Вы тут

У Хоцімскім раёне заахвочваюць людзей працаўладкоўвацца


Хоцімскі раён не можа пахваліцца буйнымі прадпрыемствамі і вялікімі сельскагаспадарчымі холдынгамі. Але напружанай сітуацыі на мясцовым рынку працы, сцвярджаюць прадстаўнікі мясцовай улады, тут няма. Галоўнае, каб у самога чалавека было жаданне заняцца справай.


Вучоба для ахвотных пачаць новае працоўнае жыццё.

Ёсць работа нават для безнадзейных

Узровень беспрацоўя ў Хоцімскім раёне складае 0,4 %. «І за апошнія некалькі гадоў гэта лічба практычна не мянялася», — удакладняе начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Хоцімскага райвыканкама Алена Барадэнка. На пачатак гэтага тыдня ў раёне было больш за сто вакансій, прычым не хапае ў асноўным спецыялістаў — ветурачоў, інжынераў, эканамістаў, заатэхнікаў. Але ёсць і такія вакансіі, дзе дастаткова агульнай сярэдняй адукацыі: сакратар, прадавец, швачка, гардэробшчык, рабочы па комплекснай уборцы, жывёлавод. І зарплаты не самыя малыя. «Такога, каб людзі атрымоўвалі ніжэй за 400 рублёў, у нас няма», — заўважае Алена Барадэнка.

Вядома, ёсць людзі, якія не ў курсе, што знайсці работу ў раёне не праблема. Таму тутэйшая камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва ідзе насустрач.

— Для нас няма невырашальных задач, — кажа яе кіраўнік, старшыня райсавета дэпутатаў Яўген Нікалаенка. — У камісію ўваходзіць 32 чалавекі — прадстаўнікі самых розных службаў. І чалавек, які прыходзіць да нас, атрымлівае адказы на ўсе свае пытанні ў комплексе — і па пенсіях, і па падатках, і па сацыяльных ільготах... Некаторыя, каб апраўдаць сваю бяздзейнасць, пачынаюць скардзіцца, што іх нідзе не бяруць на работу, што на прыём да ўрача цяжка трапіць, што ў іх няма ніякай спецыяльнасці. Не можаш трапіць на прыём да ўрача? Падымаецца ўрач і здымае гэта пытанне. Няма спецыяльнасці? Тут жа прапануем варыянты.

— Аднойчы на камісію прыйшоў малады чалавек. Нідзе не працаваў, жыў за кошт бацькі. Сталі з ім размаўляць, і высветлілася, што ён умее рамантаваць машыны і ёсць жаданне заняцца гэтай справай, — расказвае Алена Барадэнка. — Мы яму расказалі, як адкрыць сваю справу, як плаціць падаткі, як весці бізнес. І ён зразумеў, што гэта не так складана, як здавалася на першы погляд. Зарэгістраваўся ў якасці прадпрымальніка і працуе. Жылкамгас выдзеліў яму памяшканне ў арэнду.

Старшыня дае парады Валерыю Гушчу.

— Існуе такое прадузятае меркаванне, што займацца сваёй справай вельмі рызыкоўна, — кажа старшыня райсавета. — Даводзіцца пераконваць людзей, казаць, што гэта, наадварот, дае магчымасць падыходзіць да справы творча, быць, як той казаў, незалежным. Чым больш чалавек будзе перажываць за сваю справу, тым больш будзе яго жаданне застацца тут і развівацца. Людзі бяруцца, і ў іх усё атрымліваецца.

Знаходзіцца работа нават для самых безнадзейных. Члены камісіі згадваюць, як да іх аднойчы прыйшоў мужчына з чамаданамі. Ён вызваліўся з турмы, дзе правёў дзесяць гадоў. Вярнуўся дамоў, а жыць няма дзе і ў кішэні пуста. У выніку адзін фермер, а такіх людзей таксама запрашаюць удзельнічаць у камісіі, прапанаваў ісці працаваць да яго. Яму якраз былі патрэбны падсобныя рабочыя. Выдзеліў небараку домік, забяспечыў прадуктамі і нават цыгарэтамі.

Камісія, дарэчы, не адзіны ў раёне спосаб працаўладкавацца. Шмат хто знаходзіць работу па лініі службы занятасці. Ахвотныя пачаць сваю справу атрымліваюць субсідыю. У сельскай мясцовасці яна складае 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, у гарадской — 11. Сёлета двое скарысталіся такой магчымасцю. Адна з іх — шматдзетная маці. Яна родам з Мінска, але лёс склаўся так, што ў яе біяграфіі былі і судзімасць, і складаныя сямейныя выпрабаванні. Зараз яна адна выхоўвае чатырох дзяцей. Кім толькі не працавала, але больш за ўсё ёй падабалася шыць. У выніку вырашылася на самастойную дзейнасць. З дапамогай раённай службы занятасці падрыхтавала бізнес-план і атрымала субсідыю.

На ўліку камісіі і тыя, хто працуе за межамі краіны.

— Высвятлялі гэта далікатна, каб не крыўдзіць людзей, — адзначае Алена Мікалаеўна. — Тым, хто не працуе, давядзецца ж за камуналку ў стапрацэнтным памеры плаціць. Тлумачылі, што, каб гэтага пазбегнуць, трэба або ісці працаваць у нас, або прынесці даведку, што ёсць работа за межамі краіны. І жыхары прыносяць. Шмат хто ездзіць у Расію, але ёсць такія, што зарабляюць грошы ў Казахстане, Польшчы і нават Турцыі. Адзін мужчына ў Растове жыве ўжо 16 гадоў, там у яго сям'я, кватэра, але зарэгістраваны ў нас. Праз родных даслаў звесткі пра сваю рэгістрацыю і даведку, што працуе. У Расіі ўжо цэлыя кланы з нашых утварыліся — будаўнікі, бухгалтары, прыбіральшчыцы, педагогі, менеджары. У асноўным жывуць і працуюць у Піцеры і Маскве.

