Вы тут

«Як родных братоў і сыноў, прыціскалі людзі да сваіх грудзей совецкіх воінаў...»


«7 гадзін раніцы. У невялікім пакойчыку сялянскай хаты шумна і цесна. Сюды прыйшлі партызаны і сяляне, дарослыя і моладзь. Кожны з нецярпеннем чакае новых паведамленняў Совецкага Інформбюро... Пятро чытае аператыўную зводку. Яго апошнія словы тонуць у гарачых воплесках прысутных. Усе накіроўваюцца да карты і адшукваюць знаёмыя назвы родных совецкіх гарадоў — Ельні, Глухава, Рыльска і іншых... У адказ на перамогі Чырвонай Арміі сяляне накіроўваюць у партызанскія атрады абозы з хлебам», — пісаў «Большэвік Палесся» ў верасні 1943 года. Партызаны праводзяць агітацыйную работу не толькі ў вёсках, яны пранікаюць нават у варожыя гарнізоны, засыпаюць улёткамі паліцэйскіх. У выніку ў гэты час нярэдка былыя праціўнікі пераходзяць на бок партызан...


«Набліжаецца час расплаты»

Звесткі з франтоў аб перамогах Чырвонай арміі ўзнімаюць людзей на барацьбу. Як паведамляла ў лютым 1943 года газета «Партызан» (орган Суражскага райкама партыі), партызаны адчуваюць штодзённую велізарную дапамогу з боку насельніцтва — не толькі матэрыяльную, але і яшчэ інфармацыйную. Вылазкі народных мсціўцаў робяцца больш дзёрзкімі, да таго ж ім трэба бараніць населеныя пункты — пры адступленні немцы рабуюць насельніцтва, гоняць грамадзян на катаргу, паляць вёскі. Таму партызанскія газеты пастаянна звяртаюцца да чытачоў з заклікам узнімацца на ўзброеную барацьбу ў тыле ворага і такім чынам набліжаць перамогу.

26 жніўня 1943 года газета «За Совецкую Беларусь» друкуе прамову Якуба Коласа «Набліжаецца час расплаты». «Дарагія мае сёстры і браты беларусы! Я ведаю, як цяжка вам жыць пад ярмом нямецкага ката — Гітлера, — звяртаецца народны пісьменнік. — Верце ж, што Гітлер сёння блізка, як ніколі, стаіць над краем свайго прадоння. Дні Гітлера злічаны. Вы ўжо перажылі сваю цяжкую поўнач. Хвіліна за хвілінаю час ідзе к світанню. Памятайце: больш за ўсё баяцца немцы вайны на сваёй зямлі. Вось чаму яны, як кляшчы, упіліся ў нашу зямлю, пабудавалі на ёй крэпасці, каб аддаліць час сваёй пагібелі...»

Часам партызанскія газеты друкуюць і перахопленыя лісты нямецкіх салдат. З ліста Білі Бека са станцыі Рудзенск (надрукавана ў газеце «Большэвіцкі сцяг» 7 студзеня 1944 года): «Учора быў у камандзіроўцы ў Мінску. Усю ноч быў у дарозе. Гэта самы цяжкі шлях на рускім прасторы. Не ведаю, як астаўся жывы. Партызаны не даюць ні выйсці, ні праехаць. А Гітлер яшчэ гаворыць пра перамогу. Знішчаць нас тут, калі крыху спознімся ўцячы».

У кожным кутку Беларусі жыхары з нецярпеннем чакалі свежую прэсу, каб даведацца з яе пра тое, якія населеныя пункты ўжо ачышчаны ад ворага. Некаторыя газеты друкавалі карты з інфармацыяй пра становішча на франтах, расказвалі, як насельніцтва яшчэ не вызваленых раёнаў рыхтуецца да сустрэчы з Чырвонай арміяй. Дзяўчаты вышывалі ў падарунак салдатам кашулі і насоўкі, сяляне перадавалі партызанам зброю.

