Вы тут

Аблокі так высока…


Да вытокаў, да вытокаў

Мы вяртаемся штодзень,

Бо аблокі так высока

Больш не плаваюць нідзе.

Мы на лес глядзім вячысты,

Светлай солімся вадзе,

Бо душа такою чыстай

Не бывае больш нідзе.

Ад былінкі да дзяўчынкі

Свет напоўнены красой:

То засвеціцца смяшынкай,

То расчуліцца слязой…

Алесь Пісьмянкоў


Каля памятнага знака ў Бялынкавічах

У горадзе Касцюковічы Магілёўскай вобласці адбыўся V рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». Свята беларускага паэтычнага слова традыцыйна наведалі госці з розных раёнаў Магілёўскай вобласці і наогул Беларусі, а таксама Смаленскай вобласці Расіі.

Прысутных чакала святочная канцэртная праграма «Песні роднай зямлі»; вечар паэзіі і музыкі «Крыніцы душы»; вячэрняя эстрадна-забаўляльная праграма. Пра «Літаратурную спадчыну Касцюкоўшчыны» распавядала музейная выставачная экспазіцыя, бібліятэчныя сеткі раёнаў Магілёўскай вобласці зладзілі «Літаратурнае падарожжа па старонках пісьменcтва роднага краю» з прэзентацыямі кніг.

Свята ладзіцца ў памяць пра паэта Алеся Пісьмянкова, якога нарадзіла і ўзрасціла касцюковіцкая зямля. Удзельнікі здзейснілі краязнаўчую аўтавандроўку ў вёску Бялынкавічы, на малую радзіму паэта, дзе размешчаны гісторыка-культурны аб’ект «Пісьмянкоў луг». На велізарны камень як знак непарушнасці паэтычнага беларускага слова ўсклалі жывыя кветкі. Тут ганаровыя госці ўзялі ўдзел ў літаратурна-музычнай кампазіцыі «Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!». У чароўным куточку Беларусі з вуснаў навучэнцаў вясковай школы гучалі вершы Алеся Пісьмянкова. Пранікнёна адазваліся словы яго сяброў і калег па пяры Аляксандра Бардоўскага, Віктара Патапенкі. У гэты момант на чыстым блакітным небе сталі кружыць два буслы. Сама прырода нагадала, што Алесь побач з намі, але жыве ў вершах і песнях.

У дзіцячай школе мастацтваў адбыліся пісьмянкоўскія паэтычныя чытанні «У родным слове цэлы свет» з удзелам ганаровых гасцей свята, членаў Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Аляксандрам Казекам. Прачыталі свае вершы Уладзімір Ясеў, Валянціна Габрусева, Вольга Бялова, Мікола Леўчанка, Наталля Азаранка. Сваімі думкамі падзяліліся госці свята і маладыя паэты.

Напрыканцы свае ўзнагароды атрымалі пераможцы конкурсаў паэзіі і аўтарскай песні, удзельнікі выставак дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і бібліятэчных імпрэз-прэзентацый. Цёплая атмасфера натхніла мясцовых жыхароў, якія шануюць, зберагаюць і памнажаюць літаратурную спадчыну раёна.

Наталля АЗАРАНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».