Вы тут

Беларусы распавялі, на якіх замежных кніжных кірмашах пабывалі


На адмысловай прэс-канферэнцыі беларусы распавялі, на якіх замежных кніжных кірмашах пабывалі, як сябе паказалі і што змаглі ўбачыць.


У мястэчку Гогалева каля Палтавы.

Адной з такіх знакавых вандровак стала паездка на Варшаўскую кніжную выстаўку. Пра яе расказаў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар БУЗОЎСКІ:

— У Варшаве, у прыватнасці, цікавяцца беларускамоўнай кнігай. Магчыма, гэта звязана з нашай доўгатэрміновай працай у азначаным напрамку. Падчас выстаўкі былі сустрэчы, якія дазваляюць гаварыць пра перспектывы ўзаемадзеяння. Будзем выдаваць кнігі, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы. Адзін з такіх праектаў прапанаваны і прэзентаваны Віктарам Корбутам (магчыма, ён будзе здзейснены пры сумесным фінансаванні беларускага і польскага бакоў). Корбуту ўдалося адшукаць малюнкі Чэслава Манюшкі — бацькі вядомага кампазітара. Гэта выявы, замалёўкі трох сталіц — Варшавы, Вільні і Мінска. Было адабрана 200 такіх малюнкаў. Ёсць ідэя выдаць выявы разам з фотаздымкамі тых жа месцаў, зробленымі ў сучаснасці. Атрымаецца такое цікавае параўнанне.

Пра наведванне XVІ Санкт-Пецярбургскага міжнароднага кніжнага салона расказала рэферэнт упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Вікторыя ЛУКАШУТЭ. Яна таксама акцэнтавала ўвагу на тым, што замежнікі цікавяцца беларускамоўнай кнігай:

— Найперш да нас прыходзяць людзі, якія захоўваюць цікавасць з году ў год. Яны чакаюць, каб завітаць на беларускі стэнд, убачыць, што новага з'явілася. Прыходзяць не толькі расіяне, пецярбуржцы — людзі, якія маюць беларускія карані, але і тыя, каму проста падабаецца наша мова, літаратура. Тыя, хто чытаў нашых класікаў, сучасных аўтараў у перакладзе на рускую мову, а цяпер ім цікава прачытаць у арыгінале. Завітваюць па дзіцячую літаратуру — хочуць навучаць сваіх дзяцей беларускай мове. Да таго ж мы атрымалі дамоўленасці аб пашырэнні асартыменту беларускіх кніг у піцерскіх кнігарнях.

Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава расказала пра наведванне беларускай дэлегацыяй ІІ Універсальнай кніжнай выстаўкі-кірмашу «Пошук» у Палтаве. Дзякуючы нашай прысутнасці кірмаш атрымаў статус ужо не рэгіянальнага, а міжнароднага. Бібліятэцы палтаўскага ўніверсітэта былі перададзены беларускія кнігі, найперш навучальныя дапаможнікі, што пабачылі свет у выдавецтвах «Народная асвета» і «Вышэйшая школа». Гэтыя кнігі выклікалі такі рэзананс у мясцовых жыхароў, што на наступным тыдні будзе зладжана дадатковая адмысловая прэзентацыя беларускіх выданняў. Беларусы наведалі і мястэчка Гогалева каля Палтавы — радзіму знакамітага пісьменніка, дзе працуе яго дом-музей. Таксама там адкрылася новая бібліятэка, дзе пакуль што не было ніводнай кнігі. Першым асобнікам стала прывезенае з Мінска выданне малюнкаў Марка Шагала да «Мёртвых душ». Падарунак атрымаўся сапраўды яркі і ўнікальны.

Дарэчы, назва палтаўскай выстаўкі-кірмашу «Пошук», па словах Алены Паўлавай, расшыфроўваецца так: «Палтаўскі аазіс шанавальнікаў украінскай кнігі».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: У кніжных аазісах свету

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?