Вы тут

Якія таямніцы раскрывае генетычная экспертыза


«Гэты рэактыў дзейнічае аднолькава добра незалежна ад таго, свежая кроў ці не. Калі б ён быў адкрыты раней, то сотні людзей, што цяпер разгульваюць на свабодзе, даўно б ужо расплаціліся за свае злачынствы». Гэтыя словы належаць бессмяротнаму герою Артура Конан Дойля Шэрлаку Холмсу, які, па сюжэце твора «Эцюд у барвовых тонах», вынайшаў рэактыў, што дазваляў высветліць, утварылася пляма ад крыві ці ад нейкага напою. З канца ХІХ стагоддзя, калі пісаліся гэтыя радкі, мінула шмат гадоў.


У кастрычніку 1953 года было абвешчана, што адкрыта малекулярная структура ДНК. Гэта адкрыццё зрабіла рэвалюцыю не толькі ў біялогіі, але і ў сумежных з ёй сферах. Адной з іх стала і судова-біялагічная экспертыза.

— Зараз генетычная экспертыза выкарыстоўваецца падчас расследавання практычна ўсіх відаў злачынстваў, пры здзяйсненні якіх чалавек мог пакінуць свае біялагічныя сляды, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення судова-біялагічных экспертыз, начальнік аддзела генетычных экспертыз ДКСЭ Вікторыя Корбан. — Біяматэрыялам можа стаць што заўгодна — кроў, сліна, валасы, часцінкі скуры, адбіткі пальцаў... А яшчэ яна дапамагае расставіць кропкі над «і» датычна падзей, якія адбываліся не адно дзесяцігоддзе таму. Цяжка ўявіць сабе, што судовай генетыцы ўсяго толькі чвэрць стагоддзя. Мне ўдалося знайсці ў архіве адну з самых ранніх экспертыз, за студзень 1994 года, у якой я прымала ўдзел. Тая экспертыза датычылася высвятлення радства. І калі да 1996 года такія даследаванні былі адзінкавыя, то цяпер іх праводзіцца штогод каля 15 тысяч.

Адзін з найважнейшых кірункаў працы судовых генетыкаў — раскрыццё цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў мінулых гадоў. Гэта ні ў якім разе не камень у агарод тагачаснага следства. Экспертызы былі выкананы на належным узроўні, але... адносна таго часу, калі яны праводзіліся. Многіх метадаў, праграмных комплексаў і прыбораў, якія ўзяты на ўзбраенне генетыкамі зараз, тады не існавала ў прыродзе. Дакладнасць аналізу таксама павялічылася. Параўнаць гэта можна з эвалюцыяй камп'ютарнай тэхнікі — магчымасці перадавых машын 1990-х зараз у большасці людзей выклічуць хіба што ўсмешку. І, акрамя таго, быў створаны банк даных генатыпаў. Такім чынам, старыя экспертызы чымсьці нагадваюць міну запаволенага дзеяння датычна злачынцы. Калі яна спрацуе — невядома нікому. А як вядома, адзін з галоўных прынцыпаў юрыспрудэнцыі — непазбежнасць пакарання за зробленае. Так, за 2018 год такіх экспертыз было зроблена больш за 300.

— У 1999 годзе ў адным з раённых цэнтраў Брэсцкай вобласці быў знойдзены труп непаўналетняй дзяўчынкі з ранамі ў вобласці шыі і прыкметамі згвалтавання, — згадвае Вікторыя Корбан. — Доўгі час злачынства было нераскрытым. Але ў пачатку 2017 года следчыя вырашылі перагледзець усе дакументы і рэчавыя доказы, якія былі сабраны па гэтай крымінальнай справе. Экспертызу прызначылі ў наш аддзел. Дзякуючы вельмі карпатлівым даследаванням удалося высветліць генатып злачынцы па слядах, якія ён пакінуў. Але хто менавіта згвалтаваў і забіў дзяўчынку, так і заставалася невядомым. Аднак цяпер паўза аказалася вельмі нядоўгай. Літаральна праз паўгода ішла праверка людзей у прыналежнасці да новага злачынства. І... адбылося так, што генатып супаў. Праверылі некалькі разоў, але камп'ютар упарта паказваў адзін і той жа вынік. Расследаванне той справы было адноўлена, і летась яе перадалі ў суд.

