Вы тут

Кераміка ў Беларусі: у спадзеве на функцыянальнасць і дэкаратыўнасць


На якім узроўні сёння нацыянальная кераміка? Ці адчувае ўплывы мастацкага рынку? Каго сёння можна назваць сапраўдным керамістам?.. Некалькі гадоў таму ў Беларусі была створана Гільдыя керамістаў, каб больш мэтанакіравана працаваць на падтрымку нацыянальных традыцый у кераміцы. А ў Бабруйску ўжо 15 гадоў праходзіць пленэр «Арт-Жыжаль», у якім прымаюць удзел як айчынныя, так і замежныя керамісты, у прыватнасці з Азербайджана, Венесуэлы, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Індыі, Японіі, ЗША, Францыі і Турцыі. Пасля пленэру работы дэманструюцца на выстаўцы «Арт-Жыжаль». Сёлета яна прайшла ў сталічным Палацы мастацтваў.


Спалучэнне жывога агню і гліны, удасканальванне мастацтва керамікі і новых тэхнік — аўтары прадэманстравалі больш за 300 работ і кампазіцый. Заснавальнік пленэраў, якія штогод праходзяць пад Бабруйскам, — мастак-кераміст Валерый Калтыгін. Больш чым дваццаць гадоў ён займаецца керамікай, працуе над тэарытычнымі матэрыяламі ў гэтым кірунку, разумее стан спраў.

— На жаль, у кераміцы больш сталых майстроў, а моладзі вельмі мала, — расказвае Валерый Калтыгін. — Дарослае пакаленне працуе ў звыклых для сябе формах, а калі мастаку навязваюць змены звонку, то ў яго гэта выклікае ўнутраны дысананс. Нікому не хочацца канфлікту з самім сабой. У нашай краіне не самая лепшая матэрыяльная база для развіцця керамікі. Калі ў нас ёсць добрая кераміка, то гэта ў асноўным дэкаратыўныя рэчы. Я заложнік уласнай страсці. Займаюся керамікай з 1992 года. Часам думаю кінуць, але не магу. Хоць і разумею, што мы падышлі да нейкага тупіка. У развіццё трэба ўкладваць фінансы, якіх бракуе. Сапраўдная добрая кераміка не можа быць масавай ці толькі відовішчнай. Гэта ж сур'ёзная, працаёмкая работа, якую зрабіць танна немагчыма.

Тым не менш нашы керамісты зацікаўлены ў тым, каб развіваць нацыянальную кераміку, аб’ядноўвацца і шукаць актуальныя напрамкі. Замежным майстрам цікава абменьвацца досведам з нашымі майстрамі, сачыць за тым, як у дастаткова незвычайных умовах (на прыродзе) адбываецца творчы працэс на тым жа пленэры. Валерый Калтыгін лічыць, што яны прыязджаюць, каб атрымаць задавальненне ад працэсу, пры тым, што пад канец пленэру ўсе адчуваюць стомленасць.

— Спачатку пленэр быў штогадовы, цяпер праводзіцца раз у два гады. У мастакоў знікае ад гэтага ўнутраная вастрыня, — тлумачыць кераміст. — Я хачу, каб людзі разумелі, што мы робім сапраўдны пленэр. Гэта не сімпозіум, не проста сустрэча. Пленэр — гэта сапраўднае яднанне з прыродай. Такіх цяпер мала. Звычайна мастакі выязджаюць на вытворчыя базы, іх усім забяспечваюць, і ідзе спакойны працэс творчасці. У нас па-іншаму: закладзены каштарыс, ад якога немагчыма адарвацца. Работы атрымліваюцца своеасаблівыя, праўда, узровень не вельмі высокі. А хочацца, каб трымалася высокая планка. Для гэтага вытворчая база павінна быць іншая. Ёсць пытанні па якасці матэрыялу. Але радуе, што майстры з розных краін могуць сустрэцца, падзяліцца досведам, ацаніць адзін аднаго.

Тое, што дае пленэр, — не адзіная ўмова для развіцця керамікі ў Беларусі. Сёння ў Акадэміі мастацтваў і ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў рыхтуюць керамістаў. Кожны год студэнты абараняюць дыпломы. І, дарэчы, гэтыя работы таксама пасля трапляюць на выстаўкі. За многімі беларускімі гарадамі замацаваліся назвы «горад керамістаў». Так, напрыклад, нядаўна ў Мінску прайшла выстаўка «Керамісты Жодзіна».

— На мой погляд, яркіх работ цяпер мала. Тая моладзь, якая вучыцца ў нашых творчых ВНУ, чамусьці працуе з матэрыялам неахвотна, — тлумачыць Валерый Калтыгін. — Работы паўтараюцца. Гаршкі і званочкі. А павінна быць нейкая глыбокая ідэя. Я бываў у Вільні і бачыў, якая там вытворчая база. Абсалютна іншы ўзровень. Нашай кераміцы не хапае функцыянальнасці і дэкаратыўнасці.

У нашай краіне даўно вядуцца размовы пра стварэнне музея керамікі, але пакуль пытанне не вырашана. Валерый Калтыгін на працягу пяці гадоў звяртаўся да ўлад Бабруйска, каб у горадзе з’явіўся музей альбо нават цэнтр керамікі. За гады пленэраў у майстра засталося шмат работ, якія могуць стаць вялікай калекцыяй для творчай установы.

Але гэта не адзінае пытанне, якое хвалюе прафесіяналаў, зацікаўленых у развіцці кірунку:

— Калі б Міністэрства культуры па заканадаўчай лініі заахвочвала прыватны бізнес, каб ён укладваў грошы ў розныя жанры мастацтва, у тым ліку ў кераміку, сітуацыя б выправілася. Хто сёння набудзе добрую работу за вялікія грошы? Ніхто. У нас купляюць сувеніры. Рынку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не існуе як такога. А мастак, акрамя грошай, укладае ў працу пачуцці, эмоцыі, вырашае творчыя задачы, таму добрую работу ён не хоча прадаваць танна. Я ведаю многіх прафесійных мастакоў, якія ўмеюць ствараць неверагодныя рэчы, але робяць кітч, таму што гэта цікава цяперашняму спажыўцу.

Гэта пытанні, якія хвалююць арганізатараў выстаўкі «АртЖыжаль». Аднак Валерый Калтыгін ужо пачаў рыхтавацца да 16-га пленэру.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Адысці ад сувеніраў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».