Суразмоўцы малююць агульны партрэт грамадзяніна, незанятага ў эканоміцы раёна. 70 % з іх — мужчыны, узрост да 40 гадоў, адукацыя — школа або прафтэхвучылішча, перыяд працы — да 10 гадоў, афіцыйны працоўны стаж — пяць гадоў.

Новая спецыяльнасць — новыя магчымасці

Для тых, хто зусім без прафесіі, існуе магчымасць перавучыцца. І для гэтага не трэба кудысьці ехаць.

— Сёння вось прыбылі да нас з Магілёва педагогі вучэбнага цэнтра ЖКГ, — кажа Алена Барадэнка. — Мы запрасілі іх сюды, каб нашы жыхары маглі засвоіць новую спецыяльнасць на месцы — аператар кацельных установак цвёрдага паліва. Непрацуючыя грамадзяне будуць вучыцца за сродкі службы занятасці. Але ёсць тры чалавекі, якія пажадалі зрабіць гэта за свае грошы. Такі спосаб адукацыі насельніцтва мы практыкуем другі год, і вынікі ёсць. Людзі, якія працавалі за межамі Расіі, атрымалі гарантыю працаўладкавання на радзіме. І ўжо не жадаюць кудысьці ехаць.

Іван Шалепенкаў адзін з тых, хто вырашыў набыць новую спецыяльнасць. Кажа, што да гэтага 10 гадоў перыядычна працаваў у Расіі.

— Колькі ўжо можна ездзіць? — адказвае ён пытаннем на маё пытанне, чаму больш не падабаецца ездзіць на заробкі. — Здароўе ўжо не тое. Ды і грошы там не такія вялікія. Нявыгадна стала. Хочацца з сям'ёй пабыць. А там жыць даводзілася ў паходных умовах і карміць клапоў.

Пра магчымасць атрымаць прафесію Іван даведаўся, калі выклікалі на камісію. І адразу ж ухапіўся за гэтую прапанову. Спадзяецца, што пасля вучобы яму дапамогуць і працаўладкавацца.

Дайсці да кожнага

У аграгарадку Забялышын жыве Валерый Гушча, у нядаўнім часе — чалавек без пэўнага месца жыхарства і нават без пашпарта.

Яўген Нікалаенка згадвае, што калі ён прыйшоў на камісію ў райвыканкам, усе падумалі, што перад імі дзед. Аказалася, што мужчыну ўсяго 45 гадоў. Проста жыццё складанае.

— І пашпарт яму зрабілі, і зарэгістравалі, і работу знайшлі, — кажа дэпутат. — Як той казаў, у чалавека не было ні дома, ні сям'і, ні радзімы, ні сцяга. Апусціўся і страціў воблік чалавечы. Быў на мяжы незвароту. Цяпер пачаў новае жыццё.

Вось ужо два месяцы Валерый Гушча працуе рабочым збожжатока ААТ «Бабуліна падвор'е». Пакуль ён абедае ў сталоўцы гаспадаркі, размаўляем са старшынёй Забялышынскага сельсавета Міхаілам Байковым.

— Да таго, як гэты чалавек трапіў у месца пазбаўлення волі, жыў у цёткі — разам пілі, вялі разгульны лад жыцця, у выніку пазбавіліся кватэры, — расказвае ён пра свайго падапечнага. — Зараз кажа, што хоча жыць нармальна. Калі пайшоў працаваць, адразу ж прыйшлі даўгі за былыя грахі — іскі на 560 рублёў. Ужо пачалі вылічваць гэтыя грошы з зарплаты. Але ён не абураецца, працуе спраўна. За два месяцы работы ніякіх заўваг.

Міхаіл Байкоў асабіста хварэе за кожнага беспрацоўнага. На тэрыторыі сельсавета жыве 926 чалавек, 52 % з іх працаздольныя.

— Шмат каго ўладкоўваем на работу, — кажа ён. — Сезон пачаўся, і людзі самі просяцца іх узяць. Сфарміравалі з ахвотных паляводчую брыгаду. Адзін малады хлопец пайшоў працаваць даглядчыкам жывёлы. Яшчэ аднаго працаўладкавалі праз цэнтр занятасці артапедам — абразае капыты жывёлам. Вельмі цяжкая работа, але мужчына спраўляецца.

Хутка на парозе сталоўкі з'яўляецца Валерый Гушча. Прызнаецца, што абед быў смачны. Кажа, што новае жыццё яму падабаецца, але з жыллём пакуль праблемы. Знаёмы пусціў пажыць, але ж гэта часовы варыянт. Так што будзе старацца працаваць, каб атрымаць нешта сваё.

Дарэчы, нядаўна ў жыхароў Хоцімска з'явілася яшчэ адна магчымасць знайсці сваю справу. Раён стаў адным з дванаццаці, што ўвайшлі ў праект ЕС-ПРААН «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Жыхароў заклікаюць паўдзельнічаць у конкурсе бізнес-ініцыятыў і паспрабаваць атрымаць грант ЕС на развіццё сваёй справы. Ужо нават прайшоў першы семінар.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У Хоцімску вучаць ініцыятыўнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».