Вы тут

Сёлета Першамайскі раён сталіцы адзначае сваё 50-годдзе


А яшчэ гісторыя Першамайскага раёна непарыўна звязана з гісторыяй «Звязды».


Сёлета Першамайскі раён сталіцы адзначае сваё 50-годдзе. Як заўважыў старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, сёння гэта частка Мінска з высокай канцэнтрацыяй творчых ідэй, найноўшых ведаў і высокіх тэхналогій. На тэрыторыі Першамайскага раёна размешчаны чатыры з сямі акадэмій (Акадэмія навук са шматлікімі ўстановамі і інстытутамі, Ваенная, Паслядыпломнай адукацыі, і мастацтваў). Тут знаходзіцца каля 250 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў, выпускаецца інавацыйная прадукцыя. «За мінулы год аб'ём экспарту тавараў ведамаснымі арганізацыямі раёна перавысіў 372 мільёны долараў і павялічыўся прыблізна ў паўтара разы ад узроўню папярэдняга года», — паведаміў кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Ігар Кудрэвіч. Знешні гандаль раён наладзіў са 154 краінамі. Мясцовыя тавары ідуць на экспарт у 94 краіны, прычым геаграфія паставак з кожным годам пашыраецца: пра беларускую прадукцыю ведаюць у Пакістане, Чылі, Тунісе, Ліберыі, Конга, Катары, на Філіпінах, у Люксембургу і іншых месцах.

За 2018 год аказана паслуг па экспарце прыкладна на мільярд долараў ЗША, ці 126 працэнтаў ад узроўню 2017 года. За першы квартал бягучага года экспартавана паслуг на 246 мільёнаў долараў. У структуры экспарту найбольшую долю займаюць камп'ютарныя, тэлекамунікацыйныя, інфармацыйныя паслугі (больш за 63 працэнты). Наогул, як заўважыў Ігар Кудрэвіч, за апошнія пяць гадоў экспарт паслуг раёна вырас больш чым у два разы.

Не дзіва, што менавіта ў Першамайскім раёне самыя высокія заробкі па краіне ў сярэднім больш за дзве тысячы рублёў, бо тут зарэгістраваны Парк высокіх тэхналогій, у склад якога ўваходзіць каля 500 кампаній з колькасцю работнікаў больш за 45 тысяч чалавек, якія займаюцца распрацоўкай праграмных прадуктаў і паслуг для кліентаў з больш чым 67 краін свету...

Падарожжа ў часе

Падчас навукова-практычнай канферэнцыі «Першамайскі раён г. Мінска: гісторыя, культура, людзі», што адбылася ў Акадэміі навук, можна было не толькі даведацца пра сучаснае жыццё адміністрацыйнай адзінкі і пазнаёміцца з яе найлепшымі навучэнцамі і студэнтамі (тут былі ўзнагароджаны лаўрэаты спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі). Установы культуры і адукацыі, прадпрыемствы дзяліліся сваімі дасягненнямі, а вучоныя Інстытута гісторыі НАН запрасілі ўсіх прысутных у віртуальнае падарожжа ў часе і прасторы, падчас якога можна было даведацца шмат новага пра тое, што раней адбывалася на гэтай тэрыторыі. 105 тысяч гадоў таму тут, напрыклад, гулялі... лясныя сланы. Пра гэта сведчаць косткі, знойдзеныя падчас будаўнічых работ і перададзеныя навукоўцам.

У ХVІ—ХVІІІ стагоддзях землі сучаснага Першамайскага раёна былі прыватнаўласніцкімі і адносіліся не да Мінска, а да маёнтка Смалявічы. Першы вядомы населены пункт у гэтай мясцовасці — сяло Слепня. У старажытных дакументах згадваюцца колькасць насельніцтва, памеры сядзіб сялянскіх двароў і чым займаліся людзі. Так, тут былі млын і карчма — такія пабудовы аказаліся запатрабаванымі, бо недалёка знаходзіўся Мінск. У першай палове ХVІІ стагоддзя Слепня была буйным, добра развітым населеным пунктам. Пазней ёй давялося прайсці праз заняпад, але сяло аднавілася, і ў канцы ХVІІІ стагоддзя Слепня займала шэсць валок. Тут было 10 дамоў, 60 жыхароў (для параўнання: ваколіца Зялёны Лог — 4,5 валокі, чатыры дамы, 18 жыхароў, вёска Уручча — 10 валок, два дамы, 19 жыхароў, слабада Камароўка — 10 дамоў і 34 жыхары).

А заўтра была вайна

Пазнаёміцца з жыццём Мінска ў 1938—1945 гадах запрасіла старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Ірына Варанкова.

