Вы тут

Дзе знайсці рэсурсы для аднаўлення душэўных сіл прыёмных бацькоў?


Прыемна, калі побач жывуць шчаслівыя людзі. Для адных шчасце — жыць у дастатку, для другіх — мець магчымасць падарожнічаць, для трэціх — быць запатрабаваным спецыялістам. Шчаслівы чалавек — хутчэй за ўсё той, хто рэалізаваў сябе. Проста ў кожнага сваё бачанне гэтай рэалізацыі.


Ёсць тыя, хто бачыць рэалізацыю ў сям'і і дзецях. Такія часта становяцца шматдзетнымі. Праўда, часам гэтым людзям дастаюцца не толькі шматпакаёвыя кватэры і льготы, але і асуджэнне іх выбару і пэўнае непаразуменне ў грамадстве. А калі чалавек раптам выбірае не толькі шматдзетнасць, але яшчэ і выхаванне чужых дзяцей, то «асаблівае стаўленне» можна атрымаць не толькі ў сацсетках, але і ў вочы.

Нехта не вытрымлівае ціску і адмаўляецца ад свайго выбару. Іншыя шукаюць шляхі пераадолення сваіх страхаў і знаходзяць спосабы ісці далей — абранай дарогай. Менавіта для іх у Мінскай вобласці прайшоў фестываль-форум «Сэрца аддаю дзецям». Больш за 180 чалавек прыехалі сюды, каб ушанаваць будучых пераможцаў.

— Сям'я — гэта шэдэўр прыроды, а да шэдэўраў ставіліся з трапятаннем ва ўсе часы, — сказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Соф'я ФІЛІСТОВІЧ. — Сёння сямейныя ўстоі забываюцца, расце колькасць дзяцей-сірот, моцных сем'яў становіцца ўсё менш. Таму так важна падтрымліваць людзей, гатовых паклапаціцца пра тых, хто застаўся без блізкіх. Конкурс якраз накіраваны на тое, каб паказаць, наколькі важная роля замяшчальных бацькоў. Гэтыя людзі звязалі свой жыццёвы шлях з дзецьмі, якія страцілі блізкіх, і ўжо на прафесійнай аснове займаюцца іх рэабілітацыяй і выхаваннем.

Больш за 300 сем'яў удзельнічалі ў першым этапе конкурсу. У фінал выйшла 25 з іх — яны прадставілі ўсе раёны Мінскай вобласці. Журы конкурсу вызначыла шэсць сем'яў, якія і сталі ўдзельнікамі ўжо вочнага тура. Тры сям'і прадстаўлялі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (у такіх выхоўваюцца ад пяці да 10 дзяцей) і яшчэ тры — прыёмныя сем'і (выхоўваюцца да чатырох дзяцей).

Сем'і-фіналісты паказалі на сцэне членам журы і гледачам візітную картку «Мы шчаслівыя разам», якая стала апошнім конкурсным выпрабаваннем. Бацькі выступалі разам з дзецьмі, хваляваліся, перажывалі і, канешне, атрымалі шмат эмоцый і дружную падтрымку зала.

— Мы першы раз удзельнічаем у такім мерапрыемстве, — падзялілася ўражаннямі маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу ўпраўлення адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Вольга ШЧУРСКАЯ. — У раёне занялі першае месца і вось аказаліся тут. Вельмі рады. А спачатку не хацелі — дома і так хапае клопату. Але потым мы з мужам падумалі і вырашылі, што гэты конкурс згуртуе нашу сям'ю. Ну самі ўявіце, — калі яшчэ разам будзем вучыць вершы, прыдумляць нейкія сцэнкі і здымаць відэа?.. Усё гэта вельмі весела, мы шмат смяяліся і перажывалі, а ўрэшце сталі сапраўднай камандай.

Акрамя творчага конкурсу, прыёмныя бацькі прайшлі тэст на веданне нарматыўных прававых дакументаў. Задача дарослых — не проста любіць сваіх падапечных, але і абараняць іх правы і інтарэсы.

У выніку пераможцамі ў катэгорыі «Дзіцячы дом сямейнага тыпу» стала сям'я Барытоль з Салігорскага раёна, другое месца заняла сям'я Гудкоўскіх са Старых Дарог і трэцяе месца — сям'я Шчурскіх з Маладзечанскага раёна.

У катэгорыі «Прыёмная сям'я» пераможцамі стала сям'я Сергіевіч са Стаўбцоўскага раёна, другое месца — у сям'і Савіч з Чэрвеньскага раёна, а трэцяе месца — у сям'і Кузміных з Нясвіжскага раёна.

