Вы тут

Беларускі падарожнік — пра свае паездкі ў самыя экстрэмальныя рэгіёны


Мінчанін Леанід Пашкоўскі, які год таму стаў лепшым travel-блогерам па версіі чытачоў часопіса Natіonal Geographіc Traveler, здымаў вулічныя банды ў Панаме і Гаіці, пабываў у трушчобах Мумбаі і Венесуэлы, у вёсцы індзейцаў у джунглях Коста-Рыкі, вывучаў кунг-фу ў ваколіцах Шаалінь... Сваёй мэтай беларускі падарожнік ставіць развянчанне стэрэатыпаў і забабонаў пра жыхароў гэтых малазразумелых для нас краін.


Фота: ultra-music.com

Нядаўна Леанід выступіў у Мінску з лекцыяй, у якой расказаў пра сваё падарожжа па Тыбеце, М'янме, Тайландзе, Кітаі і Бангладэш. Мы выбралі некалькі парад для тых, хто таксама марыць аб далёкіх падарожжах. Яшчэ вы даведаецеся пра жывога Буду і пра тое, жыхароў якой краіны Леанід лічыць найбольш падобнымі на беларусаў.

Самае важнае, на думку Леаніда, — гэта папярэдняя падрыхтоўка перад паездкай, асабліва калі едзеш у краіну, пра якую мала што ведаеш і пра якую іншыя мала што ведаюць. З чаго яна складаецца?

Вучыце мовы

— Калі я выбіраю, куды паехаць, заўсёды маю на ўвазе, што адзін з найважнейшых фактараў — мова. Каб мець магчымасць свабодна мець зносіны з людзьмі ва ўсім свеце, дастаткова ведаць тры самыя распаўсюджаныя мовы — англійскую, французскую і іспанскую. Вялікая колькасць краін у свеце — былыя калоніі гэтых трох дзяржаў. Таму, за выключэннем хіба што Кітая і арабскіх краін, усюды можна паразумецца, калі вы ведаеце мовы. Гэта моцна спрашчае жыццё.

Леанід прывёў прыклады, што можа быць, калі не валодаеш мовай краіны.

— Бангладэш — цудоўная краіна, вельмі адкрытыя і таварыскія людзі. Кожны трэці на вуліцы падыходзіў да мяне і спрабаваў завесці гутарку. Але нягледзячы на тое, што гэта былая англійская калонія, амаль ніхто не размаўляе па-англійску. Таму дыялог заўсёды будаваўся па стандартнай схеме. Падыходзіць бангладэшац і кажа: «Хэлоу, віч ё кантры?». Ты адказваеш: «Беларусь». «Ааа-а... окей. Сэнкью». І на гэтым усё, ён сыходзіць. У першы дзень ты думаеш: як выдатна — усе хочуць пазнаёміцца, усім цікава! Але праз два-тры дні такіх зносін ты ўжо гатовы ўзмаліцца: ну спытай пра што-небудзь яшчэ! Пагавары пра штосьці яшчэ! Але дзе там! «Беларусь? Окей!». І ўсё.

У Кітаі і Тыбеце таксама катастрофа: англійскай мовай амаль не карыстаюцца. Адзінае, што мяне ратавала, — гэта смартфон і перакладчык Гугл. Ты адкрываеш у смартфоне галасавы перакладчык, гаворыш у яго — той перакладае, затым твой суразмоўца кажа — і смартфон перакладае яго. Толькі так і можна было размаўляць. Там я сустрэў жывога Буду, і менавіта так мы з ім і размаўлялі, прычым даволі паспяхова. Пагаварылі нават пра сэнс жыцця, пра медытацыю...

Хто такі жывы Буда? Пачнём з таго, што ў Тыбеце да гэтага часу амаль адзіны спосаб атрымаць адукацыю — гэта манастыр. Школы там ёсць, але іх пабудавалі кітайцы і, адпаведна, уласна тыбецкай мовы і тыбецкай культуры там няшмат. Прычым многія гэтыя школы далёка не бясплатныя, а ў бедных качэўнікаў-тыбетцаў грошай няма. Таму многія дагэтуль аддаюць сваіх дзяцей у манастыры, каб яны атрымалі там адукацыю, і не толькі школьную, але і ўніверсітэцкую. Манастыры там велізарныя, і ў іх вучацца дзясяткі тысяч чалавек.

