Вы тут

Будні мінскага паштальёна


Гістарычна склалася, што паштальён у нашых краях — прафесія жаночая. Але ёсць з гэтага правіла і выключэнні. Напрыклад, у 36-м аддзяленні паштовай сувязі ў Мінску лісты, газеты і іншыя адпраўленні разносіць былы вайсковец Яўген Дарыенка. З ім па штодзённым маршруце паштальёна і прайшлі карэспандэнты «Звязды».


Гістарычна склалася, што паштальён у нашых краях — прафесія жаночая. Але ёсць з гэтага правіла і выключэнні. Напрыклад, у 36-м аддзяленні паштовай сувязі ў Мінску лісты, газеты і іншыя адпраўленні разносіць былы вайсковец Яўген Дарыенка. З ім па штодзённым маршруце паштальёна і прайшлі карэспандэнты «Звязды».

— Пятніца на пошце — гэта даволі напружаны дзень, — усміхаецца паштальён. — Перад выхаднымі збіраецца вельмі шмат лістоў. Ды і шмат газет выходзіць у пятнічным фармаце — асабліва тыя, якія змяшчаюць тэлепраграму.

Раён, дзе працуе Яўген Дарыенка, — гэта кварталы хрушчовак непадалёку ад мінскай станцыі метро «Грушаўка». Там жыве шмат пенсіянераў, якія не адмаўляюцца ад друкаванага слова. Імклівы рытм сталіцы тут амаль не адчуваецца. Ціхія і прасторныя двары спрыяюць таму, каб адначасова з дастаўкай паштовай карэспандэнцыі яшчэ і зарадзіцца добрым настроем падчас шпацыру.

— Во калі б вы прыйшлі а 7-й гадзіне раніцы, то ўбачылі б поўную сумку. Часам вага даходзіць да 8 кілаграмаў. І то гэта дзякуючы апорным скрыням, дзе кіроўцы пакідаюць частку газет, каб нам не даводзілася цягаць на сабе яшчэ большую вагу. А яшчэ няпросты дзень — панядзелак. У гэты дзень, як правіла, газеты не выходзяць. Але збіраецца шмат карэспандэнцыі — лістоў, дробных пакетаў і гэтак далей.

Яўген Дарыенка працуе на пошце крыху больш за год. Ён уладкаваўся сюды ў пачатку мінулага красавіка. Сам ён зараз на пенсіі.

— Было вельмі сумна сядзець дома без работы. Паступалі прапановы пайсці вучыцца на камп'ютарныя курсы. Але я адчуваю, што гэта не маё. Мне падабаецца гутарыць з людзьмі, прыносіць ім радасць. Таму я і прыйшоў на пошту. Праўда, спачатку наслухаўся добрых жартаў кшталту знакамітай сцэны з кінакамедыі Гайдая: «А дзе бабуля?» — «Я за яе». Непрыемна, праўда, калі нябесная канцылярыя прыносіць сюрпрызы ў выглядзе моцных ападкаў. А калі, як цяпер, свеціць сонца, то хадзіць па ўчастку заўжды ў радасць.

Паштальён неяк падлічыў, колькі ён праходзіць за дзень. Атрымалася недзе каля 20 кіламетраў. Рэч у тым, што раён у той мясцовасці падзелены на дзве няроўныя часткі: жылы сектар і прамысловую зону. А самая крайняя кропка ўчастка знаходзіцца наводшыбе. Гэта будаўнічае ўпраўленне ААТ «МАПІД». Каб туды трапіць, трэба прайсці праз мост. А паколькі юрыдычныя асобы вядуць даволі актыўную перапіску, то ў паштальёна і набягае такі кіламетраж. І тут вельмі дарэчы прыйшліся заняткі па страявой падрыхтоўцы.

Тым часам мы заходзім у адзін з пад'ездаў.

— О, адрамантавалі жыхары адной з кватэр замок! — радуецца Яўген Дарыенка. — Вось і атрымаюць газету вельмі хутка.

