Вы тут

Алена Русакевіч. Каталізатар перамен


Адзін з найважнейшых этапаў у гісторыі мастацтва Беларусі, які паўплываў на ўзнікненне і развіццё найноўшых формаў у айчынным мастацтве, — перыяд перабудовы.


Гэта час трансфармацый і ўстанаўлення новых правіл не толькі ў эканоміцы, палітыцы і сацыяльным жыцці, але і ў культуры. Другая палова 1980-х — пачатак 1990-х гадоў у БССР — перыяд развіцця акцыянізму, канцэптуалізму, постмадэрнізму. Характэрнаю асаблівасцю гэтага перыяду стала фарміраванне вялікай колькасці рознага кшталту мастацкіх груп і аб’яднанняў. Мастацтва гэтага перыяду непарыўна звязана з іх дзейнасцю, паколькі менавіта гэта стала каталізатарам працэсу творчых пераўтварэнняў.

У канцы ХХ стагоддзя ў БССР былі сфарміраваны такія мастацкія аб’яднанні, як «Форма», «Галіна», «Плюраліс», «Квадрат», «Комі Кон», «Беларускі клімат», «Няміга-17», «Пагоня», «Верасень», «Бісмарк», «Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва» і іншыя. Іх прырода была новая, і, у адрозненне ад розных мастацкіх аб’яднанняў папярэдніх перыядаў, аб’яднанні часоў перабудовы мелі свае характэрныя асаблівасці. Напрыклад, тут практычна не было маніфестаў або выразна сфармуляваных мэтаў і задач. Акрамя таго, многія з іх не былі афіцыйна зарэгістраваныя. Афіцыйнымі былі толькі такія мастацкія аб’яднанні і групы, як «Няміга-17», «Пагоня», «Верасень», «Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва».

Дзейнасць мастацкіх груп і аб’яднанняў у БССР у перыяд перабудовы з’яўляецца фактарам, які паўплываў на актыўнае развіцце постмадэрнісцкіх тэндэнцый у мастацтве. Бо з 1980-х гадоў прадстаўнікі мастацкіх груп і аб’яднанняў у сваёй творчасці пачалі пераасэнсоўваць напрацоўкі айчынных папярэднікаў, а таксама еўрапейскіх і амерыканскіх мастакоў-мадэрністаў, відазмяняючы і адаптуючы ў сваіх творах некаторыя фармальна-стылістычныя мадэрнісцкія прыёмы. Мастакі гэтага перыяду адкрываюць для беларускага мастацтва такую новую форму, як акцыянізм. Варта адзначыць, што аўтарамі большасці мастацкіх акцый былі якраз удзельнікі аб’яднанняў і груп. У выніку перфарматыўныя практыкі сталі адной з візітовак мастацтва БССР 1980—1990 гадоў. У гэты час набірае папулярнасць такі від мастацтва, як інсталяцыя. Гэтыя аб’яднанні зрабілі таксама вялікі ўнёсак у развіццё канцэптуалізму ў Беларусі. Акрамя таго, дзейнасць мастацкіх аб’яднанняў і груп перыяду перабудовы непарыўна звязана з актыўнай выставачнай дзейнасцю. Велізарная колькасць выставак іх твораў была праведзена ў Мінску, а таксама ў іншых гарадах Беларусі. Гэтыя мерапрыемствы часта насілі публічны характар, што ўскосна спрыяла паступовай папулярызацыі сучаснага мастацтва ў краіне.

Усё вышэйсказанае яшчэ раз пацвярджае той факт, што дзейнасць мастацкіх груп і аб’яднанняў канца 1980 — пачатку 1990-х гадоў у БССР стала неад’емнай часткай культурнай спадчыны краіны і непасрэдна паўплывала на фарміраванне многіх тэндэнцый у сучасным мастацтве Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».