У адным з такіх манастыроў адзін чалавек прывёў мяне ў свой пакой, які выглядаў зусім не так, як пакоі іншых студэнтаў: шмат кніг, залатыя кандэлябры і шмат розных прадметаў сегмента лакшэры (раскошы). Потым ён прызнаўся, што ён жывы Буда.

Жывы Буда — гэта традыцыя тыбецкага будызму — перадача ўлады праз рэінкарнацыю. Калі памірае лама (іх там, дарэчы, шмат), лічыцца, што ён перараджаецца ў дзіця, якое пасля павінна заняць яго пасаду. Дык вось, пасля смерці ламы манахі з яго манастыра ездзяць па Тыбеце і па наборы пэўных прыкмет шукаюць дзіця, якое з'яўляецца яго перараджэннем. І гэтага хлопца знайшлі менавіта так. Уявіце, да вас у вёску прыязджае група манахаў і аб'яўляе: ваш хлопчык — жывы Буда. Бацькі з радасцю аддаюць свайго сына ў манастыр! Таму што гэта вялікі гонар, гэтага хлопчыка чакае вялікая будучыня. Яго спецыяльна рыхтуюць да таго, каб ён пасля заняў высокую пасаду. Ніякага сакральнага сэнсу ва ўсім гэтым асаблівага няма, ніякай рэінкарнацыі на самай справе няма. Гэта робіцца таму, што Тыбет заўсёды быў краінай з жорсткай феадальнай структурай. І каб выпадковыя людзі не займалі высокія пасады, там рабілі так: выхоўвалі правільнага, патрэбнага чалавека, які і займаў пасаду.

Гэты хлопец, дарэчы, аказаўся вельмі прыемным. Ён мне казаў: гэта проста традыцыя такая, я зусім звычайны чалавек, проста мне пашанцавала. І, што цікава, гэтая традыцыя цяпер выйшла за межы Тыбета. Шмат тыбетцаў сталі з'язджаць з радзімы, пачалі ўтварацца вялікія камуны тыбецкіх эмігрантаў у самых розных краінах. І цяпер такіх жывых Будаў шукаюць і знаходзяць і ў Аўстраліі, і ў ЗША, і ў Канадзе і г. д. Для чаго гэта робіцца? Каб захаваць тыбецкую культуру і сярод эмігранцкіх камун. Таму што пройдуць адно-два пакаленні — і можа забыцца і мова, і рэлігія, і культура.

Таму ў манастырах і выхоўваюць такога вось Буду, які потым вяртаецца ў сваю камуну і працуе з паствай, каб захаваць тыбецкія традыцыі і культуру. Гэтая старажытная традыцыя аказалася вельмі карыснай для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Леанід прызнаўся, што вучыць мовы з адмысловай праграмай на канале Ютуб. Яе стваральнік абяцае навучыць любой з асноўных сусветных моў за 16 гадзін.

— Гучыць як чыстая рэклама, — кажа Леанід. — Але на самай справе, калі я вучыў іспанскую мову, аказалася, што за гэтыя 16 урокаў становіцца зразумелай структура і логіка мовы, якая паказваецца з дапамогай формул, табліц і г. д. Мы ў звычайным жыцці рэдка карыстаемся многімі граматычнымі канструкцыямі, наш штодзённы слоўнікавы запас таксама не вельмі вялікі. Таму, калі зразумець асноўную базу і вывучыць хоць бы 300 слоў, — гэтага можа аказацца дастаткова, каб весці простыя дыялогі з носьбітамі мовы. Вы два месяцы больш-менш старанна вывучаеце мову з дапамогай інтэрнэту — і зможаце потым размаўляць! Справа ўсяго толькі ў матывацыі і трохі — у самадысцыпліне. Прынамсі, на мне гэта спрацавала.

Прадумвайце лагістыку падарожжа

Як яшчэ падрыхтавацца, асабліва перад паездкай у не вельмі вядомую і зразумелую краіну?

