Вы тут

Язэп Дыла: апошні з першых


Першы наркам працы Савецкай Беларусі Язэп Дыла сярод герояў нашай рубрыкі — сапраўдны доўгажыхар. Мала каму з яго калег і аднадумцаў удалося дажыць да пяцідзесяці — калі не першая, дык другая хваля рэпрэсій змяла ўсіх, а ён памёр сваёй смерцю ў больш чым паважаным узросце — за тыдзень да свайго 93-га дня нараджэння... Шчаслівы, скажа хтосьці. Не факт, адкажуць тыя, хто ведае яго біяграфію. Бо чалавек, які з юнацтва рупіўся пра Беларусь і беларушчыну, які шчыра працаваў дзеля гэтай ідэі, амаль палову свайго доўгага жыцця правёў удалечыні ад Бацькаўшчыны. Спачатку вярнуцца дадому не давалі, пасля... Не захацеў сам? Як было на самай справе, мы сёння можам толькі здагадвацца, бо яго шматлікія рукапісы, напісаныя блытаным почыркам, дагэтуль ляжаць у архівах неразабраныя, дый пасля 1930-га пра яго жыццё (прычым ад яго самога) мы ведаем толькі сціслымі ўрыўкамі. А між тым у гісторыі нашай краіны ён пакінуў значны след. У першыя гады маладой рэспублікі гэта быў сапраўдны «ўніверсальны салдат», які займаўся адміністрацыйным дзяленнем, кіраваў нацыянальнай кааперацыяй, працаваў у тэрміналагічнай камісіі, рупіўся аб беларускім тэатры і кінематографе... А пасля — забыццё на доўгія гады. Зрэшты, чаму забыццё? Ёсць жа мы — тыя, хто хоча памятаць і ведаць.


Са­цы­я­ліст з на­цы­я­наль­ным ухі­лам

Язэп Дыла з усіх герояў нашай рубрыкі мае, бадай што, самы лагічны і зразумелы пачатак біяграфіі. Яшчэ з часу, калі хадзіў у Слуцкую гімназію, усё складвалася так, што побач з сацыялістычнымі ідэямі, якія ў той час луналі ў паветры, у яго жыцці дамінаваў менавіта нацыянальны складнік. Яму шанцавала з дарослымі людзьмі, якія трапляліся на яго шляху ад пачатку, для якіх сваё, беларускае, было неад'емнай умовай існавання.

Язэп (Восіп) Лявонавіч Дыла нарадзіўся ў красавіку 1880 года ў Слуцку ў сям'і паштовага служачага. Але да дзевяці гадоў, як ён сам згадвае ва ўспамінах, выхоўваўся ў бабулі і дзеда па маці, Дамінікі і Тодара Куляшэвічаў (Тодар Кулеша будзе пасля адным з яго псеўданімаў). Бабку Дамініку ён памятаў да канца свайго жыцця — яна згадваецца ў першых радках аўтабіяграфіі, якую з яго слоў Адам Мальдзіс запісваў, калі самому аўтару ішоў ужо 89-ы год (пра гэта раскажам ніжэй). Бабуля была сапраўднай носьбіткай народнай творчасці, ведала шмат песень і казак. А стрыечны брат бацькі нашага героя, Нічыпар Дыла, быў, як ён сам яго называе, апошнім слуцкім батлеечнікам, які са сваімі лялькамі хадзіў па хатах і паказваў прадстаўленні. Са стрыечным дзядзькам Язэп у дзяцінстве таксама добра камунікаваў, бо ва ўспамінах нават згадвае, што Нічыпар, здаралася, браў лішку, і тады лялек за яго вадзіла дачка Наталка...

Быў у жыцці хлопца яшчэ адзін важны чалавек. Аднойчы бацька запрасіў у іх дом Альгерда Абуховіча — таго самага ўдзельніка паўстання 1863 года, шляхціца, які адмовіўся ад маёмасці, пісьменніка, які тварыў на «мужыцкай» мове пад псеўданімам Граф Бандынэлі. Язэп разам з братам часта бываў у доме былога паўстанца. Падлеткі чулі там разважанні аб лепшай долі для народа, знаёміліся з новымі літаратурнымі творамі і класікай, вучыліся разумець, што ў роднай мове, на якой гавораць блізкія людзі, няма нічога заганнага. «Кожны раз пасля слухання яго баек, сатыры і вершаў мацнела ў мяне любоў да роднай мовы, і я ўжо не са слязьмі ў душы, а з гнеўнай упэўненасцю абараняў сваю родную мову, называючы тых, хто ставіўся да яе з пагардаю, здраднікамі свайго народа», — напіша пасля Язэп Дыла ва ўспамінах, прысвечаных свайму настаўніку.

