Вы тут

Сем'і пражылі 3 дні без гаджэтаў і перагледзелі сваё стаўленне да іх


У Беларусі правялі сацыялагічнае даследаванне «Тры дні без гаджэтаў», падчас якога высвятлялі, чым іх можна замяніць і ці сталі сем'і больш шчаслівыя без электронных прылад. Апытанне паказала: амаль 70 % удзельнікаў прызналі сваю залежнасць, але ж многія ў выніку змянілі сваё стаўленне да гаджэтаў. А псіхіятры, якія прааналізавалі вынікі даследавання, канстатуюць, што інтэрнэт-залежнасць усё больш паглынае моладзь і падлеткаў і гэта выклікае шмат праблем у псіхічным здароўі.


У даследаванні прынялі ўдзел беларускія сем'і з дзецьмі да трох гадоў, дзе адзін з бацькоў знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. 29 % сем'яў прадстаўлялі вёскі (малыя гарады) і Мінск, 42 % удзельнікаў — абласныя цэнтры і буйныя гарады.

— На наш заклік першапачаткова адгукнулася больш за 500 сем'яў, але, усвядоміўшы, што давядзецца цалкам адмовіцца ад гаджэтаў на тры дні, на эксперымент пагадзілася толькі 10 % — 65 сем'яў, — расказвае Аляксандр ЛЯЎКОВІЧ, намеснік дырэктара кампаніі «Лыжка ў далоньцы», якая стала арганізатарам праекта. — Да канца іспыту дайшлі 52 сям'і, а 13 адсеяліся ў працэсе.

Сваё рашэнне выйсці з праекта ўдзельнікі аргументавалі па-рознаму. Вось адказ адной з жанчын, якая не вытрымала ізаляцыі ад сусветнага павуціння: «У інтэрнэце я слухаю музыку, гляджу прагноз надвор'я, кантактую. Без гэтага сёння жыць немагчыма».

Да эксперымента 88 % матуль праводзілі ў інтэрнэце да шасці гадзін штодзень, астатнія — сем і больш. Бацькі — амаль столькі ж, і толькі 10 % з іх — менш за гадзіну. На чытанне кніг выдаткоўвалася ў сярэднім 18 хвілін. Сярэдні ўзрост дзяцей у сем'ях удзельнікаў — паўтара года, і такія дзеці не спяць каля васьмі гадзін у суткі. Каля гадзіны штодзень у гаджэтах праводзіла 60 % малых, ад дзвюх да шасці гадзін — 37 %. І калі ў матуль асноўны дэвайс, якім яны карыстаюцца, — мабільны тэлефон, то ў дзяцей — тэлевізар. Большасць жанчын — 92 % — наведвалі сацыяльныя сеткі, 74 % глядзелі фільмы, 6 % — відэа.

Падчас эксперымента, калі ад гаджэтаў давялося цалкам адмовіцца, сем'і прызнаваліся, што ў іх павялічыўся час на прагулкі, наведванне сяброў і блізкіх, на іншыя справы. «Аказваецца, што дзень даўжэйшы», «Паспела пафарбаваць пазногці», — дзяліліся ўдзельніцы. У цэлым жа відавочным стаў той факт, што абмежаванае карыстанне электроннымі прыладамі паляпшае адносіны ў сям'і.

— Вуснае апытанне паказала, што многія ўдзельнікі змянілі сваё стаўленне да гаджэтаў, — падвёў вынікі Аляксандр Ляўковіч. — Некаторыя прызнаваліся, што дзякуючы эксперыменту асэнсавалі, як шмат часу губляюць на сядзенне ў інтэрнэце і колькі цікавых заняткаў з дзецьмі прапускаюць. А іншыя ўвогуле задумваюцца над тым, каб перыядычна практыкаваць дні без гаджэтаў у сваёй сям'і. 32 % удзельнікаў не змянілі сваё стаўленне, праўда, сярод іх былі і тыя, у каго першапачаткова яно было адмоўнае. А 68 % прызналі сваю залежнасць.

