Вы тут

Камісіі па садзейнічанні занятасці робяць упор на індывідуальны падыход


Камісію, якая каардынуе работу па садзейнічанні занятасці насельніцтва ў Пінскім раёне, узначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Іосіф ГУЗІЧ. Камісія даволі прадстаўнічая: у яе склад акрамя кіраўнікоў і спецыялістаў структурных падраздзяленняў райвыканкама, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый уваходзяць дэпутаты абласнога, раённага, сельскіх Саветаў дэпутатаў. Камісія працуе з мінулага года, адбылося 23 яе пасяджэнні. Можна ўжо зрабіць некаторыя высновы, падзяліцца разважаннямі, што і робіць старшыня райсавета.


Іосіф Іванавіч гаворыць, што ўся работа камісіі будуецца на падставе максімальнага садзейнічання грамадзянам у працаўладкаванні:

— Сваёй задачай мы лічым найперш дапамагчы тым, хто зацікаўлены ў пошуку рабочага месца, — кажа Іосіф Гузіч. — Але ж не скідваем з рахунку і асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Часам здаецца, што няньчымся з імі дарма і справа гэта марная. Але ж калі нават аднаго чалавека ўдасца накіраваць на правільны шлях, то нельга будзе сказаць, што камісія не апраўдала свайго прызначэння. Тым больш што Дэкрэт накіроўвае нас на індывідуальны падыход да кожнага чалавека.

Паводле інфармацыі старшыні камісіі, у 2018 годзе на рынку працы Пінскага раёна сітуацыя захоўвалася пад кантролем. У параўнанні з папярэднім годам яна характарызавалася павелічэннем попыту на рабочую сілу, зніжэннем колькасці беспрацоўных і напружанасці на рынку працы. Колькасць беспрацоўных з 96 чалавек, якія стаялі на ўліку на пачатак 2018 года знізілася да 64 чалавек на 1 студзеня 2019 года. Каэфіцыент напружанасці адпаведна знізіўся за год ад 0,4 да 0,2 беспрацоўных на адну вакансію.

Летась на работу ўладкаваліся 1033 жыхары раёна, з іх 432 чалавекі з ліку беспрацоўных. З выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва арганізавана навучанне 23 беспрацоўных, абсалютная большасць якіх вучылася пад заказ наймальнікаў. Выкарыстоўвалася і такая форма занятасці, як накіраванне на грамадскія работы з аплатай. Такі эпізадычны заробак атрымалі 118 беспрацоўных. Магчымасць падпрацаваць рэалізавалі 443 студэнты і навучэнцы. Трое беспрацоўных атрымалі субсідыі для арганізацыі сваёй справы, два чалавекі з інваліднасцю накіраваныя на рабочыя месцы для адаптацыі.

На пачатак гэтага года вакансій было больш, чым тых, хто стаіць на ўліку ў якасці беспрацоўнага, у чатыры разы. Найбольш запатрабаваныя на рынку працы застаюцца кваліфікаваныя рабочыя, трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці, кіроўцы аўтамабіля, прадаўцы, кухары, ветэрынарныя ўрачы і фельчары, заатэхнікі, аграхімікі. Таксама патрабуюцца раёну ўрачы, медыцынскія сёстры, спецыялісты ў сферы культуры. У гаспадарках не хапае жывёлаводаў, аператараў машыннага даення, рабочых будаўнічай галіны. За два гады ў раёне праведзена 17 кірмашоў вакансій, чатыры дні прадпрыемства, сустрэчы з жыхарамі па пытаннях занятасці адбыліся ў Малоткавічах і Бобрыкаўскім сельвыканкаме. Інфармацыя пра вакансіі і патрэбы на рынку працы даводзіцца да насельніцтва і пры названых сустрэчах, і праз сродкі масавай інфармацыі, і праз інтэрнэт-сайты. Напрыклад, на сайце райвыканкама створаны спецыяльны банер, дзе размешчана інфармацыя пра работу камісіі, пазначаны яе персанальны склад, графік работы, час і месца правядзення пасяджэнняў, кантакты і іншыя звесткі. Для зручнасці карыстальнікаў тэматычны банер вынесены на галоўную старонку. Але, на жаль, не выпадае гаварыць пра актыўнасць саіскальнікаў, ды па-ранейшаму попытам карыстаюцца пасады вартаўніка і вахцёра, а вось на калгасную вытворчасць, у будаўніцтва ідуць не вельмі ахвотна.

Іосіф Гузіч адзначае, што з 23 пасяджэнняў камісіі шэсць былі выязныя, праходзілі на тэрыторыі таго ці іншага сельсавета. З просьбай аб працаўладкаванні да камісіі звярнуліся 43 чалавекі. На канкрэтныя рабочыя месцы было накіравана 38 чалавек. З іх 22 не з'явіліся да наймальнікаў па прапанаваных вакансіях, што сведчыць пра нізкую ступень зацікаўленасці саміх саіскальнікаў.

Асаблівы раздзел дзейнасці камісіі называецца прафілактычнай работай з асобамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Апошнім часам камісія працавала з адзінаццаццю такімі грамадзянамі. Чацвёра з іх атрымалі работу, праўда, невядома, колькі яны там пратрымаюцца.

Старшыня райсавета адзначае, што члены камісіі падыходзяць да справы не фармальна. З кожным чалавекам вядзецца індывідуальная работа, высвятляюцца прычыны незанятасці, вядзецца кансультаванне, прапануецца канкрэтная дапамога. Калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, яго вызваляюць ад аплаты паслуг па поўным іх кошце. Але ж нярэдка прычынай незанятасці робіцца хранічнае нежаданне працаваць. Калі чалавек — лайдак, тады камісія нічым не можа дапамагчы. І, вядома, для членаў камісіі важней за ўсё працаваць на карысць тых, хто зацікаўлены ў працоўнай дзейнасці. Таму на парадку дня раённай улады — стварэнне новых рабочых месцаў, далейшая прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка беспрацоўных грамадзян. Асаблівая ўвага аддаецца арганізацыі самазанятасці — вось і нядаўна раённая служба занятасці правяла семінар «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы», на які запрасілі ўсіх ахвотных.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Пінскі раён

Загаловак у газеце: Калі работа шукае чалавека

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.