Гэта было ў канцы ХІХ стагоддзя, і такая пазіцыя маладога чалавека не магла застацца незаўважанай у той жа гімназіі. Каб плаціць за навучанне, Язэп даваў прыватныя ўрокі «слуцкім мітрафанушкам», на гэтым падарваў здароўе. Бацькі адправілі яго на лячэнне, а вярнуўшыся адтуль, юнак даведаўся, што месца ў гімназіі яму як нядобранадзейнаму ўжо няма. Давялося шмат займацца самаадукацыяй, каб паступіць ва ўніверсітэт. У яго гэта атрымалася: у хуткім часе ён ужо значыўся студэнтам Юр'еўскага (сёння гэта эстонскі Тарту) ветэрынарнага інстытута і наведваў прыродазнаўчыя лекцыі ў тамтэйшым універсітэце.

У Юр'еве было шмат землякоў-беларусаў, дый студэнцкае жыццё на мяжы стагоддзяў, натхнёнае ідэямі марксізму, у імперыі віравала. «За ўдзел у студэнцкіх сходах і дэманстрацыях, за прымяненне супраць паліцыі хімічных рэчываў я арыштоўваўся, высылаўся, аддаваўся пад нагляд паліцыі. Урэшце ў 1903 годзе мяне ў трэці раз звольнілі канчаткова без права паступлення ў іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы», — чытаем у аўтабіяграфіі. Фарміраванне рэвалюцыянера было завершана.

Ад вы­даў­ца да ка­мі­са­ра пра­цы

У пошуках работы Дыла вяртаецца ў Беларусь і ўладкоўваецца ў газету «Северо-Западный край». Пасля звальнення (у адказ на тэлефонны званок назваў расійскіх генералаў у японскай кампаніі бяздарнымі, а суразмоўнікам аказаўся мінскі губернатар Мусін-Пушкін) падаўся ў Пецярбург, дзе падчас Крывавай нядзелі ледзь не трапіў пад казацкія шашкі — выратаваліся з сябрам, разбіўшы вітрыну і ўваліўшыся ў майстэрню нейкага скульптара. У тым жа 1905-м зноў вяртаецца ў Мінск, зноў уладкоўваецца ў «Северо-Западный край» — больш для адводу вачэй, бо ўжо ёсць іншая мэта — рэвалюцыя. Паліцыя пачынае сачыць за маладым чалавекам, які ўжо значыцца ў Мінскім камітэце РСДРП. Каб пазбегнуць арышту, ён падаецца ў Арэнбург, пасля ў Пецярбург, дзе знаёміцца з жонкай Купрына і дапамагае ёй наладзіць выданне новага літаратурнага часопіса «Современный мир». Пасля загадвае кніжным магазінам у Казані, займаецца кнігавыдавецкай справай у Маскве. Перад рэвалюцыяй ідзе ў гандаль — загадвае бюро па вывазе мануфактуры. (Не забываючыся, канешне, і пра рэвалюцыйную дзейнасць.) На гэтай пасадзе яго і заспела Кастрычніцкая рэвалюцыя.

Язэп Дыла быў адным з актыўных удзельнікаў І Усебеларускага з'езду ў снежні 1917-га. А як толькі ў Маскве пачаў дзейнічаць Белнацкам, ён тут жа ўключыўся ў яго работу, быў нейкі час старшынёй Цэнтральнага беларускага бежанскага камітэта, плённа супрацоўнічаў з рэдагуемай Цішкам Гартным «Дзянніцай», працаваў у выдавецтве. З кім быць — з «левымі» ці з «правымі», — пытання для яго не існавала: у кастрычніку 1918 года ўступіў у РКП(б) і стаў членам яе Маскоўскай беларускай секцыі. Ад яе быў дэлегатам І канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б), на якой у 20-х чыслах снежня 1918-га выказвалася спадзяванне аб хуткім стварэнні Беларускай рэспублікі. І калі рашэнне было прынята, а ў Маскве дзялілі партфелі новага ўрада, Язэпа Дылу, як знаёмага з прафсаюзнай работай, прызначылі камісарам працы.

У Смаленск на з'езд, дзе было прынята рашэнне аб стварэнні ССРБ, яны ехалі разам са Змітром Жылуновічам. Даведаўшыся, што ў Смаленску жыве Янка Купала, завіталі да яго — менавіта ад іх Пясняр даведаўся навіну аб новай рэспубліцы, з ім жа ўзнялі за яе тост...

