Вы тут

Журналіст з Ізраіля: Мы моцна ўплываем на настрой грамадства


ХІV Беларускі міжнародны медыяфорум у Брэсце завяршыўся. Але засталіся слушныя думкі, важныя экспертныя тэзісы і адказы на пытанні, чым жывуць сучасныя сродкі масавай інфармацыі (і як далей жыць?). Мы прадстаўляем чытачам «Звязды» выказванні аднаго з замежных гасцей — галоўнага рэдактара ізраільскай радыёстанцыі «Першае радыё 89.1 FM» Уладзіміра ЗЯРНІЦКАГА:


«Я прыехаў на форум у Брэст, каб зразумець, чым жывуць медыя, якія пішуць, транслююць па-руску. У Ізраілі сёння жыве 1,3 мільёна рускамоўных чалавек (кожны восьмы). Гэта яўрэі — выхадцы практычна з усіх былых рэспублік СССР, з краін СНД у тым ліку. Таму з'явілася неабходнасць у нашай радыёстанцыі.

Ментальнасць большай часткі рускамоўных, якія ўжо 25—30 гадоў пражылі ў новай краіне, змянілася. Іх найперш цікавяць ізраільскія навіны: і, на жаль ці на шчасце, навін у нас заўсёды надзвычай шмат, горача ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Таму работа рускамоўнага СМІ збудавана так, што галоўнае месца займаюць навіны Ізраіля, Блізкага Усходу, стаўлення іншых да краіны — можа, не зусім карэктных. Толькі на трэцяй, чацвёртай пазіцыі ідуць навіны, якія прыходзяць з тых краін, з якіх гэтыя выхадцы прыехалі, — Расіі, Украіны, Беларусі. Як не дзіўна, выхадцаў з Украіны найбольш — каля 550 тысяч чалавек. Колькасна яны абыходзяць нават расіян. Таму створана праграма на ўкраінскай мове. Таксама ёсць перадача для выхадцаў з Сярэдняй Азіі і Усходу — «Дачка Каўказа». Мы не можам вяшчаць у адным фармаце, як гэта прынята на радыёстанцыях. Таму і музыка, якая ў нас гучыць, зусім розная: ад класікі да поп.

На форуме, дзе мы займаемся важнай праблемай — «Партнёрствам у імя будучыні», — натуральна, не пакідаем па-за ўвагай сродкі масавай інфармацыі ў той жа Расіі, Украіне, Малдове, Беларусі. Бо людзі ў Ізраілі (маю на ўвазе не толькі рускамоўных) надзвычай палітызаваныя: іх хвалюе ўсё, што адбываецца ў свеце. Яны не застаюцца абыякавыя і, ведаю дакладна, сочаць за тым, што адбываецца ў тых ці іншых краінах. Я ў сваім «Фэйсбуку» апісваю паездку — і дзясяткі, калі не сотні, людзей раяць мне, як быць, што рабіць, што гаварыць, куды пайсці: яны неабыякавыя і не забыліся!

Раскажу на канкрэтных прыкладах, што такое сродкі масавай інфармацыі і адказнасць нас як журналістаў і кіраўнікоў. Калі нашу радыёстанцыю Міністэрства сувязі вырашыла закрыць (быў такі перыяд), мы паведамілі пра гэта ў эфіры. І рускамоўныя ізраільцяне гатовыя былі выйсці на вуліцы і паліць пакрышкі — каб засталася радыёстанцыя. Бо ім патрэбна была крыніца інфармацыі, у тым ліку на рускай мове, — тая, якой давяраюць.

За 25 гадоў жыцця ў Ізраілі я зразумеў, што такое шчырая сапраўдная журналістыка. Уладальнік нашай радыёстанцыі — ізраільцянін, журналіст з 40-гадовым стажам — за амаль 17 гадоў майго кіравання радыёстанцыяй ні разу не даў каманду гаварыць пра нешта або некага лабіраваць. Таму мы дазваляем сабе прамаўляць усё, што думаем. За выключэннем, натуральна, ваеннай цэнзуры і таго, што забараняе казаць суд.

Сёння, калі сучасныя тэхналогіі абганяюць сродкі масавай інфармацыі, наш радыёслухач (ці глядач, чытач) робіцца непасрэдна супрацоўнікам. Бо гэты інтэрактыў, які цяпер існуе проста ў нерэальных аб'ёмах у выглядзе разнастайных месенджараў, робіць іх непасрэднымі ўдзельнікамі нашай працы. І мы ім вельмі ўдзячныя. 5 гадоў таму прымянілі такі досвед, калі эфір цалкам аддалі дзецям. Яны на радыё займаліся ўсім: навінамі, праграмамі, аглядам газет — прычым гэта былі дзеці ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Умова — казаць усё па-руску. Сёлета, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, яны будуць рабіць тое ж самае. Таму сучасны слухач — гэта частка радыёстанцыі, яе супрацоўнікі.

Варта распавесці пра сумленную журналістыку. На маю думку, яна мае тры складнікі. Гэта адказнасць чалавека за тое, што ён піша, расказвае, паказвае. Гэта смеласць — не пабаяцца, магчыма, быць звольненым. Трэці фактар — кампетэнтнасць — таго, пра што вы расказваеце ці што перадаяце.

Не трэба забывацца, што мы, журналісты, — таксама частка народа, якая атрымлівае інфармацыю і з гэтай інфармацыяй жыве. Мы вельмі моцна можам уплываць на настрой грамадства і маніпуляваць ім. Гэта накладвае на нас вельмі вялікую адказнасць. Важна не толькі інфармаваць, але і абараняць сваё грамадства і сваіх людзей. У яўрэяў ёсць добры вопыт у гэтым сэнсе. Маісей 40 гадоў вадзіў народ па пустыні. Спачатку ён праінфармаваў людзей пра сыход з Егіпта, а потым, калі Усявышні даў яму 10 запаветаў, ён яшчэ і абараняў іх з дапамогай гэтых запаветаў. У нас, калегі, падобная місія. Мы таксама інфармуем і ахоўваем сваю супольнасць. Таму ў нас ёсць будучыня і ёсць мэта, да якой імкнуцца».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

г. Брэст

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?