Радасная сустрэча

"Большэвіцкі сцяг" піша пра адступленне немцаў

На вызваленых тэрыторыях ладзяцца сапраўдныя святы, адбываюцца мнагалюдныя мітынгі. «Вестка аб сустрэчы з прадстаўнікамі роднай Чырвонай Арміі хутка абляцела ўсе зямлянкі і лясныя курані. Са слязамі радасці на твары насустрач франтавікам выбягаюць старыкі і бабулькі, жанчыны і дзеці», — пісаў «Большэвік Палесся» 5 снежня 1943 года.

«Бязмежная радасць, неперадаваемае лікаванне ахваціла ўсё насельніцтва пры сустрэчы з воінамі-вызваліцелямі. Як родных братоў і сыноў, прыціскалі людзі да сваіх грудзей совецкіх воінаў, пакрывалі іх мужныя твары гарачымі пацалункамі. Дзеці засыпалі герояў кветкамі...

Сустрэча з совецкімі воінамі ў вёсках нашага раёна ператварылася ў народнае свята. На вуліцах доўгімі радамі стаялі сталы, перапоўненыя багатымі пачастункамі...

Хвалюючай і радаснай была сустрэча доблесных воінаў-вызваліцеляў з народнымі мсціўцамі. Совецкія патрыёты нашага раёна дапамаглі наступаючым часцям Чырвонай Арміі, заняўшы раённы цэнтр г. Узда і ўтрымаўшы яго да падходу рэгулярных совецкіх войск», — паведамляла 7 ліпеня 1944 года газета «За Совецкую Радзіму».

Вяртанне

21 жніўня 1943 года Саўнаркам СССР і Цэнтральны Камітэт Усесаюзнай Камуністычнай партыі прынялі гістарычную пастанову «Аб неадкладных мерах па аднаўленні гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі». Згодна з ёй, на гэтыя землі павінны былі вяртацца з тылавых тэрыторый Савецкага Саюза раней эвакуіраваныя жывёла і сельгастэхніка, аказвалася матэрыяльная дапамога па набыцці ўсяго неабходнага для развіцця сельскай гаспадаркі. Праводзілася дзяржзакупка ўсіх відаў жывёлы для вызваленых абласцей. Для забеспячэння плана сяўбы азімых культур пад ураджай 1944 года адпускалася ў парадку пазыкі калгасам з дзяржаўных рэсурсаў 50 000 тон збожжа. Ішлі вялікія сумы на будаўніцтва рамонтных майстэрань, адгружалася абсталяванне, паліва. Гаспадаркі вызваляліся ад падаткаў.

Для дзяцей воінаў Чырвонай Арміі і партызан, а таксама для малых сірот, бацькі якіх загінулі ад рук нямецкіх акупантаў, ужо ў 1943 годзе пачалі адкрывацца сувораўскія ваенныя вучылішчы, спецыяльныя рамесныя вучылішчы, дзіцячыя дамы і дзіцячыя прыёмнікі-размеркавальнікі. У гэтых установах дзеці знаходзіліся на поўным дзяржаўным забеспячэнні.

У раёнах Беларусі, вызваленых ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, хуткімі тэмпамі аднаўляліся разбураныя школы. Так, 5 верасня 1943 года «Большэвік Палесся» пісаў: «У Магілёўскай обласці прыступілі ўжо да работы 193 школы, у Гомельскай обласці — 38 школ, у Віцебскай — 19 школ, у Палескай обласці — 9 школ. Рыхтуюцца да адкрыцця яшчэ 120 школ, для якіх рэмантуюцца памяшканні. У працуючыя школы завезена звыш 100 тысяч сшыткаў і іншыя навучальныя прылады. Днямі ў горадзе Мсціслаўль пачынае сваю работу Беларускае педагагічнае вучылішча. У вызваленых раёнах Магілёўскай обласці будзе адчынена 6 дзіцячых дамоў».

