Вы тут

Больш за два мільёны жыхароў Беларусі — курыльшчыкі


Больш за два мільёны жыхароў Беларусі з'яўляюцца курыльшчыкамі. Паводле прагнозаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны другі з іх памрэ ад захворванняў, звязаных з гэтай шкоднай звычкай.


— З 300 смерцяў, якія штодзень рэгіструюцца ў Беларусі, 14 % адбываюцца па прычыне захворванняў, выкліканых уплывам тытуню, — расказвае каардынатар праграм па грамадскай ахове здароўя краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Валянцін Русовіч. — Гэта значыць, штодзень ад такіх хвароб памірае каля 40 чалавек. На першым месцы — сардэчна-сасудзістыя захворванні, у прыватнасці інфаркты і інсульты. На другім — анкалагічныя. Курэнне з'яўляецца прычынай не толькі раку лёгкіх, але і раку мачавога пузыра, прамой кішкі, прастаты, страўніка — усяго 28 лакалізацый. На трэцім месцы — хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх.

Як адзначае Валянцін Русовіч, кожную смерць ва ўзросце менш за 70 гадоў Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць заўчаснай. У Беларусі сярэдняя працягласць жыцця мужчын — 69 гадоў. Таму лічыцца, што ў Беларусі мужчыны паміраюць заўчасна.

Паводле даследавання STЕРS, у нашай краіне курыць больш за 48 % мужчын. Гэта шосты паказчык сярод краін еўрапейскага рэгіёну Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. А вось беларускі кураць значна менш — жанчын з залежнасцю ад тытуню каля 12 %. І хоць гэта лічба з 1995 года вырасла амаль у тры разы, паказчык трымаецца на ўзроўні сярэднееўрапейскага. Распаўсюджаным застаецца курэнне і сярод моладзі. Паводле даследаванняў, у Беларусі курыць каля 50 тысяч падлеткаў, палова з іх набывае цыгарэты штодзень. Узрост пачатку курэння ў хлопцаў у сярэднім складае 16 гадоў, у дзяўчат — 17.

Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожная дзясятая смерць адбываецца ад захворванняў, выкліканых тытунём, — ад пасіўнага курэння, калі чалавек знаходзіцца ў памяшканні, дзе кураць іншыя. Напрыклад, за працоўную змену персанал кафэ, дзе дазволена курыць, атрымлівае дозу нікаціну, якая ўтрымліваецца ў сямі цыгарэтах. Дзеці, нават калі бацькі кураць не ў іх прысутнасці, таксама пакутуюць ад прадуктаў паўраспаду тытунёвага дыму, якімі напаўняецца адзенне, дываны, шторы і іншыя прадметы інтэр'ера. Яны ў некалькі разоў часцей хварэюць на рэспіраторныя хваробы — бранхіт, бранхіяльную астму, востры сярэдні атыт, пнеўманію.

У нашай краіне з 27 ліпеня, згодна з адпаведным антытытунёвым дэкрэтам, які падпісаў Прэзідэнт, будзе забаронена курэнне ва ўсіх цягніках, кафэ і рэстаранах, ліфтах, аўтамабілях падчас перавозкі ў іх дзяцей да 14 гадоў, дзіцячых пляцоўках і інш. Валянцін Русовіч падкрэсліў, што гэта добрая мера, якая дазволіць знізіць колькасць курыльшчыкаў. Сярод такіх жа дзейсных метадаў ён назваў павышэнне акцызаў на цыгарэты. Сёння ў кошце пачка цыгарэт акцыз складае 34,5 %, плануецца паступова павышаць яго да 75 %.

У шкале ўсіх псіхаактыўных рэчываў тытунь знаходзіцца ў сярэдзіне, адзначае вядучы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Інэса Грыгор'ева. Гэта значыць, што прывыканне да яго адбываецца вельмі хутка — з 1-2 разоў.

— Дзень без тытуню нездарма прызначаны на апошні дзень вясны. Гэта выдатная магчымасць адмовіцца ад курэння напярэдадні летняга адпачынку і змены абстаноўкі. Варта кінуць і патрываць два тыдні, калі ў вас будуць сімптомы, якія трэба пераадолець, — раіць Валянцін Русовіч. — На працягу трох тыдняў у крыві ўжо не застанецца нікаціну, праз шэсць месяцаў змены ў арганізме будуць устойлівымі. Канчаткова ўдаецца кінуць курыць звычайна з 2-3-й спробы.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Колькі трэба пратрымацца, калі кідаеш курыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».