Вы тут

"Я вырасла ў сям’і франтавіка"


Горадам майго дзяцінства, сталення, далучэння да вялікага подзвігу бацькоў стаў Гомель


Рыгор Здараўцоў з жонкай, дочкамі і ўнукамі

Праз адзінаццаць гадоў пасля вайны я пабачыла гэты свет. І так супала, што ў дзень майго нараджэння бацьку, ветэрану Вялікай Айчыннай Рыгору Пятровічу Здараўцову быў уручаны ордэн Чырвонай Зоркі, які шукаў яго з вайны. Бацька мужна ваяваў, ён меў чатыры раненні, быў за баявыя заслугі ўзнагароджаны ардэнамі, медалямі. Пасля вайны закончыў педінстытут у Мінску, стаў настаўнікам гісторыі. Гарачы прыхільнік жанру ваенных мемуараў, сабраў багатую бібліятэку. Так што вернасць пажыццёвая “ваеннай тэме” ў мяне, як кажуць, у крыві — з гомельскага дзяцінства.

Горад мой родны, Гомель паўстаў пасля вайны з руін і попелу. Многія вуліцы там названыя імёнамі герояў мінулай вайны, іх подзвігі назаўжды ў памяці нашай. У дзяцінстве я жыла на Трэцім батарэйным праездзе, у вялікім доме-зрубе з разнымі аканіцамі, які пабудаваў бацька пасля вайны.

Даўно тое было, а помніцца ж добра. Серабрыстыя дажджынкі сыплюцца на зямлю… Аранжавае лісце плавае ў восеньскіх лужынах, быццам маленькія караблікі. Я стаю ля Вечнага агню. Ён запалены на плошчы, каля брацкай магілы. Мы, юныя вартавыя, застылі ў ганаровай варце. І тую цішыню парушае толькі пошум ветру ў галінах дрэў ды гэты дождж па асфальце. Твары школьнікаў, якія стаяць на варце, урачыстыя і строгія. Такімі я іх бачу.

Помніцца мне й сёння, як да Вечнага агню падышла жанчына. Сівыя пасмы яе валасоў выбіліся з‑пад хусткі. Вельмі асцярожна паклала пунсовыя, у дажджавых кроплях гваздзікі да падножжа помніка. Пастаяла трохі. А потым падышла да адной з нас, пагладзіла па галаве й сказала: “І ў мяне дачка такая ж была… У сорак першым…”. Затым ціха сышла. І зноў восеньскі вецер гнаў па асфальце лісце, шапацеў дождж. А мы прадаўжалі стаяць у святой цішыні ля Вечнага агню.

Піянераў школы № 3 горада Гомеля, у якой я вучылася, рэгулярна прызначалі дзяжурыць ля Вечнага агню. Адбіралі лепшых, самых вартых — такое ў нас было патрыятычнае выхаванне. Мы стаялі ў ганаровай варце на Мемарыяле “Вечны агонь”, узведзеным на брацкай магіле савецкіх воінаў і падпольшчыкаў, якія загінулі ў 1943–44 гадах. Там, на Плошчы Працы, усталяваны помнік: скульптура салдата з апушчаным сцягам. І запалены Вечны агонь. У 1967 годзе было адкрыццё Кургана Славы, ён размешчаны недалёка ад Трэцяга батарэйнага праезду, дзе я жыла, у адным раёне. Я была на ўрачыстым адкрыцці — у групе ад Палаца піянераў, дзе займалася адразу ў некалькіх гуртках. Помніцца, была ў піянерскім гальштуку, з кветкамі. Шчаслівая: мне давялося ўдзельнічаць у важнай падзеі! Курган Славы быў насыпаны ў 1967 годзе ў Фестывальным парку паблізу Рэчыцкага праспекта. У кургане сабрана зямля больш чым са ста месцаў, дзе ў гады вайны праходзілі буйныя бітвы.

Рыгор Здараўцоў. Брэст, 1948

Мы жылі тады памяццю пра жорсткую, доўгую вайну, хоць ніколі яе не бачылі. Але тую памяць прынеслі з фронту нашы бацькі. Яна — частка саміх нас, жыцця нашага… Дзіўна тое, але ж я й цяпер памятаю некалькі вершаў і чатырохрадкоўяў, якія чытала, калі ўдзельнічала ў “літмантажах”, у шматлікіх мерапрыемствах, калі адкрывалі помнікі, праходзілі святкаванні, памятныя сустрэчы з ветэранамі ў школьныя гады ў Гомелі.

Як памяць пра вайну, так і сяброўства прадстаўнікоў розных народаў Савецкага Саюза, што разам змагаліся супраць нацыстаў — гэта моцны стрыжань майго жыцця. Ведаю: крывёю нашых бацькоў замацавана Вялікая Перамога. Давайце будзем памятаць пра тое мы ўсе, хто жыве ў незалежных краінах на постсавецкай тэрыторыі. Многім з нас проста пашанцавала нарадзіцца. І мне таксама, бо мой бацька-франтавік, Рыгор Пятровіч Здараўцоў, вярнуўся з вайны. Памятаючы пра яго, я заўсёды з вялікай удзячнасцю стаўлюся да ветэранаў, бо ведаю: часам выжыць на вайне было яшчэ цяжэй, чым застацца там назаўжды. Незабыўнымі сталі для мяне сустрэчы з членамі грамадскай арганізацыі ветэранаў-вызваліцеляў Беларусі ад нямецка фашысцкіх захопнікаў “Крым-Беларусь” у Еўпаторыі. Я едала кожнага з іх асабіста. Іх усё менш разам з намі, але яны ў нашых сэрцах — назаўжды.

Бо мы жывём і помнім.

Ад рэдакцыі. Дзіна Шаўчэнка паведаміла нам, што здымак Рыгора Здараўцова, які змяшчаем, так і быў паўколеравым — гэта не сучасная камп’ютарная апрацоўка. Зроблены пасля вайны: “Бацька тады праходзіў трохгадовую звыштэрміновую службу ва Узброеных сілах. На зваротным баку здымка надпіс: “Город Брест. 1 февраля 1948 года. Катенбор”. Паглядзела ў інтэрнэце: ёсць раён горада з назвай Кацін Бор”. Мы ўдакладнілі: яшчэ ў польскіх дакументах XІX стагоддзя й на тагачасных мапах вёска значылася як Катенборг (Katenborg). Гэта ў паўночна-заходняй частцы Брэста. Можа, так мясцовасць была названая па прозвішчы ранейшага ўладальніка? Borg — горад у перакладзе з ісландскай. Яшчэ Дзіна Шаўчэнка дадае, што 4-ы раз бацька быў цяжка паранены пад Кёнігсбергам, на целе ў розных месцах потым засталіся рубцы. “Пасля апошняга ранення ён доўга лячыўся, затым яго ўзялі ў штаб: пэўна, за выдатны почырк. Пасля вайны ж пісалася шмат розных дакументаў. Фота зроблена перад дэмабілізацыяй, бо ў 1948-м ён паступіў у педінстытут, дзе й сустрэў маму. Яны ў сакавіку 1949-га пажаніліся”.

Дзіна Шаўчэнка, старшыня Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Крым — Беларусь”, г. Еўпаторыя

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.