Універсальны салдат рэвалюцыі

На новай пасадзе чакала шмат работы. У Мінску, адкуль ужо сышлі немцы, але пакуль не прыйшлі палякі, у будынку цырка штодня збіраліся прафсаюзныя мітынгі, на якіх чакалі адказу менавіта ад камісарыята працы (а камісарыят па першым часе быў толькі ўласна сакратар і машыністка). Асабліва складана было дамовіцца з бундаўцамі — яўрэйскім рэвалюцыйным аб'яданнем... Да таго ж працаваць ва ўрадзе давялося нядоўга — ён быў распушчаны ўжо ў лютым 1919-га, а ва ўрадзе новаўтворанай Літоўска-беларускай рэспублікі Язэпу Дылу з яго «нацыяналістычнымі поглядамі» месца не знайшлося. Але ён камуніст, і «ў парадку партыйнай дысцыпліны» едзе ў Маскву, дзе атрымлівае пасаду ў Цэнтрасаюзе, вакол якога аб'ядноўвалася ўся спажывецкая кааперацыя Савецкай рэспублікі. Там ён праяўляе сябе як удалы маркетолаг — прыдумвае, як здабываць такую патрэбную для маладой знясіленай краіны пушніну, якая лёгка прадавалася за валюту, на якую ў сваю чаргу купляліся за мяжой машыны. Дыла прапаноўвае каштоўныя шкуркі ў паляўнічых поўначы не купляць за абясцэненыя грошы, у якія ніхто не верыў, а мяняць футра на прадукты. Спрацавала — толькі за адзін рэйс па Обі нарыхтавалі 75 тысяч шкурак...

Яго вопыт і арганізатарскі талент не засталіся незаўважаныя ў адноўленай пасля вызвалення ад польскай акупацыі Савецкай Беларусі. У 1921 годзе сакратар Цэнтральнага бюро КПБ(б) Вільгельм Кнорын запрашае яго на работу ў Мінск. Дыла з жонкай і прыёмнай дачкой, дзяўчынкай-сіратой, якую падабралі на вакзале, перабіраецца ў беларускую сталіцу.

Чым ён займаўся ў Мінску? Прасцей адказаць, чым не займаўся гэты ўнікальны чалавек. У сваёй публікацыі, прымеркаванай да 130-годдзя Язэпа Дылы, Адам Мальдзіс піша, што яго найперш здзіўляла і здзіўляе да гэтага часу «шматграннасць дзейнасці Язэпа Дылы, энцыклапедычнасць яго ведаў, атрыманых пераважна шляхам самаадукацыі. Ён упэўнена адчуваў сябе ў самых розных сферах. Скажам, даручылі яму такую справу, як вызначэнне адміністрацыйных цэнтраў маладой рэспублікі. І Дыла, ездзячы па Беларусі, кіруецца найперш эканамічнымі меркаваннямі, глядзіць: куды сяляне звычайна накіроўваюцца на кірмашы. Выбар прызналі ўдалым — ён у многім дзейнічае да сённяшняга дня... Зрабілі яго адказным за электрыфікацыю — і ён едзе ў Маскву, да самога Глеба Кржыжаноўскага, кампетэнтна раіцца з ім, дзе будаваць новую электрастанцыю, і вырашаюць: толькі на Бярэзінскіх запасах торфу... Паставілі яго на чале Першага Беларускага драматычнага тэатра — і ён знаходзіць грошы на пастаноўку п'есы Міхася Чарота «На Купалле». Больш таго: адчуўшы рэпертуарны голад, сам піша «гістарычную хроніку ў 5 дзеях» «Панскі гайдук», наладжвае творчыя кантакты з кіеўскімі акцёрамі... І — ніводнага правалу. Наладзіць работу ў адной установе — яго пасылаюць у іншую...»

Месцы работы — таксама, зразумела розныя — Наркамасветы, Навукова-тэрміналагічная камісія, рэспубліканская кааперацыя, Дзяржаўная планавая камісія і Камісія па раянаванні тэрыторыі рэспублікі (абедзвюма кіраваў), БДТ-1, Інбелкульт (кіраўнік мастацкай секцыі), Белдзяржкіно... «У маладой Беларускай рэспубліцы тады не ставала людзей. І таму прыходзілася працаваць на самых розных — часта нечаканых пасадах, а парой і сумяшчаць па некалькі на раз», — тлумачыць ён у сваёй аўтабіяграфіі. І рэзюмуе: «Адным словам, спраў было шмат, спраў новых, цікавых і захапляючых»...

