Вы тут

У Віцебскай вобласці ўзровень беспрацоўя летась не перавышаў 0,4 %


Калі аналізаваць сітуацыю ў асобных рэгіёнах вобласці, найбольш праблемны — Віцебск. У абласным цэнтры колькасць зарэгістраваных беспрацоўных складала 605. Далей ідуць Аршанскі раён — 327 чалавек, Наваполацк — 245, Полацкі раён — 229.


Дарэчы, як паведамілі ў Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, сёння на кожнага беспрацоўнага прыходзіцца тры вакансіі.

І канешне, адна з задач мясцовай улады — паспрыяць, каб усе жыхары раёна, якім дазваляюць узрост і здароўе, працавалі.

У Оршы і наваколлях, як вядома, актыўна праводзіцца «перазагрузка» ў рамках адпаведнага ўказа і даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Зразумела, што вялікая ўвага аддаецца стварэнню новых працоўных месцаў. Акцэнт робіцца на адпаведныя патрэбам часу, на якіх магчыма зарабляць добра, а яшчэ лепш — вельмі добра.

Каб рэанімаваць стратныя прадпрыемствы, іх далучаюць да холдынгаў. У прыватнасці, сёлета аршанскі інструментальны завод стаў часткай МТЗ. Нядаўна там упершыню арганізавалі Дзень адчыненых дзвярэй.

Як адзначыў у размове з карэспандэнтам «МС» першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац, такія акцыі — вельмі добрая рэклама для прадпрыемстваў, дзе ёсць кадравы голад. Хутка распачнуцца ўступныя кампаніі ў каледжы, ВНУ. І ў будучых абітурыентаў ёсць магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць завод, фабрыку, дзе яны, магчыма, будуць працаваць.

Між іншым, нешта аналагічнае практыкавалася ў савецкія часы. Тады вучняў 8 і 10 класаў праводзілі за прахадную, каб тыя маглі вызначыцца, ці хочуць у мантажнікі электравырабаў, кіроўцы трамвая, сувязісты і г.д.

Сяргей Пац удакладніў, што, каб на інструментальным заводзе хапала не проста кадраў, а высокакваліфікаваных, у профільным каледжы павялічаць набор на падрыхтоўку аператараў станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем.

У навучальнай установе сёлета створаны рэсурсны цэнтр. Там ёсць магчымасць павысіць кваліфікацыю, не адстаць ад часу, каб абслугоўваць новыя станкі.

Дырэктар аршанскага інструментальнага завода холдынга МТЗ Віталь Манкевіч не ўтойвае, што кадры ў дэфіцыце. Ён адзначыў, што гатовы працаўладкаваць усіх ахвотных. Але, канешне, у першую чаргу неабходны фрэзероўшчыкі, прадстаўнікі іншых станочных спецыяльнасцяў. На жаль, моладзь не жадае ісці працаваць за станок. Так, у каледжах рыхтуюць токараў, шліфоўшчыкаў, але пасля адпрацоўкі з дваццаці-трыццаці чалавек у найлепшым выпадку застаюцца працаваць адзін-два. Сыходзяць у розныя сферы: гандлю, транспарту, а хто ў войска... Пры гэтым на заводзе на ўмовах здзельнай аплаты працы і малады рабочы можа зарабляць да паўтары тысячы рублёў. Але, каб стаць добрым спецыялістам, бывае неабходна гадоў пяць. Толькі тады з упэўненасцю можна сказаць наконт таго, ці ёсць у станочніка талент.

Дарэчы, на прадпрыемстве ёсць прафесіяналы, якія вельмі добра зарабляюць, працуючы адначасова на некалькіх станках. Напрыклад, адразу на чатырох. Гэта шматстаночнае абслугоўванне, бадай, можна параўноўваць з майстэрствам жанглёра. Адпаведна павышаецца прадукцыйнасць, якасць на неабходным узроўні, падае сабекошт прадукцыі. На прадпрыемстве такое заахвочваецца.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк таксама завітаў у Дзень адкрытых дзвярэй на інструментальны завод. Ён адзначыў, што насамрэч даўно прыйшоў час рэкламаваць рабочыя спецыяльнасці. Згадаў, што пачаткоўцы ў прафесіі могуць узяць удзел у міжнародных чэмпіянатах WorldSkіlls, якія праводзяцца раз на два гады ў розных краінах. І мэта выпрабаванняў — вызначыць найлепшых прадстаўнікоў рабочых прафесій. Моладзь павінна не баяцца заводскіх варот. Наадварот, прадпрыемствы з новым абсталяваннем, тэхналогіямі, зразумела, пры гэтым з годнымі ўмовамі працы, — гарантыя стабільнасці і дастатку. Суразмоўнік выказаў упэўненасць у тым, што ва ўстановах адукацыі павінны ўлічваць патрэбы рынку працоўнай сілы. І вучыць трэба таму і так, каб сёння — у час хуткасных, фантастычных змен у вытворчасці — кадры былі адпаведнымі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Неабходны талент... фрэзероўшчыку!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».