Вы тут

На арбіце харавога свята «Спявай, мая сталіца»


На працягу пяці гадоў Мінскае харавое свята «Спявай, мая сталіца» ўпрыгожвае культурнае жыццё горада. Сёлета III Мінскае харавое свята «Спявай, мая сталіца», арганізаванае каледжам імя Міхаіла Глінкі пры падтрымцы ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама, прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 95-годдзю заснавання Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі.


Зводны хор III Мінскага харавога свята «Спявай, мая сталіца!» Дырыжор, галоўны хормайстар — Аляксей Снітко.

У вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі аматары і прыхільнікі харавога мастацтва мелі магчымасць пачуць музыку, якая кранае нашы сэрцы і выклікае пачуцці ўдзячнасці і глыбокай павагі да ўсіх, хто набліжаў Перамогу, а таксама далучыцца да музыкі, якая натхняе і акрыляе цяпер.

Любоў да Радзімы і музычнага мастацтва аб’яднала харавыя калектывы дзіцячых музычных школ мастацтваў №№ 1, 4, 7, 9, 10, 12 г. Мінска, Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі, аркестр рускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чэрнікава, які на працягу кожнага свята, пачынаючы з 2015 года, з’яўляецца актыўным яго ўдзельнікам. Гістарычная старонка правядзення харавых святаў дапоўнілася сёлета гучаннем інструментальнага гурта каледжа пад кіраўніцтвам Алеся Собаля ў складзе Юліі Купрыянавай (гітара), Аляксандра Пінчука (бас-гітара) і самога кіраўніка (ударныя).

Адкрылася свята беларускай народнай песняй «З далёкіх, з краёў». У першым аддзяленні канцэрта ў выкананні зводнага хору Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі (кіраўнікі Аляксей Снітко, Кіра Славінская) і аркестра рускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік і дырыжор, кіраўнік праекта Уладзімір Чэрнікаў) прагучалі песні ваенных гадоў Ігара Лучанка, Уладзіміра Алоўнікава, Булата Акуджавы, Уладзіміра Высоцкага, Ісака Любана, Анатоля Новікава, Кірыла Маўчанава. Упершыню на сцэне Белдзяржфілармоніі ў суправаджэнні мужчынскай групы хору гучаў голас саліста, выпускніка каледжа Ільі Самаля падчас выканання песні Ігара Лучанка «Памяць сэрца». У песні Булата Акуджавы «Але нам патрэбна адно перамога» саліравала Арына Воляк, а «Майскі вальс» Ігара Лучанка выконваў Арцём Хамічонак.

У складзе зводнага хору пачэснае месца займалі творчыя калектывы каледжа: змешаны хор спецыяльнасці «Спевы акадэмічныя» (мастацкі кіраўнік Кіра Славінская), канцэртны хор спецыяльнасці «Дырыжыраванне (акадэмічны хор)» і ўладальнік заахвочвальнай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі жаночы камерны хор «Канцэрціна» (мастацкі кіраўнік Аляксей Снітко).

Другое аддзяленне канцэрта стала сапраўдным феерверкам гучанняў галасоў больш як паўтысячы юных удзельнікаў узорных харавых калектываў дзіцячых музычных школ мастацтваў г. Мінска і навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі. Невыпадкова праграма другога аддзялення свята «Спявай, мая сталіца» адкрылася песняй Алега Храмушына «Колькі нас?» (дырыжор Аляксей Снітко). Канцэртмайстарскае мастацтва паказвалі адначасна на дзвюх раялях Марыя Троць і Яўген Гальцаў.

Разам з выканаўцамі слухачы акунуліся ў свет дзяцінства, радасці і прыгод, успомнілі знаёмыя песні Уладзіміра Шаінскага «Калі мае сябры са мной» з кінастужкі «Па сакрэце ўсяму свету» (дырыжор Алена Барабіцкая), Ігара Лучанка «Дабрыня» (дырыжор Марына Кашпур, салісты Андрэй Кучынскі і Арына Рапавец), Яўгена Крылатава «Крылатыя арэлі» з кінастужкі «Прыгоды Электроніка» (дырыжор Вольга Крыпец).

Тэма сувязі пакаленняў гучала ў творах Ігара Лучанка «Пакланіцеся, унукі, дзеду» (дырыжор Галіна Аерава) і Эдуарда Зарыцкага «Нас яднае хор» (дырыжор Аляксей Клімовіч) у выкананні ўзорнага хору «Дэцыма» і хору «Музычныя пацеркі» Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 г. Мінска, а таксама Алены Атрашкевіч «Час выбраў нас» — з удзелам узорнага хору «Тоніка» Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л. Александроўскай г. Мінска (дырыжор Аляксей Снітко).

Харавое свята — гэта заўсёды «парад» не толькі спеўных калектываў, але і хормайстраў. На чале гэтага «спеўнага поля», створанага навучальнымі ўстановамі ў рамках святкавання гістарычных для краіны падзей, вылучалася выкананне вядучых калектываў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі: канцэртнага хору з творам Міхаіла Глінкі «Спадарожная песня» (дырыжор Аляксей Снітко) і жаночага хору «Мелодыка» з песняй Уладзіміра Высоцкага «Так здарылася — мужчыны сышлі» (дырыжор Вольга Крыпец).

Завяршыла прызнанне ў любові да сталіцы песня «Мінск» Алены Атрашкевіч на словы Барыса Макарэвіча, праспяваная зводным хорам (дырыжор і галоўны хормайстар свята Аляксей Снітко) у суправаджэнні канцэртмайстраў — кампазітара Алены Атрашкевіч і Яўгена Гальцова, інструментальнага гурта каледжа пад кіраўніцтвам Алеся Собаля. Падарункам для гледачоў і ўдзельнікаў свята стала асабістае выкананне за раялем кампазітара Алены Атрашкевіч падчас прэм’еры новай песні, з якой мы крочым у будучыню нашай сталіцы, маладзеем разам з ёй, спяваем і марым быць шчаслівымі:

Мінск — планета маладосці,

Горад промняў залатых.

Мінск — краіна прыгажосці,

Казка светлая на ўсіх!

Наталля КАРДАШОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».