Другі паказальны выпадак датычыцца вельмі цяжкага злачынства, здзейсненага яшчэ ў 1991 годзе. Быў знойдзены труп васьмігадовай дзяўчынкі ў адным з абласных цэнтраў Беларусі. У той час судовая генетыка ўжо пачала пакрысе пранікаць у СССР. Але экспертызы былі адзінкавымі і праводзіліся толькі ў Маскве. Узоры біяматэрыялаў адпраўляліся і туды, і ў ФРГ, дзе развіццё генетыкі ішло сямімільнымі крокамі. Але нічога, што магло б зацікавіць следства, знойдзена, на жаль, не было. У 2016 годзе экспертыза па рэчавых доказах зноў даследавала тое, што засталося ад узятых проб. Быў атрыманы генатып двух мужчын, які супаў з тымі, што меліся ў базе.

— Тут трэба адзначыць адзін істотны момант, — кажа Вікторыя Корбан. — Справа ў тым, што раскрыццё злачынстваў, учыненых дзесяцігоддзі таму, дзеліцца на два кірункі. Першы з іх — работа з дакументамі. Скажам, быў адабраны біяматэрыял, высветлены генатып чалавека, але ідэнтыфікаваць, хто гэта, немагчыма. Але хто ведае, ці не адбудзецца супадзенне пры паступленні новых матэрыялаў?

Другі кірунак — гэта калі экспертыза перарабляецца нанова з улікам новых тэхнічных магчымасцяў. Праўда, тут ёсць адзін вельмі важны нюанс. Працаваць са старымі рэчавымі доказамі вельмі складана. За дзесяцігоддзі разбураецца сама ДНК, час не шкадуе матэрыялы, на якіх яна знаходзіцца. Ды і самога матэрыялу пасля ранейшых даследаванняў застаецца, як правіла, няшмат. Але вынікі гэта ўсё ж прыносіць.

Генетыкам даводзіцца працаваць і тэрмінова, асабліва калі злачынства раскрываецца па гарачых слядах.

— 29 снежня 2017 года ў Мінску быў знойдзены труп пажылой жанчыны, — згадвае суразмоўца. — Злачынца ўдарыў яе нажом у пад'ездзе і абрабаваў. Гэта адбылося ў апошні працоўны дзень года, калі работа лабараторыі ўжо згортвалася. Але падчас агляду былі знойдзены ножны ад кінжала. На наступны дзень эксперт прыйшоў у лабараторыю і за дзень высветліў генатып чалавека, які трымаў ножны. Дзякуючы гэтаму атрымалася выйсці на падазраванага.

Трэба адзначыць, што візуальны кантроль зараз зведзены да мінімуму, цяпер усю ступень супадзення выдае камп'ютар. Стапрацэнтнага падабенства не можа існаваць у прыродзе. Але сучасныя методыкі дапускаюць верагоднасць выпадковага супадзення з імавернасцю, якая вымяраецца лікам 10 у ступені мінус 22. Дастаткова сказаць, што за ўсю гісторыю Зямлі на ёй жыло куды менш людзей.

Разам з тым судовыя генетыкі займаюцца не толькі даследаваннямі, звязанымі з крымінальнымі справамі. Напрыклад, яны таксама высвятляюць бацькоўства.

— Даводзіцца назіраць і за трагікамедыямі чалавечага жыцця, — заўважае эксперт. — Напрыклад, легендай стала жанчына, якая не магла высветліць, хто з двух мужчын з'яўляецца бацькам яе сына. Мушу зрабіць рэмарку, што без судовай пастановы мы можам займацца генетычнай экспертызай на платнай аснове для ўсіх ахвотных, але выключна на аснове асабістай заявы. І аказалася, што насамрэч бацькам малога... не з'яўляецца ніводны з двух, так бы мовіць, прэтэндэнтаў. Можаце толькі ўявіць сабе іх эмоцыі... Увогуле, калі ўзяць справы датычна бацькоўства (а іх ужо пяцьсот), то аказваецца, што прыкладна кожная шостая экспертыза паказвае, што тата не той... Але гэта датычыцца толькі тых, хто мае сумненні ў сваім бацькоўстве.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота з сайта sudexpert.gov.by

Загаловак у газеце: ДНК раскрывае сакрэты

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.