На наш запытальны позірк паштальён тлумачыць:

— Усе мы — і работнікі пошты, і звычайныя жыхары, — не раз сустракаліся з адчыненымі асабістымі паштовымі скрынкамі. На гэты конт існуе падрабязнае правіла. Калі мы гэта ўбачылі першы раз, то абавязаны падняцца ў кватэру, да якой гэтая скрынка адносіцца, і ўручыць адпраўленне з рук у рукі. А заадно і папярэдзіць, што наступны раз у паштовай скрынцы будзе не ліст або газета, а паведамленне пра тое, што карэспандэнцыя чакае на пошце. Гэта зроблена для дабра саміх жа жыхароў, каб іх перапіска не трапіла ў трэція рукі. Месцы, дзе адкрыты скрынкі, я ведаю на памяць. І што прыемна, дык тое, што большасць такіх пытанняў вырашаецца вельмі хутка: дастаткова прыйсці на пошту, аплаціць невялікую суму — кошт складае недзе каля 5 рублёў, — і слесар аператыўна паставіць замок.

За год працы Яўген Дарыенка пазнаёміўся з многімі жыхарамі Грушаўкі.

— Напрыклад, ёсць некалькі старых, якія не могуць перасоўвацца без хадункоў. Уявіце сабе, наколькі складана ім выйсці на вуліцу ў хрушчоўцы, дзе ліфта няма! Я гэтыя адрасы даўно вывучыў і прыношу карэспандэнцыю проста ў кватэру. Як жа прыемна бачыць радасць у вачах тых, каму ты дапамагаеш трымаць сувязь з вялікім светам!

А вось, напрыклад, заказныя лісты аддаю толькі пасля таго, як адрасат пакажа пашпарт, — для мяне, як для былога вайскоўца, парадак перш за ўсё. Вось толькі было складана спачатку прывыкнуць да таго, што дамы бываюць розныя — як 4, так і 5 паверхаў у вышыню. Хрушчоўкі ж тут у нас аднатыпныя, і таму па нумары кватэры можна адразу сказаць, які гэта пад'езд.

Праўда, у некаторыя з іх трапіць не вельмі і проста. Скажам, кампанія, якая абслугоўвае дамафон, змяніла код доступу і паведаміла пра гэта не адразу. А пошта чакаць не можа. У выніку гэта дастаўляе пэўныя нязручнасці.

З выкарыстаннем кодаў ёсць і казусы. Звычайна гэта камбінацыя з чатырох лічбаў, як пін-код на банкаўскай картцы. Але на вуліцы Лермантава ёсць адзін дом, дзе код дамафона чамусьці пачынаецца з лічбы, пасля якой трэба націснуць кнопку званка і ўвесці пасля гэтага яшчэ некалькі лічбаў. І ўсё б нічога, але гэты пад'езд... першы. А гэта значыць, што ў кватэру абавязкова пойдзе званок, нават калі туды сёння паштальён нічога і не нясе.

Яшчэ мы сутыкаемся з тым, што некаторыя людзі доўгі час не забіраюць дробныя пакеты. Часам іх збіраецца па пяць і болей штук. Любое адпраўленне захоўваецца месяц, а пасля будзе вернута адпраўніку. Але наш працоўны дзень і пачынаецца з таго, што мы правяраем усё тое, што засталося незапатрабаваным ад мінулых дзён, пакуль не прыйшла машына з новай поштай.

І тут мы ў адным з чарговых двароў сустракаем жанчыну, якая вітаецца з Яўгенам Дарыенкам.

— О, як добра, што я вас убачыла. Якраз на завод іду. Мне там нічога не прыходзіла?

— Ёсць сёе-тое. Але там заказныя лісты, таму патрабуецца пашпарт. Не магу без дакумента аддаць. Не хвалюйцеся, данясём усё ў тэрмін! — усміхаецца паштальён.

...Мы развітваемся з Яўгенам Дарыенкам у самым сэрцы Грушаўкі побач з дыспетчарскай станцыяй «Лермантава». Напрыканцы пытаемся пра тое, ці ёсць у паштальёнаў якія-небудзь прыкметы.

— Такіх спецыфічных і няма. Праўда, ёсць пару дамоў, куды жыхары носяць ваду з калонкі. На пустыя вёдры трапляў, але на мяне гэта не ўплывала. Ды і што прыкметы! Галоўнае, каб кожны чалавек быў на сваім месцы і з павагай адносіўся да іншых. Тады і свет будзе дабрэйшы.

Ва­ляр'­ян ШКЛЕН­НІК

Фота Таццяны ТКАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.