— Прызнанні некаторых бацькоў падчас даследавання ўражваюць. Дзеці да трох гадоў увогуле не павінны карыстацца гаджэтамі. Мультфільмы ў такім узросце можна глядзець 5—10 хвілін, ні ў якім разе не больш за паўгадзіны, — кажа кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, загадчык аддзела псіхічных і паводзінных расстройстваў РНПЦ псіхічнага здароўя Міхаіл ВАЖЭНІН. — Нядаўна ў нас быў 14-гадовы падлетак з простай формай шызафрэніі. Маці ў тры гады пасадзіла яго за камп'ютар. У восем ён ужо не мог наведваць школу. А ў 14 гадоў гэта была цалкам разбураная асоба.

Спецыяліст папярэджвае, што камп'ютарная залежнасць у дашкольным узросце вядзе да слабасці розуму, рассеянай увагі, гіперактыўнасці. І такія праблемы праяўляюцца не адразу, а калі дзіця ідзе ў школу. Да пяці гадоў малое не павінна мець ніякіх гаджэтаў, акрамя кнопачнага мабільнага тэлефона, упэўнены эксперт.

Міхаіл Важэнін прывёў і вынікі іншага даследавання, якое праводзілася ў Беларусі па дыягностыцы інтэрнэт-залежнасці ў падлеткаў і моладзі. Яе маюць 16 % падлеткаў. Прычым у 2 % гэта цяжкія формы з сур'ёзнымі псіхічнымі парушэннямі. У 6—7 % лёгкая ступень, пры якой дастаткова правільнага адукацыйнага падыходу. У астатніх інтэрнэт-залежнасць умеранай ступені, якая патрабуе псіхатэрапіі. Сярод моладзі 18—29 гадоў залежных ад інтэрнэту яшчэ больш — 19,8 %. Дарослым спецыяліст не рэкамендуе праводзіць у гаджэтах больш чым 2—4 гадзіны.

— Праграміст трое сутак прасядзеў за камп'ютарам. У выніку ў яго развіўся востры псіхоз, — кажа Міхаіл Важэнін. — Людзі, якія маюць генетычную схільнасць да псіхічных расстройстваў, праз злоўжыванне часам, праведзеным за камп'ютарам, атрымліваюць шкодныя наступствы для свайго псіхічнага здароўя. Гэта нашы патэнцыяльныя пацыенты ў будучым.

— Дзеці, якія шмат часу праводзяць у гаджэтах, развіваюцца не зусім правільна, мова ў іх фарміруецца горш, яны, калі казаць проста, крыху глухія, крыху сляпыя, хоць гэта і вельмі разумныя дзеці, — працягвае медыцынскі псіхолаг дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера г. Мінска Аліна ШЫЛАВА. — Для нармальнага развіцця дзіцяці неабходна кантактаванне — з людзьмі рознага полу, узросту і сацыяльных груп. Выцясненне зносінаў на карысць гаджэтаў фарміруе развіццё замкнёнасці і вялікай колькасці страхаў. Да таго ж гульня ў камп'ютары не развівае здольнасць працаваць. Калі дарослы можа адкласці планшэт і пайсці выконваць нейкую справу, то дзіця яшчэ не валодае такім развітым пачуццём адказнасці, яно не можа пакінуць гаджэт. Так забава пачынае займаць цэнтральнае месца ў яго жыцці.

Спецыялісты раяць не забываць, што менавіта бацькі адказныя за выхаванне дзіцяці. Устанаўліваць праграмы бацькоўскага кантролю, абмяжоўваць час карыстання камп'ютарам і смартфонам, займацца з дзецьмі, адцягваць увагу гульнямі і прагулкамі, памятаць, што схільнасць да актыўнага ладу жыцця і фізічных нагрузак фарміраваць трэба з дзяцінства, — асноўныя парады, каб пазбегнуць інтэрнэт-залежнасці.

— Калі ж вы ў прынцыпе не хочаце займацца выхаваннем сваіх дзяцей, то, магчыма, камп'ютар ці смартфон — не горшая альтэрнатыва, — рэзюмуе Аліна Шылава. — Але і не лепшая.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: У інтэрнэт-ізаляцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.