падабаецца Джонатан Сафран Фоер, ён пакуль яшчэ не класік. Я ўсе яго кнігі перачытала. Айн Рэнд падабаецца. Чытала яе бестселеры «Крыніца» і «Атлант расправіў плечы» — мой любімы твор. Наогул кніг шмат добрых, толькі ў многіх сюжэт драматычны або нават трагічны. А мне часам і сваіх праблем хапае. У гэтым выпадку youtube ратуе. Гляджу падкасты Джо Рогана — хачу быць больш эрудыяванай.

Жанчына, якая… б’е

— Васіліса, вы сказалі, што згуртаваная каманда паўплывала на ваш выбар застацца ў барацьбе. А ў ёй самой, як асобным відзе спорту, што прыцягвае?

— Мне падабаецца ў барацьбе разнастайнасць. Трэба валодаць вельмі многімі якасцямі: і хуткасцю, і спрытнасцю, і гнуткасцю, і сілай, і вынослівасцю. Гэта вельмі складаны від спорту і для разумення, у тым ліку. Я бачу ў ім яшчэ і творчы элемент. Трэба імгненна арыентавацца ў сітуацыі, хутка прыдумваць, як выйсці са складанага становішча, патрэбна кемлівасць, тактыка… Усе гэтыя навыкі мне дапамагаюць і ў паўсядзённым жыцці. Падабаецца тактыльная канкурэнцыя, узаема­дзеянне з супернікам: ты не можаш спадзявацца і думаць толькі за сябе. Трэба ўлічваць і прадбачыць рэакцыі суперніка.

— Што для перамогі больш важнае: сіла, цягавітасць, псіхалагічны настрой?..

— Кажуць: д’ябал у дэталях. Дробязяў тут не бывае. У кожнага ёсць свае моцныя і слабыя бакі. Трэба карыстацца сваімі перавагамі і правільна рэагаваць у выпадку няўдачы. Але, галоўнае — упэўненасць у сабе. Яна з’яўляецца ў выніку ўпартых трэніровак, правільнага ладу жыцця, разу­мення таго, хто ты.

— Я чула, што зыход схваткі вырашаецца яшчэ да яе пачатку: супернікі па поглядзе адзін на аднаго ўжо разумеюць, хто з іх пераможа. Ці праўда гэта?

— Думаю, не. Шэсць хвілін, здаецца, — маленькі час. Але на дыване ён доўжыцца бясконца. У жаночай барацьбе апошнія 10 секунд могуць вырашыць многае. У мяне так было: я не стала чэмпіёнкай свету, хоць вяла ўсю схватку. Апошнія 15 секунд усё змянілі. Тут трэба ўмець хутка арыентавацца. Напрыклад, выходзячы на паядынак, ты рыхтуеш нейкі прыём, а твой супернік наўмысна ставіць нагу так, што ты не можаш свой прыём выканаць. Тады прыходзіцца хутка цяміць, як далей весці паядынак.

Мужчынскае і жаночае

— Вы карысталіся сваімі прафесійнымі ўменнямі ў паўсядзённым жыцці?

«Тут праходзіць маё жыццё»

— Мне гэтае пытанне зада­юць усе журналісты! Скажу шчыра: з сярэднестатыстычным мужчынам жанчыне-барцу усё роўна будзе складана справіцца. Мужчына ёсць мужчына. Асабліва калі ён мае нейкае дачыненне да спорту. Была ў мяне сітуацыя, калі я не змагла сябе абараніць… Біцца не ўмею. Мне трэба, каб чалавек быў максімальна блізка, каб адчуваць яго. Калі ў дзяцінстве з братам высвятляла адносіны, ён, ведаючы маю асаблівасць, заўсёды трымаў мяне на адлегласці выцягнутай клюшкі. Бывалі выпадкі, суперніцы мяне спрабавалі вывесці з раўнавагі: за валасы тузалі або пальцы ламалі… Мне хацелася адказаць, але не атрымлівалася. Максімум што магу — таксама за валасы тузануць.

— Як гэта вы не можаце адказаць суперніцы ў паядынку на дыване?

— Ёсць такое паняцце — неспартовыя паводзіны: калі барэц выкарыстоўвае забароненыя прыёмы. Дык вось, суперніца, бывае, свядома парушае нейкае правіла. Адказаць гэтак жа — не па правілах, а чыста з пачуцця помсты — я не магу.

— Чула, жаночая вольная барацьба выклікае большую цікавасць у гледачоў, чым мужчынская. Чаму?