Не сядзелі без справы моладзь і дзеці. Так, камсамольцы Полацка рамантавалі дзіцячы дом. У сваю чаргу, юныя выхаванцы гэтай дзіцячай установы прымалі ўдзел у нядзельніках па аднаўленні горада, збіралі цвікі і дрот на рамонт гарадской лазні. У Полацкім раёне ў хуткім часе пасля вызвалення пачалі работу трохмесячныя курсы трактарыстаў, дзе навучаліся 100 хлопцаў і дзяўчат.

У вызвалены Гомель і на суседнія тэрыторыі пачалі паступаць тавары шырокага спажывання, у тым ліку адзенне, абутак, тканіна, прадукты харчавання. «На працягу двух з лішнім гадоў нямецкай акупацыі працоўныя Гомеля і другіх зараз вызваленых раёнаў зусім не атрымлівалі солі, мыла. У гэтых прадметах адчуваецца найбольшая патрэбнасць. У адрас вызваленых раёнаў ідзе 2000 тон солі і 30 тон мыла.

Для хутчэйшага аднаўлення разбураных дамоў кожнаму калгасніку адпускаецца па 30 кубаметраў леса» («Большэвік Палесся» за 5 снежня 1943 года).

Паступова людзі з зямлянак пачынаюць перабірацца ў новыя дамы. У лютым 1944 года «Большэвіцкі сцяг» пісаў, што ў вызваленых раёнах адноўлена і пабудавана больш за 326 тысяч дамоў, у якіх цяпер жыве больш за 1800000 калгаснікаў, рабочых і служачых.

Аднаўляецца Гомельскі паравозавагонарамонты завод — сюды рабочыя прынеслі інструменты і матэрыялы, якія ім удалося прыхаваць ад немцаў у час акупацыі. У вёсцы Уза Гомельскага раёна адкрыўся гукавы кінатэатр, разлічаны на 300 месцаў.

З першых дзён пасля вызвалення закіпела работа ва Уздзе. Хутка запрацавалі адрамантаваныя млын, вінакурны завод, хлебапякарня, бальніца, цырульня, электрастанцыя, лазні, грамадская сталоўка.

У ліпені 1944 года газеты друкуюць указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб павелічэнні дзяржаўнай дапамогі цяжарным жанчынам, шматдзетным і адзінокім маці, умацаванні аховы мацярынства і дзяцінства, аб устанаўленні ганаровага звання «Маці-гераіня» і ўстанаўленні ордэна «Мацярынскі гонар» і медаля «Медаль мацярынства».

Каб дапамагчы жанчынам, якія пасля вайны сталі ўдовамі альбо апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, прадугледжаны быў шэраг мерапрыемстваў. Так, дзяржаўная дапамога стала выдавацца жанчынам пры нараджэнні трэцяга дзіцяці і наступных (а да гэтага яна выдавалася толькі маці, якія мелі шэсць і болей дзяцей). Падтрымка пачала аказвацца адзінокім маці (якія не знаходзяцца ў шлюбе), павялічыўся адпачынак па цяжарнасці і родах. Прадпісвалася неабходнасць пашырэння сеткі дзіцячых кансультацый і малочных кухань, арганізацыі ясляў для немаўлят, вячэрніх груп пры дзіцячых садках, родадапаможных устаноў у раёнах, вызваленых ад нямецкіх захопнікаў. Зацвярджаліся мерапрыемствы па пашырэнні вытворчасці дзіцячай вопраткі, абутку, сродкаў дзіцячай гігіены і санітарыі. А з халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян браўся падатак.

І гаспадарку не пазнаць

"Чырвоны сцяг" на карце паказвае, якая тэрыторыя вызвалена ад захопнікаў

Яшчэ ішла вайна, а на палях і сенажацях кіпела праца. Людзі верылі, што перамога непазбежная, і разумелі, што краіне і фронту патрэбны хлеб і іншыя прадукты, кармы. Да таго ж трэба было думаць на перспектыву — пра аднаўленне гаспадарак. Большасць працаздольных мужчын забрала вайна, і цяжкая праца лягла на жанчын, старых і падлеткаў.

