Вы тут

Эмамалі Рахмон наведае Беларусь у канцы чэрвеня


Плануецца, што Прэзідэнт Таджыкістана прыбудзе з афіцыйным візітам у нашу краіну напярэдадні закрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Аб гэтым стала вядома падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі Махмадшарыфам Махмудам Хакдодам.


Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што тое, што пераадолеў народ Таджыкістана, і тое, як ён цяпер развіваецца пасля страшнага перыяду — Грамадзянскай вайны — заслугоўвае вялікай павагі. Смелы і непераможны — так ахарактарызаваў народ гэтай краіны беларускі лідар.

«Важна тое, што ў бліжэйшы час — мы пра гэта яшчэ раз дамовіліся — прыедзе ў Беларусь ваш прэзідэнт, наш паважаны чалавек, яго ведаюць, любяць у Беларусі. І ведае не толькі, як у нас прынята цяпер казаць, эліта — тыя, якія займаюцца палітыкай. Эмамалі Шарыпавіча добра ведае беларускі народ, мы чакаем яго прыезду. Таму наша сустрэча з вамі важная яшчэ і з гэтай нагоды», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. На сустрэчы закранулі тэму «дарожнай карты». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яе трэба строга рэалізоўваць, паколькі гэта выгадна дзвюм краінам.

Таксама Прэзідэнт расказаў пра сады — сумесным праекце Беларусі і Таджыкістана. «Мы паспрабуем вырошчваць тое, што вы ў сябе вырошчваеце. Гародніна, пладовыя культуры ўжо завезены сюды, і на поўдні нашай краіны мы спрабуем некаторыя варыянты. Калі пойдзе гэта — вы будзеце піянерам ў Беларусі па перамяшчэнню садоў крайняга поўдня некалі вялікай краіны, Савецкага саюза, сюды, у паўночную Беларусь», — з усмешкай адзначыў беларускі лідар і дадаў, што праект павінен атрымацца.

Раней Эмамалі Рахмон паведаміў Прэзідэнту аб выпуску 500 трактароў на сумесным прадпрыемстве ў гэтым годзе, вялікі попыт ёсць у суседніх дзяржавах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок гатовы і далей развіваць сумесныя вытворчасці. Такім чынам, ёсць добрыя прыклады супрацоўніцтва.

«Насцярожвае тое, што ў нас адбылося некаторае падзенне тавараабароту. Над гэтым трэба нашым МЗС-ам і ўрадам папрацаваць, каб выраўнаваць тавараабарот паміж дзвюма краінамі. І больш актыўна выходзіць на рынкі трэціх краін з нашай сумеснай з вамі прадукцыяй», — дадаў ён. У адказ пасол Таджыкістана ў Беларусі адзначыў, што ў яго краіне з шчырасцю і любоўю ставяцца да дружалюбнага беларускага народа, вельмі шануюць адносіны паміж краінамі. Паводле яго слоў, у Таджыкістане высока ацэньваюць выставы нашай краіны, правядзенне бізнес-форуму Беларусь — Таджыкістан — Афганістан, а таксама вялікі праект — сумеснае прадпрыемства па зборы сельгастэхнікі ў горадзе Гісар.

Даведка

Па выніках 2018 года тавараабарот склаў 37,4 млн долараў (87,1 % да ўзроўню 2017 года), экспарт — 33,4 млн долараў (84,5 %), імпарт — 4 млн долараў (118,7 %). Сальда станоўчае ў памеры 29,4 млн долараў. У студзені — сакавіку 2019 года тавараабарот знізіўся да 8,1 млн долараў (70,3 % да ўзроўню студзеня — сакавіка 2018 года), экспарт 6,8 млн долараў (62,7 %), імпарт —1,3 млн долараў (189,4 %). Сальда дадатнае ў суме 5,5 млн долараў.

Аснову экспарта ў Таджыкістан у 2019 годзе фармуюць пастаўкі спецыфічных тавараў, трактароў і седлавых цягачоў, цукру, драўнянастружкавых пліт, дываноў і падлогавых пакрыццяў, шын. З Таджыкістана імпартаваліся сушаныя фрукты, сумесі арэхаў або сушаных пладоў, нячэсанае баваўнянае валакно, баваўняная пража, тэкстыльнае адзенне.

Аб’ём знешняга гандлю паслугамі ў 2018 годзе склаў 4,1 млн долараў (94,3 % да ўзроўню 2017 году), экспарт — 3,4 млн долараў (85,5 %), імпарт — 0,7 млн долараў (186, 7 %). Сальда дадатнае ў суме 2,7 млн долараў.

У Таджыкістане дзейнічаюць больш за паўтара дзесятка беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ «БелАЗ», ААТ «МАЗ», ААТ «МТЗ», ААТ «Амкадор», ААТ «Гомсельмаш», ААТ «Бабруйскаграмаш».

Па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Таджыкістана ў Беларусі Махмадшарыф Махмуд Хакдод пагутарыў з журналістамі.

Паводле слоў пасла, у яго адбылася вельмі грунтоўная размова з беларускім лідарам. Казалі пра стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносін.

Ён нагадаў, што ў мінулым годзе Аляксандр Лукашэнка з афіцыйным візітам наведаў Таджыкістан, была арганізавана беларуская выстава, бізнэс-форум з удзелам дзелавых колаў як Беларусі і Таджыкістана, так і суседніх дзяржаў. Вялікім праектам дзвюх краін пасол назваў сумесную вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі ў Гісары (дарэчы, яго прадукцыя разлічана ў тым ліку на рынкі трэціх краін). Ён дадаў, што дасягнутыя ў рамках візіту дамоўленасці паспяхова рэалізуюцца.

Махмадшарыф Махмуд Хакдод таксама паведаміў, што ў красавіку ў Мінску адбылося пасяджэнне Міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, дзе быў выпрацаваны план мерапрыемстваў па рэалізацыі пастаўленых задач, асабліва па тэме стварэння новых сумесных вытворчасцей — у першую чаргу, гэта вытворчасць малака. «Два прадпрыемствы цяпер вельмі паспяхова рэалізуюць гэты праект, і думаю, што да канца гэтага года яны ўжо выйдуць на рэальны вынік», — дадаў ён.

Безумоўна, казалі пра сады дружбы ў Беларусі. Так, мноства гатункаў розных раслін з Таджыкістана ўжо пасаджаны ў беларускую зямлю, яны прыжыліся ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Ёсць планы па стварэнні саду грэцкага арэха ў Магілёўскай вобласці.

Адносіны паміж Таджыкістанам і Беларуссю пасол назваў вельмі добрымі, брацкімі і сяброўскімі. Гэтаму спрыяе як гістарычны кантэкст, так і рэгулярныя сустрэчы, візіты, у тым ліку на самым высокім узроўні. На думку пасла, негатыўных момантаў у нашых адносінах няма.

«Тавараабарот ў пачатку года трошкі упаў — гэта не негатыў. Пачатак года, самі разумееце, дагаворы ёсць, а пастаўкі яшчэ не адбыліся. Да канца года ёсць час, выправім гэта становішча», — сказаў ён.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.