Я пацікавілася, што ж за п'еса «Панскі гайдук», якую Язэп Дыла напісаў для цяперашняга Купалаўскага. Сёння, яе, канешне, на сцэне наўрад ці паставіш, але нават пералік дзеючых асоб паказвае, што ў аўтара быў і літаратурны талент і пачуццё гумару. «Княгіня Раіна Прушынская-Горская, удава па чацвёртаму мужу, ганарыстая, тэмпераментная магнатка... Пані Даміцэля Магільніцкая, як прыбліжоная і ахмістрыня, таксама ўдава, легкадумная весялуха і распусніца... Пан Тадэвуш Чарнецкі, стары кавалер, хітры і жорсткі адміністратар, сыты, з чэравам... Пан Мацей Зубкоўскі, тыповы польскі шляхціц, без адвагі»... Цікавая кампанія, праўда? Язэпа Дылу некаторыя даследчыкі лічаць пачынальнікам сучаснай беларускай гістарычнай прозы — яго раман «На шляху з варагаў у грэкі» пісаўся раней, чым Караткевіч узяўся за «Дзікае паляванне». Як знаўца падзей ад непасрэднага ўдзельніка ён кансультаваў стваральнікаў стужкі «Кастусь Каліноўскі», якую здымалі ў 1928 годзе...

Со­рак тры га­ды без Ра­дзі­мы

У 1930-м гэты чалавек проста не мог не стаць фігурантам справы аб «Саюзе вызвалення Беларусі». Яго выракаюць на пяцігадовую ссылку ў далёкі Кунгур Пермскай вобласці. Пасля дазваляюць пераехаць у Саратаў. У жніўні 1938 года яго арыштавалі зноў, але ў сакавіку 1939-га справа была спынена (вельмі рэдка, але здаралася і такое).

Ён так і застаўся жыць у Саратаве. Не вярнуўся на Радзіму нават пасля таго, як у 1957-м яго рэабілітавалі. Шмат пісаў — некаторыя рэчы былі апублікаваныя яшчэ пры жыцці, некаторыя ў архівах чакаюць даследчыка, які разбярэ блытаны почырк. У 1968 годзе, калі рыхтавалася святкаванне 50-годдзя БССР, пра Язэпа Дылу, ужо 88-гадовага, успомнілі, накіравалі Адама Мальдзіса ў Саратаў з заданнем напісаць нарыс для часопіса «Полымя». «Я настройваўся пісаць нарыс. Але ў першы ж дзень зразумеў, што гісторыя мне не даруе, калі не запішу аўтарызаваныя ўспаміны Язэпа Дылы. Рабочы дзень у нас быў такі: ён паволі расказваў, а я імкнуўся як мага хутчэй, скарочана ўсё запісаць (дыктафона ж не было). Пасля абеду расшыфроўваў запісы, вечарам паволі зачытваў тэкст, а гаспадар уносіў карэктывы. Так за тыдзень мы прайшлі асноўныя вехі жыццёвага шляху наркама», — распавядае Адам Восіпавіч у згаданай публікацыі.

Аўтабіяграфія «Шлях амаль у сотню год» была апублікавана ў «Полымі», а пасля, у 1981 годзе, у асобнай кнізе «Творы», у якой сабраныя вершы, п'есы, успаміны, урыўкі з прозы Язэпа Дылы. Пагартаўшы гэту кнігу, я, здаецца, знайшла адказ, чаму ён больш не вярнуўся ў Беларусь. «У 1930 годзе я апынуўся за межамі Беларусі. Жыў пераважна ў Саратаве. Там жыву і цяпер, часта вяртаючыся ў думках у край майго дзяцінства, юнацтва і сталасці. І сёння, азіраючы ў думках свой амаль 90-гадовы жыццёвы шлях, я радуюся, што лепшую частку гэтага шляху я прайшоў, верна служачы свайму народу, маёй Беларусі».

Ён не прыехаў назад, каб Беларусь засталася для яго такой, у якой яму дазвалялі жыць і працаваць, дзе былі жывыя і поўныя сіл яго паплечнікі і аднадумцы, якая была яго спраўджанай марай. Ад той Беларусі яму засталіся толькі ўспаміны на доўгае-доўгае жыццё. Ён не вярнуўся, але хто мае права яго за гэта папракнуць?

Але­на ЛЯЎ­КО­ВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?