Сельская гаспадарка Беларусі моцна пацярпела за час акупацыі. «Нямецка-фашысцкія захопнікі ў нашым раёне знішчылі амаль усю жывёлу калгасаў і калгаснікаў, — пісала газета «Соцыялістычная перамога», орган Быхаўскага райкама КП(б)Б. — На калгасных фермах, з меўшыхся да вайны 8615 галоў, не засталося ніводнай каровы і толькі 14 процантаў коней. Свінагадоўчыя, аўцагадоўчыя і птушкагадоўчыя фермы фашысцкія звяры зжэрлі і варварскі знішчылі. Знішчаны і добра абсталяваныя памяшканні жывёлагадоўчых ферм.

З дапамогай калгаснікаў усходніх абласцей і рэспублік Совецкага Саюза ў калгасах раёна ўжо створана 98 ферм буйнай рагатай жывёлы, 45 аўцагадоўчых ферм і 48 птушкаферм».

Учарашнія партызаны ўзначальваюць калгасы і хутка падымаюць гаспадаркі. «Там, где когда-то было цветущее село, где стояли клуб, кинотеатр, школа, больница, сотни прекрасных домов — сейчас осталось одно пепелище. Из землянок вышли женщины с маленькими детьми. 

Прошло 8 месяцев, а не узнать нынче деревню Ямполь. Построено около 50 новых изб. Колхозы имеют ферму крупного рогатого скота, овцеводческую, птицеводческую фермы. Заканчивается строительство большой конюшни», — у ліпені 1944 года пісала газета «Бей фашистскую гадину».

Дзякуючы таму, што аказвалася дапамога з насеннем, беларусы павялічвалі аб'ёмы работ. «У 1945 годзе намячаецца далейшае пашырэнне пасяўных плошчаў, давядзенне іх да даваеннага часу», — пісала «Соцыялістычная праца» (орган Расонскага РК КП(б)Б) у снежні 1944 года.

Велізарную дапамогу Беларусь атрымала ад суседзяў. У 1944 годзе сюды ідуць эшалоны з Новасібірска, Іжэўска, Яраслаўля і Ульянаўска са станкамі, трактарамі, абсталяваннем для кузняў, сталярных, швейных і іншых майстэрняў, абсталяваннем і інвентаром для бальніц, школ, дзіцячых дамоў і г. д. З саюзнага бюджэту выдзяляюцца вялікія сумы.

«Для адраджэння народнай гаспадаркі ў вызваленых раёнах Беларусі ўрадам асігнавана ў бюджэт Беларускай Соцыялістычнай Рэспублікі 429 мільёнаў рублёў. Вялікае значэнне гэтай дапамогі бачна з таго, што для вызваленых раёнаў, якія пакуль яшчэ не маюць дастатковых крыніц прыбытку па зацверджанаму бюджэту, вызначаецца 329 мільёнаў рублёў датацыі за лік саюзных сродкаў, — паведамляў старшыня Савета народных камісараў Беларускай ССР П. К. Панамарэнка на VІ сесіі Вярхоўнага Савета БССР, якая прайшла 21 сакавіка 1944 года ў Гомелі. — На аднаўленне асноўных галін прамысловасці ўрад Саюза выдзеліў станкі, аўтамашыны, метал, лес, турбіны і генератары.

Для сельскай гаспадаркі ўжо завезена больш 1500 трактараў.

Дзяржава закупляе ў калгасах і ў калгаснікаў усходніх абласцей СССР і перадае беларускім калгаснікам 13 тысяч коней, 80 тысяч галоў буйнай рагатай жывёлы, 130 тысяч авечак і коз, 50 тысяч галоў свіней, 150 тысяч галоў дарослай птушкі і 350 тысяч яек для інкубатараў.

На выдаткі, звязаныя са зваротам эвакуіраванай жывёлы, асігнавана ўрадам 1 мільён рублёў. Для будаўніцтва жывёлагадоўчых пабудоў і ветарынарных устаноў вызначана 350 тысяч кубаметраў лесу, 30 тон цвікоў, 50 тон сартавога жалеза, 10 тысяч квадратных метраў шкла».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.