Вы тут

У Мірскім замку пройдуць «Кніжныя сустрэчы»


15 чэрвеня адбудзецца новы кніжны фестываль — і не дзе-небудзь, а ў Мірскім замку! Ён разгорнецца ў замкавым дворыку, а таксама на некаторых паверхах самога старажытнага мура. І паўсюль арганізатары абяцаюць бясплатны ўваход (варта не забыць прагуляцца і ў парку ля замка). Асобным мерапрыемствам запланаваны круглы стол, прысвечаны гістарычнай літаратуры, — і гэта не дзіўна. Карэспандэнт «Звязды» з першых вуснаў — ад будучых удзельнікаў кніжнага свята — пачула, з чым яны прыедуць у замак.


Пісьменніца, журналіст Людміла РУБЛЕЎСКАЯ:

— Я прэзентую свае кнігі, якія выйшлі цягам апошняга года. Адбудзецца знакавая сустрэча: я зноў прыеду ў Мірскі замак, дзе літаральна месяц таму прысутнічала на здымачнай пляцоўцы экранізацыі майго рамана «Авантуры Пранціша Вырвіча». Атрымаецца такое падарожжа ў часе. Тым больш што прэзентаваць я буду адразу дзве кнігі з гэтай серыі. Апошнюю, шостую частку, а таксама першую — бо людзі пастаянна пыталіся, шукалі яе, — таму кніга перавыдадзеная яшчэ раз (менавіта па ёй адбываецца экранізацыя). Я прысутнічала на начных здымках праекта. І трэба сказаць, што Мірскі замак выступіў у ролі Слуцкага замка. Адбывалася рэканструкцыя тэатра Гераніма Радзівіла — жорсткага магната. Гэта было абсалютна чароўнае відовішча! Толькі ўявіце: дзеці з мінскага харэаграфічнага вучылішча ў касцюмах эпохі барока, напудраных парыках на фоне габеленаў, цудоўнай мэблі, на старажытным паркеце... Гістарычныя экспанаты нібы ажылі. У Мірскім замку здымалі сцэны з танкам на паравым рухавіку па эскізах Леанарда да Вінчы, які фігуруе ў маім рамане. Я ніколі ў жыцці не думала, што ўбачу яго на свае вочы. Тым не менш гэтая цуд-машына ездзіла, страляла. Па сеціве разышлося шмат здымкаў здзіўленых турыстаў. Я спадзяюся, тое, што кіношнікі «Беларусфільма» зрабілі, стане яшчэ адной турыстычнай прывабнасцю для наведвальнікаў замка.

Пісьменнік, выдавец, краязнавец Віктар ХУРСІК:

— Я прэзентую сваю кнігу «Vаlе!» — яна пра асобу Магдалены Радзівіл. Ужо дваццаць гадоў я даследую жыццё гэтай жанчыны. І справа тут не выпадковая. Я нарадзіўся побач з яе маёнткам, хоць пэўны час і быў далёкі ад гісторыі. Але пасля вырашыў даведацца больш пра Магдалену — і палюбіў яе справы, яе жаноцкасць, яе незалежнасць і яе палітычныя і грамадскія погляды. Род Завішаў заўсёды падкрэсліваў сваю літвінскасць, сваю беларускасць. У адным з гістарычных даведнікаў вядомым сучасным даследчыкам гэты род пазначаны як старажытны польскі — на жаль, дапушчана такая памылка. На пачатку сваёй работы я адштурхнуўся ад таго, што мы не ведаем уласнай гісторыі. Тыя памкненні, якія цяпер існуюць у стварэнні кніг пра беларускую дзяржаўнасць, пра яе непарушнасць, нейкай ніткай я імкнуўся паказаць і ў выданні. Ёсць старажытнасць, ёсць даўні род. Я адлюстроўваў, чые бакі займалі Завішы, як яны памяркоўна імкнуліся вырашыць пытанне сваёй незалежнасці ў стасунках з першымі расійскімі чыноўнікамі, з губернатарам. І як іх прадстаўніца, Магдалена прыйшла да высновы, што менавіта ёй, найбагацейшай землеўласніцы Беларусі, было наканавана стаць фінансісткай беларускага адраджэння ў 1920-я гады. Ці было гэта дзівацтвам, ці было заканамерным? А ўвогуле пытанне фінансавання нацыянальных рухаў на пачатку ХХ стагоддзя і вызвалення з-пад расійскага прыгнёту ніхто не даследаваў. Я ж дакументальна паказаў, як адбывалася станаўленне таго, пра што і пра каго сёння мы з гонарам кажам — газету «Наша Ніва», выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», дзеячаў Янку Купалу, Браніслава Эпімаха-Шыпілу. Магдалена Радзівіл фінансавала і падпольныя школкі, і беларускасць касцёла і многае іншае. Шчыра запрашаю на сустрэчу ў Мір, каб яшчэ больш пранікнуцца духам гэтай асаблівай жанчыны.

Дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір АНДРЫЕВІЧ:

— Выдатна, што ёсць такія пісьменнікі, якія вяртаюць нас не проста да гісторыі, але да гісторыі культуры, да мінулага вядомых людзей-беларусаў. У наш час вельмі ахвотна чытаюць творы Уладзіміра Караткевіча. Таму мы рыхтуем энцыклапедычны даведнік, прысвечаны гэтаму аўтару, — у ім распавядаецца пра асабістыя пачуцці вядомага пісьменніка, пра яго сяброў, пра тое, як ствараліся выдатныя творы. Гэта першая прыступка да энцыклапедыі пра Караткевіча. Мы выдалі кнігу і пра народныя музеі ў школах — такіх у нас крыху больш за 180. Я мяркую, што мы запросім на кніжныя сустрэчы гісторыкаў, выкладчыкаў гісторыі і музейных работнікаў Карэліцкага раёна і ўвогуле Гродзеншчыны. Упэўнены, атрымаецца цікавая сустрэча. У серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя» свет пабачылі два выданні — «Як жылі продкі ў Х—ХІІІ стагоддзях?» і «Ваяры Беларусі Х—ХІ стагоддзяў». Гэта цікавыя гістарычныя, выдатна аздобленыя дзіцячыя кнігі. Яны ў школьнікаў і моладзі атрымаюць станоўчы водгук і яшчэ раз будуць прадстаўлены ў Міры.

Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь БАДАК:

— Чаму для круглага стала тэмай абрана менавіта гістарычная літаратура? Бо мы ўсе шмат гадзін праводзім за маніторамі сваіх камп'ютараў, але ў той жа час цікавасць да гісторыі ўвесь час павялічваецца. Думаю, гэта не проста цікавасць да мінулага, а цікавасць да саміх сябе — хто мы ёсць? Азіраючыся назад, вывучаючы старажытнасць праз мастацкія творы, мы ў той жа час глядзім у будучыню, і яна робіцца для нас больш акрэсленай. У круглым стале ўдзел прымуць нашы знакамітыя пісьменнікі — Людміла Рублеўская, Навум Гальпяровіч, Валерый Казакоў, Анатоль Бутэвіч. Кожны з іх так ці іначай працуе ў гістарычным жанры і мае сваю асобную літаратурную дзялянку, якая не перасякаецца з працай іншага аўтара... Тое, што ў Мірскі замак прыедуць пісьменнікі, мне здаецца важным не толькі для чытачоў, але і для саміх пісьменнікаў, якія змогуць знайсці там натхненне. Бо і Уладзімір Караткевіч ствараў, натхніўшыся беларускімі замкамі. Упэўнены, нашы пісьменнікі вернуцца з Міра з новымі ідэямі твораў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Там, дзе ажывае натхненне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.