— Для гэтага трэба проста выдаткаваць адзін дзень на тое, каб вывучыць базавыя пытанні: як перамяшчацца, дзе што купляць, як правільна мяняць грошы, што можна рабіць у гэтай краіне, а што непажадана, што можна апранаць, а што нельга і г. д, — кажа беларускі падарожнік. — Гэта значыць, трэба пазнаёміцца з базавым наборам правілаў — і ваша жыццё нашмат спросціцца.

Яшчэ Леанід чытае артыкулы, кнігі, глядзіць фільмы і дакументальныя перадачы пра краіну, у якую збіраецца паехаць.

— Вядома, усе раяць чытаць даведнікі, — кажа ён. — Але гэта нудна, і я вам параю іншае: чытайце кнігі пра гэтую краіну, хай нават мастацкую літаратуру. Бо, нягледзячы на тое, што сюжэт у рамане будзе, хутчэй за ўсё, прыдуманы, усё роўна вы ў нейкай ступені зразумееце, якое жыццё ў гэтай краіне. Вы зразумееце штосьці аб тым, як там людзі адно з адным стасуюцца, вынесеце ўяўленне пра ежу, менталітэт. І гэта дапаможа не ўпасці ў культурны шок, калі жыццёвы ўклад у краіне моцна адрозніваецца ад звыклага вам.

Не бойцеся заводзіць новыя знаёмствы

Перад кожнай паездкай Леанід праз інтэрнэт шукае каго-небудзь з мясцовых, з кім можна пагаварыць, каб лепш зразумець краіну.

— Ёсць, напрыклад, сэрвіс, дзе мясцовыя жыхары прапануюць сябе ў якасці гідаў. Гэта не прафесійныя гіды, але яны могуць расказаць шмат цікавага. Наогул, гэта цудоўна — зірнуць на горад ці краіну вачыма мясцовага жыхара. Можна атрымаць велізарную колькасць новых уражанняў і нейкай новай праўды.

Трэба ўмець знаходзіць з людзьмі кантакт. Для гэтага проста цікаўцеся імі. Калі б вы ведалі, колькі людзей хочуць выгаварыцца! Яны з задавальненнем вам раскажуць усё пра сябе і сваё жыццё, калі ўбачаць у вас уважлівага і зацікаўленага слухача. Асабліва гэта датычыцца краін, дзе мала турыстаў.

І яшчэ трэба ўмець быць трохі нахабным. Я наогул сарамлівы чалавек у звычайным жыцці, у Мінску мне складана падысці да кагосьці пазнаёміцца. Але ў іншай краіне, калі я ў ролі вандроўніка, прымушаю сябе рабіць гэта.

Напрыклад, калі быў на Кубе, то захацеў зняць сюжэт пра сантэрыю — гэта адзін з іх культаў, у нечым падобны на вуду. Неяк ішоў па вуліцы і ўбачыў у акне алтар, побач з якім стаяла вялізная чорная жанчына. Я тут жа пагрукаўся ў дзверы да гэтых незнаёмых людзей. Яны сапраўды праводзілі абрад сантэрыі і сустрэлі мяне вельмі гасцінна. Напаілі ромам, а потым дазволілі зняць відэасюжэт на камеру і ўсё падрабязна расказалі! Так што не трэба баяцца, людзі любяць, калі імі цікавяцца.

* * *

— Падчас падарожжаў я пераканаўся ў тым, што абсалютна ўсюды жывуць прыемныя прыязныя людзі, — кажа Леанід. — У Венесуэле цябе могуць застрэліць з-за пары долараў, гэта праўда. Але ўсё з-за найцяжэйшага крызісу, а не з-за таго, што венесуэльцы такія дрэнныя. На самай справе там класныя людзі, і ў Мексіцы — таксама. Я ўвогуле лічу, што мексіканцы — гэта такія лацінаамерыканскія беларусы. Яны такія ж простыя, працавітыя і трохі сумныя. Але ўжо калі весяляцца, то на поўную!

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Усюды жывуць прыемныя, прыязныя людзі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.

Грамадства

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

1 верасня ў беларускія школы ў невялікіх населеных пунктах прыйдуць 12 крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё.

Эканоміка

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса, якая была прынята сёлета ў пачатку мая, а ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.