Вы тут

Кадравая палітыка мае важнае значэнне для развіцця прадпрыемстваў любой галіны


Кадравая палітыка мае важнае значэнне для развіцця прадпрыемстваў любой галіны, таму наймальнікі павінны падтрымліваць кантакты з профільнымі навучальнымі ўстановамі і думаць на перспектыву. Старшыня Гомельскага гарадскога савета дэпутатаў Мікалай КАВАЛЕВІЧ на пасяджэнні прэзідыума адзначыў, што менавіта кіраўніцтва прадпрыемстваў павінна быць зацікаўлена ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў на перспектыву:


— Важна выключыць магчымасць дэфіцыту вузкаспецыялізаваных кадраў. Пытанне забеспячэння кваліфікаванымі спецыялістамі таксама павінна вывучацца на стадыі рэалізацыі інвестпраектаў. Напрыклад: у горадзе ўзводзіцца буйны гандлёвы цэнтр, які забяспечыць рабочымі месцамі не адну сотню чалавек. Гэтую задачу не заўсёды можна вырашыць у адзін момант. Выйсце — у паслядоўнай падрыхтоўцы кадраў.

Цяпер узровень беспрацоўя ў Гомелі складае 0,4 %. Па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Гомельскага гарвыканкама Аляксандра КЛЮЧЫНСКАГА, летась прайшлі перападрыхтоўку і перанавучанне па розных кірунках звыш 550 чалавек. Пры гэтым больш за палову з іх рыхтавалі з гарантыяй наступнага працаўладкавання:

— Сёлета плануем перанавучыць прыкладна столькі ж. А калі будзе патрэбна, то і больш. На гэтыя мэты вылучаюцца сродкі, узгоднены праграмы навучання ў дзяржаўных установах адукацыі. Наша задача не проста перападрыхтаваць чалавека, а садзейнічаць яго занятасці, каб ён змог знайсці працу, якая падыходзіць. Між тым кожны саіскальнік павінен разумець: наймальніку ён цікавы з пазіцыі наяўнага досведу, ведаў і кваліфікацыі.

Дарэчы, з пачатку дзеяння камісій па садзейнічанні занятасці насельніцтва яны дапамагалі ў працаўладкаванні больш чым 2,3 тысячы жыхароў абласнога цэнтра. Многія сталі рамеснікамі, прадпрымальнікамі, змаглі адкрыць сваю справу дзякуючы бязвыплатным субсідыям. Таксама праводзіліся кірмашы вакансій, дні прадпрыемства, на якіх патэнцыйныя наймальнікі пастаянна прапанавалі наяўныя вакансіі.

Адначасова каля 15 тысяч гамяльчан былі праінфармаваныя пра тое, што яны ўключаны ў базу працаздольных, незанятых у эканоміцы. Пры гэтым каля васьмі тысяч жыхароў абласнога цэнтра пацвердзілі факт занятасці ці наяўнасць падстаў для выключэння іх са спісаў незанятых у эканоміцы, а наконт трох тысяч гамяльчан прызналі, што яны знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Цяпер у спісы працаздольных, не занятых у эканоміцы, уваходзяць больш за тысячу чалавек. Іх каардынаты накіраваны ў арганізацыі, якія адказваюць за ўлік, разлік і налічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за жылое памяшканне. Праца камісій працягваецца, а інфармацыя па гэтай тэме абнаўляецца пастаянна.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Кадры на перспектыву

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.