Але гэтыя сем'і ехалі сюды не толькі па перамогу. Фестываль даў магчымасць сабрацца разам аднадумцам. Людзі дзяліліся сваім асабістым досведам у выхаванні дзяцей, арганізацыі будняў, адкрыта гаварылі аб «прафесійным выгаранні» прыёмных бацькоў і праблеме ўладкавання малых з інваліднасцю ў сем'і...

Псіхолагі-педагогі з прыватнай сацыяльна-педагагічнай установы адукацыі «SОS — дзіцячая вёска Бараўляны» арганізавалі для ўсіх удзельнікаў інтэрактыўныя пляцоўкі, на якіх паказвалі новыя спосабы палепшыць эмацыянальны стан у сем'ях. Падчас «Пясочнай тэрапіі» людзі знаёміліся з метадам зняцця эмацыянальнага напружання, падчас «Арт-тэрапіі» вучыліся пераадольваць стрэс і гарманізаваць асабістую прастору. Яшчэ былі пляцоўкі «Музыкатэрапія», «Работа з цялеснымі імпульсамі», «Дыягностыка прафесійнага выгарання», а таксама «Работа з асацыятыўнымі метафарычнымі картамі», дзе кожны змог ацаніць свае ўнутраныя перажыванні і асэнсаваць свае рэсурсы.

Сям'я Шчур­скіх  з Ма­ла­дзе­чан­ска­га  ра­ё­на.

Форум наведалі і эксперты. Напрыклад, на пляцоўцы «Права на права» адвакат і натарыус кансультавалі па пытаннях абароны маёмасных і жыллёвых правоў дзяцей, на пляцоўцы «Здароўе дзяцей — клопат дарослых» можна было задаць пытанні спецыялістам аховы здароўя.

— Такія мерапрыемствы неабходны, — лічыць бацька-выхавацель Сяргей ШЧУРСКІ. — Тут можна адчуць, што цябе прымаюць такім, які ты ёсць. А конкурс і падрыхтоўка да яго будуць добрым і цёплым успамінам для нас і нашых дзяцей на ўсё жыццё.

Да слова, у сям'і Шчурскіх іх дзесяць. Рашэнне стаць выхавацелямі дзіцячага дома сямейнага тыпу яны прынялі пяць гадоў таму. Але тады іх ніхто з блізкіх і сяброў не падтрымаў. Многія нават адгаворвалі. Маладыя людзі вагаліся, хоць іх сэрца даўно зрабіла выбар, заставалася толькі перамагчы страх і прыняць рашэнне... Канешне, былі потым і крызісныя моманты, але дзякуючы спецыялістам іх удалося пераадолець.

— Нам проста пашанцавала, — упэўнена Вольга. — Нам тады дапамаглі спецыялісты па апецы, нас падтрымалі і ў школе, і нават суседзі. Паверце, такія простыя рэчы, як мех яблык восенню і добрае слова, надаюць сіл.

Сёння ў Мінскай вобласці створаны 42 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, у якіх выхоўваюцца 287 дзяцей, і 380 прыёмных сем'яў з 672 дзецьмі.

— Канешне, існуюць праблемы, аб якіх неабходна гаварыць, — лічыць Соф'я Філістовіч. — Грамадству бывае цяжка зразумець паводзіны дзяцей, якія атрымалі траўму страты родных бацькоў. Часта мы назіраем пэўнае непрыманне малых з прыёмных сем'яў у школах і садках. Фестываль-форум «Сэрца аддаю дзецям» накіраваны на тое, каб адкрыта, канструктыўна і прафесійна паглядзець на падобныя праблемы. Мы хочам, каб людзі разумелі: не кожная сям'я возьме на сябе клопат выхавання траўмаваных дзяцей з няпростым лёсам. Многія дзеці ў такіх сем'ях аднаўляюцца і вырастаюць добрымі людзьмі. Таму важна падтрымаць іх маральна, навучыць спраўляцца з крызіснымі сітуацыямі і знаходзіць рэсурсы для аднаўлення душэўных сіл.

Арганізатарам мерапрыемства, якое на Міншчыне праводзіцца другі раз, выступіла галоўнае ўпраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, суарганізатарамі — Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Міжнародная грамадская арганізацыя «SОS — дзіцячыя вёскі», а таксама рэспубліканская грамадская арганізацыя «Беларускі дзіцячы фонд».

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Ім патрэбна падтрымка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.