Вы тут

За кім будучыня нацыянальнай кухні?


Ёсць такая рэальная гісторыя, якая стала асновай для галівудскага фільма «Джулі і Джулія». Жанчына па імені Джулі Паўэл, працуючы аператарам кол-цэнтра (а ў фільме — сакратаркай), вырашае штодня гатаваць па адной страве з кнігі іншай Джуліі, па прозвішчы Чайлд, якая жыла стагоддзем раней. Кніга называецца «Як авалодаць мастацтвам французскай кухні?» Тое ж адбываецца і ў фільме: на звычайнай невялічкай кухні ў хмарачосе гараджанка ажыўляе рэцэпты з мінулай эпохі.


Справа гэта зусім не простая — ні з першага погляду, ні пры дэталёвай яе распрацоўцы. Амерыканка, прывучаная да фастфуду (хуткай ежы), вучыцца гатаваць складаныя соўсы, сама разбірае тушку індычкі, выпякае складаныя дэсерты. І ўсё гэта ў вольны ад асноўнай працы час, вечарамі, калі звычайнае жыццё ўжо заціхае... Тэмп гераіня задала сабе вельмі высокі: 365 страў за 365 дзён — ні дня без складанага гатавання!

Думаю, на голым энтузіязме вытрымаць гэтую кулінарную дыстанцыю было б вельмі няпроста. Джулі дапамагае тое, што яна вядзе ў Сеціве блог, у якім штодня апісвае працэс гатавання. Блог даволі хутка займеў вялікую папулярнасць. І вось жанчына ў пэўным сэнсе ўжо гатуе не адна — за яе поспехамі (а магчыма, і няўдачамі) пастаянна сочыць шмат людзей.

У выніку ўсё ў кухаркі-амерыканкі атрымліваецца: справу яна даводзіць да канца і французскай кухняй авалодвае — разам са сваімі чытачамі. Яе блог выдалі як асобную кнігу, якая таксама займела папулярнасць. А ў выніку і фільм вырашылі зняць — рэальная Джулі ўдзельнічала ў напісанні сцэнарыя.

У маёй галаве адразу ўзнікла паралель з нашай сучаснасцю і з кнігамі па старажытнай беларускай кухні — «Літоўская гаспадыня» Ганны Цюндзявіцкай і «Наша страва. Сапраўдная беларуская кухня» ўкладальніка Алеся Белага. Думаю, было б цікава, каб якая-небудзь Ганна (ці Алесь) ва ўмовах сучаснасці правялі той жа эксперымент — на ўласнай кухні, для сваіх сямейнікаў кожны дзень гатавалі б па адной страве з кнігі — і так столькі дзён, колькі страў у кнізе!

Хтосьці прыгадае, што на тэлеканале «Беларусь 3» ёсць нечым падобная перадача: спачатку ў вясковай хаце гатуецца арыгінальная страва, а паралельна яе ж у тэлестудыі гатуюць тэлевядучая і шэф-повар. Але, па-першае, арыгінальная страва ў студыі даволі часта асучасніваецца — ёй дадаюцца новыя, і на думку прафесійнага кухара, важныя рысы — таму пра аўтэнтычнасць ежы мы ўжо не гаворым. А па-другое, я неяк спрабавала занатаваць рэцэпт з тэлеэкрана — таксама нічога не атрымалася: ці то прапорцыі не былі прапісаны, ці то быў прадстаўлены толькі сучасны варыянт...

Безумоўна, перадача мае права на жыццё — і яе цікава паглядзець. Але такіх вось «энтузіястаў з народа», Ганнаў і Алесяў, якія маглі б сур'ёзна ўзяцца за папулярызацыю традыцыйнай беларускай ежы, нам вельмі не хапае. І калі ў плане даследавання айчыннай кухні ладны кавалак гэтай працы зроблены тым жа Алесем Белым, то ў справе самога прыгатавання і пераемнасці існуе вялізны прабел. Некалькі сталічных рэстаранаў гатовыя прапанаваць аўтэнтычныя стравы (вядома ж, па завоблачных коштах), а вось дзесьці ў рэгіёнах (калі толькі не трапіце ў госці непасрэдна да хлебасольнай гаспадыні) вы не пакаштуеце таго смакоцця, якое ад прадзедаў спакон вякоў.

Патрэбны такія Джуліі-Ганны і Алесі, якія ажывяць запыленыя рэцэпты. Або занатуюць, навучацца гатаваць тое, што яшчэ ад прабабуль, але па-ранейшаму гатуюць мамы. І не толькі зробяць гэта здабыткам уласных сем'яў, але і ў пэўнай простай, нязмушанай форме падзеляцца з іншымі.

І тады наша кухня закрасуе. Яе перасохлае рэчышча запоўніцца малочнымі рэкамі сярод кісельных берагоў — і не толькі. Цяпер модным робіцца здаровае харчаванне — людзі свядома адмаўляюцца ад салодкага, мучнога, смажанага, вялікую ўвагу надаюць садавіне і агародніне. Хто ведае, можа, заўтра такую ўсенародную любоў займее беларуская кухня?.. Плынь часу і густаў непрадказальная. А накіроўваюць гэтую плынь звычайна канкрэтныя людзі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота bеstbеlаrus.bу

Загаловак у газеце: Ганны-Джуліі і Алесі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.