— Першае раяніраванне Мінска праведзена па рашэнні цэнтральнага выканаўчага камітэта Беларускай ССР 17 сакавіка 1938 года, калі насельніцтва сталіцы дасягнула больш чым 244 тысяч чалавек, — паведаміла Ірына Юр'еўна. — Было створана тры адміністрацыйныя раёны: самы буйны — Варашылаўскі (названы ў гонар народнага камісара) з колькасцю насельніцтва больш за 104 тысяч чалавек, Кагановіцкі раён з насельніцтвам больш за 70 тысяч чалавек і Сталінскі з насельніцтвам больш за 60 тысяч. Варашылаўскі раён можна лічыць папярэднікам сучаснага раёна.

Да вайны горад заканчваўся ў раёне парка Чалюскінцаў, а цэнтральнай часткай Мінска ў той час лічылі тэрыторыю, дзе сёння знаходзіцца плошча Якуба Коласа (да 1956 года яна называлася Камароўскай плошчай, а мінчане часцей яе звалі «Камароўскімі віламі»). Ірына Юр'еўна запрасіла на віртуальную экскурсію па паўночна-ўсходняй частцы Варашылаўскага раёна — туды, дзе размяшчаецца сучасны раён-юбіляр. У 1929—1931 гадах тут былі ўзведзены будынкі бальніцы, да вайны вядомыя як клінічны гарадок. Ён не пацярпеў ад бамбардзіровак у пачатку Вялікай Айчыннай, і таму сюды паступалі параненыя асколкамі людзі і тыя, хто атрымаў апёкі ў пажарах. Але калі Мінск быў акупаваны, немцы размясцілі тут свой ваенны шпіталь, які функцыянаваў да чэрвеня 1944 года і прымаў нямецкіх салдат і афіцэраў, параненых пад Масквой, Сталінградам, Курскам і інш. Побач з клінічным гарадком немцы арганізавалі могілкі, дзе хавалі тых, каго ўрачам не ўдалося выратаваць. Могілкі паступова разрасталіся, займалі тэрыторыю, дзе сёння стаіць кінатэатр «Кастрычнік», ішлі ўздоўж карпусоў Акадэміі навук. Але ў 1943 годзе немцы перанеслі пахаванні за межы горада. Пасля вызвалення Мінска клінічны гарадок стаў прымаць параненых савецкіх салдат. Да нашага часу захавалася некалькі яго карпусоў.

У межах сучаснай вуліцы Сурганава размяшчаўся Усебеларускі стадыён (адкрыты ў 1930 годзе), які ўмяшчаў 10 тысяч гледачоў. Ён быў асноўнай спартыўнай пляцоўкай краіны (пакуль не адкрылі стадыён «Дынама»). У гады акупацыі ён прыйшоў у заняпад, вяртаць яго да спартыўнага жыцця не сталі, але і землі доўга не чапалі, тэрыторыя была забудавана толькі ў 1967 годзе.

У 1930 годзе ў Мінску пачалі будаваць Акадэмічны гарадок, у 1935-м увялі першы будынак, дзе зараз знаходзіцца Інстытут фізікі, у 40-м годзе завяршылі будаўніцтва галоўнага корпуса Прэзідыума Акадэміі. У апошнім у пачатку акупацыі гітлераўцы размясцілі свае воінскія часці. Моцна пацярпеў галоўны корпус падчас баёў за вызваленне Мінска ў ліпені 1944, але пасля гэты прыгожы будынак быў адноўлены.

Насупраць галоўнага корпуса Акадэміі стаіць стары будынак Дома друку. Пабудаваны ён у 1935 годзе. Тут знаходзілася найбуйнейшае паліграфічнае прадпрыемства Беларусі, абсталяванне якога ў гады вайны немцы выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах. Але ўдзельнікі адной з падпольных груп — друкарскія наборшчыкі Свірыдаў і Пупко ў пачатку мая 1942 года набралі тут першы нумар падпольнай газеты «Звязда»! Уявіце, у якое шаленства прыйшлі акупанты, калі ўбачылі нумары падпольнай газеты. І гэта пасля масавых распраў, калі яны збіраліся рапартаваць пра тое, што падполле ў Мінску знішчана...

Ёсць яшчэ адна драматычная старонка ў гісторыі былога Варашылаўскага раёна, якая таксама звязана з газетай «Звязда». Раней у межах сучасных вуліц Сурганава, Калініна і тэрыторый уздоўж праспекта Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа размяшчаўся Камароўскі пасёлак, у 1937 годзе ў сувязі з вялікімі святкаваннямі дзён памяці Пушкіна яго назвалі Пушкінскім. Пасёлак быў забудаваны тыпавымі драўлянымі баракамі на 16 кватэр. (Дарэчы, асобныя дамы Пушкінскага пасёлка прастаялі да 1990-х гадоў). У гады вайны тут збіраліся падпольшчыкі, захоўвалася зброя і падпольная літаратура. Тут жыў рэдактар першага падпольнага нумара «Звязды» Уладзімір Амельянюк. У пасёлку знаходзілася і канспіратыўная кватэра аднаго з арганізатараў мінскага падполля Івана Кабушкіна, які пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Лясныя сланы, уцалелая спадчына і сучасныя тэхналогіі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.