Вы тут

Імгненні… у кінафатаграфічных творах Аліка Замосціна


 «Асалода ад жыцця» — новы фотапраект беларускага і ізраільскага фотамастака Аліка Замосціна, які прадставілі ў Нацыянальным гістарычным музеі. Выстаўка ўключаная ў афіцыйны каляндар культурных падзей II Еўрапейскіх гульняў. У яе экспазіцыі прадстаўлены 35 мастацкіх фатаграфічных работ.


За тры гады беларускі глядач пазнаваў гэтага аўтара праз праекты «Пункт гледжання», «Базар агародніны» і «Партрэты», у якіх галоўным канцэптуальным пасылам была ідэя. Гэтым разам ідэі няма, аўтар дэманструе асабістае стаўленне да свету. Работы Аліка Замосціна — дакладна прыкмечаныя і «вырваныя», дзе ўсё жыццё чалавека спрэсаванае ў адным імгненні.

— Гэта ў асноўным здымкі аднаго імгнення. Я не раблю 10—20 кадраў аднаго прадмета або чалавека і не выбіраю з вялікай колькасці лепшы, — тлумачыць Алік Замосцін. — Раблю адзін ці два кадры. Лічу: альбо ты злавіў момант, альбо не.

Аўтар захапляецца жыццём, адчувае асалоду ад сустрэч, расстанняў, світанняў і заходаў. У яго ёсць свой погляд на людзей і іх учынкі, на гарады і прыроду, на сувязь ўсяго існага. Героі Замосціна — прыгожыя, маладыя і не вельмі мужчыны і жанчыны. Яны не пазіруюць, а проста жывуць.

Фатаграфія майстра нагадвае кадры з кінафільмаў. Праглядаецца драматургія, нават рэжысёрская пастаноўка кадра. Творы Замосціна адметныя мінімалізмам дэталяў. Большасць здымкаў чорна-белыя.

— Калісьці фатаграфія была для мяне хобі, — тлумачыць аўтар. — Першы фотаздымак зрабіў, калі пачаў займацца альпінізмам, гэта было ў 60—70-х гадах, у маім савецкім мінулым, яшчэ да таго, як я эміграваў з Беларусі. Здымаў для хатняга архіва, але, на жаль, практычна ўсе фатаграфіі таго перыяду не захаваліся з-за частых пераездаў. Гэта цяпер у мяне некалькі вельмі добрых фотаапаратаў, акрамя таго, якасныя і цікавыя здымкі можна рабіць і айфонам. Але я не прафесіянал. Аматар, такі як я, можа сабе дазволіць фатаграфаваць усё, што хоча, а прафесіянал — не.

Яшчэ сем гадоў таму творца падумаць не мог, што будзе выстаўляцца на такой значнай для Беларусі пляцоўцы. І сваім гледачам ён раіць атрымліваць асалоду ад жыцця.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.