Вы тут

Агульную дыктоўку на беларускай мове напісалі каля 1000 чалавек


У першы дзень лета ў Мінску прайшла ўжо трэцяя па ліку акцыя «Агульная дыктоўка», якая мае на мэце не столькі павышэнне пісьменнасці, колькі наогул папулярызацыю, павелічэнне сярод розных пакаленняў беларусаў цікавасці і павагі да роднай мовы.


Каб праверыць і ўдасканаліць свае веды, у канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі дыктоўку пісалі некалькі сотняў чалавек, ад школьнікаў да пенсіянераў. А многія далучыліся да акцыі дыстанцыйна — дзякуючы прамой трансляцыі на канале «Культура» Беларускага радыё. Агулам жа на дыктоўку сёлета зарэгістраваліся звыш тысячы чалавек па ўсёй краіне. Як адзначыла спецыяліст па карпаратыўных камунікацыях ААТ «Лідскае піва» Надзея Нікалаева (менавіта гэты брэнд выступіў заснавальнікам і арганізатарам сацыяльна-адукацыйнай акцыі), сёлетняя дыктоўка стала самай маштабнай: «І нам вельмі прыемна, што, нягледзячы на выхадны дзень і пачатак лета, колькасць удзельнікаў сацыяльнага праекта па падтрымцы беларускай мовы з кожным годам павялічваецца».

А галоўным героем дыктоўкі стаў... акцёр Купалаўскага тэатра Міхаіл Зуй. Зрэшты, герояў было некалькі. Па-першае, філолаг, грамадска-палітычны дзеяч Мялецій Сматрыцкі — арганізатары прысвяцілі дыктоўку 400-годдзю ягонай «Граматыкі», што была выдадзена ў 1619 годзе ў Еўі, стала ўзорам для граматык некалькіх моў і цягам некалькіх стагоддзяў заставалася найбольш аўтарытэтным падручнікам па славянскім мовазнаўстве (нездарма Міхаіл Ламаносаў называў гэту кнігу «брамай вучонасці»). Па-другое, Андрусь Горват — пісьменнік і журналіст, чый раман-бестселер «Радзіва «Прудок» зрабіў, здаецца, немагчымае: прымусіў пакаленне «Z» чытаць па-беларуску, бо гэта крута і захапляльна. Па-трэцяе, Міхаіл Зуй — акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які нароўні з многімі іншымі купалаўцамі стаў героем новага рамана Горвата «Прэм'ера». Урывак з яго і паслужыў асновай сёлетняй дыктоўкі. І, нарэшце, Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук — папулярныя беларускія музыканты, удзельнікі гурта Nаvіbаnd, дагэтуль адзіныя, хто прадставіў на роднай мове нашу краіну на міжнародным песенным конкурсе «Еўрабачанне». Яны выступілі не толькі ў ролі чытальнікаў тэксту, старанна падказваючы інтанацыяй усе незразумелыя моманты, але і ў звыклым для сябе спеўным амплуа, падарыўшы прысутным добры настрой і некалькі музычных кампазіцый.

Усе работы, у тым ліку напісаныя завочна і дасланыя арганізатарам па электроннай пошце, праверыць вопытная каманда філолагаў, прычым выпраўленні абяцаюць залічваць на карысць экзаменаваных. Вынікі «Агульнай дыктоўкі — 2019» стануць вядомыя пасля 8 чэрвеня, а «харашысты» і выдатнікі па традыцыі атрымаюць падарункі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.