Вы тут

Амаль 77 тысяч чалавек зарэгістравалася для праходжання ЦТ


1 чэрвеня ў краіне завяршылася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. Усяго для здачы тэстаў зарэгістравалася амаль 77 тысяч чалавек. Яны будуць здаваць 258,3 тысячы тэстаў.


Фота мае ілюстрацыйны характар

Традыцыйна найбольшая колькасць пропускаў была аформлена для здачы тэста па рускай мове — амаль 63 тысячы. Ёсць абітурыенты, якія будуць здаваць і рускую, і беларускую мову, каб потым выбраць сертыфікат па дзяржаўнай мове з больш высокім балам. Права здаваць чатыры тэсты ёсць ва ўсіх, і калі абітурыент ужо дакладна вызначыўся з профілем будучай спецыяльнасці, то для падстрахоўкі некаторыя здаюць дзве дзяржаўныя мовы.

Нагадаем, што летась на тэсціраванне зарэгістраваўся 82 471 абітурыент (у 2017 годзе — 92 274). Такім чынам, колькасць прэтэндэнтаў на студэнцкі білет працягвае змяншацца, як, між іншым, і колькасць выпускнікоў 11 класаў. Наўрад ці хтосьці з абітурыентаў пажадае скарыстацца леташнімі сертыфікатамі ЦТ, бо сёлета будзе прымяняцца новая сістэма падліку балаў (хоць тэрмін дзеяння сертыфікатаў па-ранейшаму складае два гады і ніжнія парогі на ЦТ не змяніліся).

На тэст па матэматыцы зарэгістравалася больш за 42 тысячы чалавек, па фізіцы — каля 25 тысяч.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў Беларусі 11 чэрвеня, і па традыцыі першымі ў пункты здачы ЦТ прыйдуць абітурыенты, якія пажадалі здаваць экзамен па роднай мове. Рускую мову абітурыенты будуць здаваць 13 чэрвеня.

Прадугледжаны для здачы тэстаў таксама і тры рэзервовыя дні (6, 8 і 10 ліпеня), але арганізатары ЦТ папярэджваюць: да здачы тэставых іспытаў у рэзервовы дзень будуць дапушчаны толькі тыя абітурыенты, якія змогуць даказаць, што ў іх былі сур'ёзныя прычыны для пропуску экзамену, напрыклад, прад'явяць даведку пра сваю хваробу ці дакумент, які пацвярджае іх удзел у гэты момант у важных для краіны спартыўных ці творчых спаборніцтвах. Пры гэтым абавязковай умовай з'яўляецца наяўнасць рэгістрацыі на ЦТ ва ўстаноўленыя тэрміны — гэта значыць да 1 чэрвеня бягучага года. Калі абітурыент у маі знаходзіўся за мяжой і не мог асабіста зарэгістравацца на ЦТ, за яго гэта маглі зрабіць законныя прадстаўнікі або прадстаўнікі абітурыента на падставе заверанай натарыяльна даверанасці.

Усяго ў 2019/2020 навучальным годзе беларускія ВНУ плануюць прыняць 54,7 тысячы першакурснікаў. На бюджэтныя месцы ў ВНУ змогуць прэтэндаваць 26,6 тысячы абітурыентаў — на 0,7 % больш, чым летась. Колькасць бюджэтнікаў дзённай формы навучання павялічыцца на медыцынскіх, ІТ-спецыяльнасцях, а таксама на спецыяльнасцях, звязаных з фізічнай культурай і спортам.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Колькі прэтэндэнтаў на студэнцкі білет?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».