— Думаю, яна больш эмацыйная і непрадказальная. Я ўжо казала, што вельмі часта жанчыны вырашаюць зыход паядынку ў апошні момант. Літаральна за адну секунду. У нас так бывае: больш моцная спартсменка можа прайграць больш слабай, якая ніжэй узроўнем. Тут вельмі складана рабіць стаўкі. У мужчын прагнозы складаць лягчэй.

— Cярод прыхільнікаў у вас каго больш?

— Мужчын. Калі дзяўчаты, то падлеткі, амаль дзеці. Кантактую з імі з дапамогай інтэрнэту, але асабісты час, якога ў мяне вельмі мала, аддаю выключна сваім блізкім.

— Вы вельмі грацыёзна глядзіцеся на дыване, і нават калі не перамаглі, калі стаміліся ды яшчэ і з прыпухлым тварам — усё роўна горда трымаеце постаць. Свядома ствараеце такі вобраз альбо гэта ваш унутраны стан?

— Мне многія робяць такія кампліменты. Але я не актрыса, так само выходзіць. Напэўна, гэта мая сут­насць. На дыване пра тое не надта задумваешся…

— Ці не баіцеся непрыгожых  траўмаў?

— Баюся, вядома. Я ж дзяўчынка. Але пераломы і ўсё астатняе могуць быць у любым відзе спорту. З тварам, так, бывае шмат момантаў. Вось у мяне, бачыце, тут была рана. І сінячок яшчэ ёсць… Гэта пасля Міжнароднага турніру, прысвечанага выдатным украінскім барцам. Узяла золата. А 22 мая адлятаю ў Італію на рэйтынгавы турнір. Потым ужо будзе заключны этап падрыхтоўкі да ІІ Еўрапейскім гульняў… І кожны раз нейкі «штамп» на целе застаецца. Але я ўжо прывыкла да гэтага. Натуральна, часам гляджу на сябе з боку і не вельмі сабе падабаюся. Некаторыя ў сувязі з тым лічаць барацьбу нежаночым відам спорту. Маўляў, мы непрыгожа выглядаем у часе паядынку, позы неэстэтычныя. Калі я выйграла І Еўрапейскія гульні, стамілася тады да паўсмерці, мне патэлефанавала знаёмая і замест віншаванняў выказала меркаванне, як гэта непрыгожа глядзіцца, калі твар па дыване «размазваюць». Я тады нават расплакалася ад крыўды. Але пры ўсім пры тым мне падабаецца сама метамарфоза, якая адбываецца са мной, пераўвасабленне, калі я даю выхад свайму мужчынскаму пачатку. Бо ён жа ёсць у кожнай жанчыне! У жыцці я іншая. Хоць спорт накладвае адбітак. І бывае складана мець зносіны з мужчынамі, таму што прывыкла ўсё кантраляваць. А яны гэтага, як вядома, не любяць…

Усё жыццё — у спорце

— Як часта трэніруецеся і як потым знімаеце стрэс?

— Трэніруюся па 2 разы на дзень ад гадзіны да двюх. Максімум дзве з паловай. Калі набіраеш базу — у цябе нудныя доўгія трэніроўкі. Калі бліжэй да спаборніцтваў, то кароткія інтэнсіўныя. Трэнеры рэкамендуюць хадзіць у лазню, басейн, каб цягліцавыя болі зды­маць. Раней магла дазволіць сабе схадзіць у начны клуб. Цяпер больш аддаю перавагу здароваму сну, смачнай ежы. І зносінам з блізкімі, сябрамі ў ціхай спакойнай абстаноўцы.

— А ці шмат у вас сяброў?

— Я лічу, што для майго ўзросту — дастаткова. Маю зносіны выключна з дзяўчынкамі. Не веру ў сяброўства паміж мужчынам і жанчынай. Я думаю, што для такіх адносін павінна быць вельмі непрыгожая жанчына, а такое апрыёры немагчыма: кожны чалавек па-свойму прыгожы. А мае сяброўкі, так ці інакш, звязаныя са спортам. З адной — шахматысткай — я была ў адным класе ў Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Хтосьці з сябровак ужо завязаў з вялікім спортам і займаецца сваім бізнэсам.

— Якой вы бачыце сябе гадоў праз дзесяць?

— Такіх далёкіх прагнозаў яшчэ не рабіла… Мне пара сям’ю ства­раць. Калі пайду са спорту, займуся прадпрымальніцкай дзейнасцю. І яшчэ грамадскай, звязанай з барацьбой. Так я змагу аддзякаваць усім тым, хто паўплываў на маё паспяховае развіццё.

Гутарыла Аліса Гюнгер

Фота аўтара і з архіва Васілісы Марзалюк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».