Вы тут

Звініць як званочак


Посуд, зроблены на ганчарным крузе бабруйскімі майстрамі.


Гліна — матэрыял будучыні, упэўнены многія ганчары. Можа знікнуць нафта ды іншая сыравіна, а запасы гліны невычэрпныя. Мы проста ходзім па ёй. Да ўсяго гліна — матэрыял вельмі падатлівы і цёплы. Ужо шэсць тысяч гадоў людзі карыстаюцца керамікай! І яна не згінула, па-ранейшаму запатрабавана.

Вось, напрыклад, для бабруйскага рэгіёна характэрны дымлёныя, тэракотавыя і абварныя вырабы з гліны. Візітоўка — Цэнтр рамёстваў у пасёлку Глуша, дзе створана грунтоўная база для развіцця, папулярызацыі і захавання ганчарнага мастацтва. У верасні 2011 года тэхналогія ганчарных вырабаў майстрамі Бабруйскага раёна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

— А яшчэ бабруйская кераміка вылучаецца своеасаблівымі прапорцыямі, спалучэннем бескаляровай палівы з багатым каларытам чырвонай гліны, сціплымі дэкарыраванымі абводкамі і штампікамі, спецыфічнай канструкцыяй накрывак і ручак, — зазначае кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Стары майстар», створанага ў 1987 годзе пры Цэнтры рамёстваў пасёлка Глуша, Валерый Боўда. — Для нашых вырабаў характэрны чысціня форм і колеру, лаканічнасць пластыкі і дэкору, яркая падкрэсленасць прыроднай прыгажосці матэрыялу.

Праз пяць гадоў за высокія дасягненні ў творчасці «Старому майстру» прысвоілі ганаровае званне «Народны калектыў». Два яго ганчары — Юрый Боўда (родны брат Валерыя Боўды) і Аляксандр Арлоў — з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і маюць званне «Майстар народнай творчасці Беларусі». Дарэчы, пад кіраўніцтвам Аляксандра Арлова ганчарствам і лепкай з гліны ва ўзорным дзіцячым калектыве «Глечыкі», які дзейнічае пры Глушанскім раённым цэнтры рамёстваў, займаюцца і маленькія ганчары.

Бабруйскія ганчары не толькі зберагаюць традыцыйную тэхналогію гліняных вырабаў, але і прыўносяць новае ў тэхналагічны працэс, пры гэтым у кожнага майстра застаецца свой стыль, адчуванне прыгожага. Па ініцыятыве Юрыя Боўды яшчэ 30 гадоў таму распачаўся рух за адраджэнне, захаванне і развіццё ганчарнай справы ў Бабруйскім раёне і ў цэлым на Магілёўшчыне. Юрый Іванавіч валодае старымі тэхналогіямі чорназадымленай і абварной керамікі, вывучае і папулярызуе мясцовыя традыцыі ганчарства, перадае свае веды маладому пакаленню.

Майстру належыць арыгінальны спосаб апрацоўкі гліны — абвар. Юрый Іванавіч часты госць міжнародных ганчарных пленэраў у Расіі, Венесуэле, Арменіі, ва Украіне і пастаянны — у «Горадзе майстроў» на «Славянскім базары ў Віцебску». Керамістам стаў выпадкова. Жыў у пасёлку пад Бабруйскам, дзе знаходзіўся цэх керамікі. Неяк прачытаў у газеце аб’яву пра тое, што туды набіраюць вучняў. Вырашыў пайсці — і яму пашанцавала: трапіў да старых майстроў, вельмі паважаных асоб, якія шчыра дзяліліся сакрэтамі ганчарства.

Дарэчы, майстар па крупіцах узнаўляў тэхналогію абварной керамікі. Штосьці чэрпаў з кніг, а чагосьці дасягаў сам шляхам спроб і памылак. У выніку выпрацаваў уласную тэхналогію.

Абварная кераміка — рабенькая. Пры гэтай адмысловай тэхналогіі расол, у які дабаўляецца мука і іншыя кампаненты, награваецца і ў яго апускаецца гатовы гаршчок. Калі выраб цалкам апусціць у вадкасць, ён можа стаць аднатонны. Дасведчаны ганчар чыста інтуітыўна адчувае, колькі часу неабходна на тое, каб атрымаўся прыгожы і адмысловы малюнак, — лік ідзе на імгненні. Як мароз малюе на шкле ўзоры, так і расол размалёўвае гаршчок.

— Мы не выкарыстоўваем ніякай хіміі, таму наш посуд экалагічна чысты, — зазначае Валерый Боўда. — Напрыклад, абмазваем міску малаком і ставім у печ, дзе тэмпература дасягае 300 градусаў, — атрымліваецца светлая кераміка. Калі 400 градусаў — будзе цёмная, дымлёная. Вырабы па некалькі разоў абпальваем у печы, якая топіцца дровамі. Спачатку топім яе гадзін 12 — 14, каб яна паступова набірала тэмпературу. Потым печ шчыльна закрываем, перакрываем доступ кіслароду. У топку дабаўляем траву, апілкі. Печ паступова астывае, дым цалкам прабівае гліняны чарапок. Такі посуд ужо не прапускае вільгаць. Такі ж вынік і пасля апрацоўкі малаком: вільгаць не праходзіць.

У гліняным посудзе ўсё вельмі добра захоўвалася і не псавалася. Адным словам, увесь посуд быў для здароўя чалавека. Асабіста мяне ўразіў гліняны рукамыйнік. Калі яго крыху зварушыць, ён нахіляецца, і вады выцякае столькі, колькі трэба. Прадумана да дробязей. Дарэчы, посуд, зроблены на ганчарным крузе, звініць пры пастукванні, як званочак.

На базе Цэнтра рамёстваў п. Глуша ўжо дзесяць гадоў запар праводзіўся дзіцячы пленэр керамікі. І кіраўнікам юных ганчароў тут было чаму павучыцца. Сёлета восенню пленэр таксама будзе ладзіцца.

Раіса МАРЧУК

Фота Юрыя ІВАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?