Вы тут

Новы будынак аўтавакзала адкрылі ў Брэсце


Брэст сустракае свой значны юбілей увядзеннем у строй новых прыгожых і значных аб'ектаў. Шмат людзей сабралася на новым аўтавакзале. Акрамя пасажыраў сюды прыйшлі прадстаўнікі грамадскасці, гараджане, будаўнікі. Кампанія «Палессежылбуд» спраектавала і ўзвяла тэрмінал даволі хутка — за год. І цяпер прыгожы будынак са шкла і бетону ў стылі мадэрн стаў яшчэ адным упрыгажэннем горада.


Новы аўтавакзал размяшчаецца побач з чыгуначным вакзалам, што вельмі зручна для пасажыраў, гасцей горада, шматлікіх турыстаў.

Ранейшы аўтавакзал, узведзены ў 1963 годзе ў цэнтры горада, стаў яго гісторыяй. У ноч на 28 мая ўсе службы пераехалі ў новы будынак, і вакзал змяніў сваю дыслакацыю. Яго прапускная здольнасць — да сямі тысяч пасажыраў. Транспарт прымаюць 13 пасадачных платформ. Цэнтральная частка пабудовы адведзеная пад залу чакання. У адным крыле знаходзяцца білетныя касы, у другім — кафэ, туалеты, камеры для багажу. На прывакзальнай плошчы размяшчаецца паркоўка на 88 месцаў. Інфармацыйныя стэнды і шыльды аформлены на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Павіншаваць брастаўчан са знакавай падзеяй прыехаў прэм'ер-міністр краіны Сяргей РУМАС:

— Брэст актыўна рыхтуецца да тысячагоддзя. У адпаведнасці з распараджэннем кіраўніка дзяржавы да юбілею пабудавана ўжо 15 і будуецца яшчэ 13 аб'ектаў інфраструктуры. Аблічча горада змяняецца на вачах. Узводзяцца масты, прыводзяцца ў парадак дарогі, добраўпарадкоўваюцца паркі, з'яўляюцца новыя сацыяльныя аб'екты. Сёння ў вас чарговае наваселле. Цяпер жыхароў горада і гасцей будзе праводзіць у дарогу і сустракаць прыгажун-аўтавакзал. Ён стане яшчэ адной візітнай карткай абласнога цэнтра, які з'яўляецца заходняй брамай краіны. Вакзал атрымаўся дастойным. Нездарма ж яго праект быў прызнаны адным з найлепшых на нацыянальным архітэктурным фестывалі, — адзначыў прэм'ер-міністр і выказаў падзяку архітэктарам, будаўнікам, усім, хто меў дачыненне да стварэння гэтага цудоўнага аб'екта.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС падкрэсліў зручнасць размяшчэння вакзала, яго функцыянальнасць, блізкасць да новага Заходняга абходу, які хутка ўвойдзе ў строй. Губернатар выказаў упэўненасць, што новую транспартную інфраструктуру ацэняць як гараджане, так і госці.

Сімвалічны ключ ад вакзала ўручыў гаспадарам генеральны дырэктар ААТ «Палессежылбуд» Анатоль ПЯТРЫНІЧ.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: У добры шлях!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Што такое каранавірус і чым ён небяспечны

​Што такое каранавірус і чым ён небяспечны

Хто ў групе рызыкі і як лячыць інфекцыю?