Вы тут

У Гомелі распачата будаўніцтва новага праваслаўнага храма


У Гомелі распачата будаўніцтва храма ў гонар свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага, і свяшчэннапакутніка Іаана, епіскапа Рыльскага. Камень і памятную капсулу ў яго падмурак заклаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Дарэчы, дзеянне носіць глыбокі сакральны сэнс: у праваслаўнай традыцыі закладны камень сімвалізуе самога Ісуса Хрыста.


Гэта першы храм у Беларусі, прысвечаны святым, якія жылі ў няпростым для праваслаўнай царквы ХХ стагоддзі. Будучы храм з'явіцца на вуліцы Якубава. Цяпер там, у прыстасаваным памяшканні былога дзіцячага садка, размяшчаецца царква ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць». На працягу васямнаццаці гадоў тут дзейнічае духоўна-асветніцкі цэнтр, у якім не толькі праходзяць праваслаўныя набажэнствы, але і дзейнічаюць біблейска-багаслоўскія курсы, праходзяць заняткі нядзельнай школы і фотаклуба, выдаецца тэматычны часопіс.

Будаўніцтва новага храма ініцыяваў архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан. Цяпер ужо пабудавана цокальная частка храма. Па словах настаяцеля храма, протаіерэя Вадзіма Качана, зрабіць свой унёсак у будаўніцтва можа любы ахвотны:

— Імя ахвярадаўцы наносіцца на цэглу, якая потым будзе закладзена ў сцены храма. Між тым частка мошчаў свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага з'явілася на прыходзе яшчэ за некалькі год да таго, як было распачата будаўніцтва. Прыхаджане царквы ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» пераехалі жыць у Амерыку. Яны паспрыялі таму, што ў 2010 годзе ў Гомель перадалі частку мошчаў свяціцеля.

Дарэчы, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел восем гадоў нёс царкоўны послух у Амерыцы. Ён узгадаў, як складана ў 1992 годзе было трапіць да мошчаў свяціцеля Іаана:

— У першы год, калі я прыехаў у Сан-Францыска, свяціцель Іаан Шанхайскі толькі нядаўна быў услаўлены і знойдзены яго мошчы. Яны знаходзіліся ў кафедральным саборы. Але ў той час у нас былі вельмі складаныя ўзаемаадносіны з замежнай праваслаўнай Царквой, — мы не мелі афіцыйных стасункаў, і нас нікуды не пускалі. Я вельмі хацеў падысці да мошчаў свяціцеля Іаана, але мяне папярэдзілі, што гэта будзе вельмі складана. Мы прыехалі, і нечакана для нас былі адкрытыя вароты ў храм. Мы падышлі і прыклаліся да мошчаў. У маёй памяці дагэтуль захоўваецца тая сустрэча са свяціцелем Іаанам. З часам Бог так уладкаваў, што цярпеннем, пакорай нашага народа, шчырай верай людзей мы прымірыліся з той часткай, якая доўгі час была адрынута ад нашай Царквы. Сёння мы разам, і радасць вялікая, таму што пераадолены такі вялікі падзел. Свяціцель Іаан Сан-Францыскі шчыра ўсіх заклікаў мець стасункі, шчыра маліўся пра аб'яднанне Царквы. Таму і мы павінны набірацца цярпення, шчырай веры ў сэрцы, пераадольваць варожасць і нянавісць, мець сапраўдную хрысціянскую любоў. Тады і Хрыстос будзе з намі. Калі будзе аднадумства, згода, малітва ды любоў хрысціянская — і храм гэты пабудуем, і ў сэрца кожнага чалавека Бог дапаможа пакласці падмурак царства Божага ўнутры нас.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.