Вы тут

Стартуе адукацыйная праграма «Настаўнік для Беларусі»


БПС-Ашчадбанк і Міністэрства адукацыі запрашаюць маладых ініцыятыўных педагогаў стаць удзельнікамі сумеснай адукацыйнай праграмы «Настаўнік для Беларусі».


Яе мэта — прыцягнуць у школы ў невялікіх гарадах і населеных пунктах крэатыўных і неабыякавых настаўнікаў, якія хочуць і могуць прыўнесці ў прафесію педагога новыя цікавыя ідэі, умеюць спраўляцца з цяжкасцямі, захоўваючы аптымізм, імкнуцца да самаразвіцця, гатовыя да змен (у тым ліку і да пераезду на новае месца) і вераць у свае сілы.

Якіх-небудзь жорсткіх абмежаванняў для ўдзелу ў праекце не ўстаноўлена: гэта могуць быць як сёлетнія выпускнікі педфакультэтаў, так і вопытныя настаўнікі ці нават сям'я педагогаў. Ключавой з'яўляецца наяўнасць профільнай педагагічнай адукацыі або кваліфікацыі педагога.

Сёлета выберуць першых 12 настаўнікаў, якія на два гады адправяцца працаваць у шэсць школ у глыбінцы, — прычым па двое, бо разам з аднадумцам будзе прасцей асвойвацца на новым месцы.

Для ўдзелу ў праграме трэба запоўніць анкету на сайце teach4.by. Затым кандыдатаў чакае скайп-інтэрв'ю, а на апошнім этапе — субяседаванне ў Мінску. Ключавымі крытэрыямі для адбору стануць прафесійны ўзровень, камунікатыўныя навыкі і свядомая матывацыя.

Усе ўдзельнікі пройдуць месячны летні інтэнсіў, дзе асвояць сучасныя падыходы да педагогікі і выкладання, разаўюць свае асабістыя і лідарскія якасці, атрымаюць веды ў галіне праектнага менеджменту.

Кожны атрымае ад БПС-Ашчадбанка дадатковую матэрыяльную падтрымку: акрамя зарплаты, настаўнікам будзе два гады налічвацца стыпендыя ў памеры 250 рублёў. Іх таксама забяспечаць ноўтбукамі і кампенсуюць выдаткі на жыллё пры неабходнасці пераезду.

За кожным з удзельнікаў праекта замацуюць куратара — вопытнага выкладчыка, да якога заўсёды можна будзе звярнуцца па дапамогу. Арганізатары плануюць, што кожную чвэрць навучальнага года ўсе ўдзельнікі будуць збірацца і падводзіць разам вынікі работ у школах, абмяркоўваць праблемы, якія акрэсліліся, атрымліваць новыя веды і метадалагічную падтрымку.

«Запускаючы праграму «Настаўнік для Беларусі», мы думалі пра тое, каб зрабіць якасную адукацыю даступнай для кожнага дзіцяці ў любой школе. Праграма накіравана на рашэнне доўгатэрміновых задач, — падкрэслівае намеснік старшыні праўлення БПС-Ашчадбанка Лілія АСТАПОВІЧ. — Наш унёсак у праграму сёлета складае 240 тысяч рублёў. У будучыні да нас змогуць далучыцца любыя кампаніі-донары, якія пажадаюць зрабіць унёсак у развіццё якаснай адукацыі ў рэгіёнах».

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: У глыбінку без прымусу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.