Вы тут

На Аўгустоўскім канале ўрачыста адкрылі новы міжнародны веламаршрут


«Аўгуст Вела» праклаў шлях аматарам веласіпеднага турызму з Еўропы ў Беларусь. Маршрут, працягласць якога 50 кіламетраў, злучаецца з польскім Grееn Vеlо і сеткай еўрапейскіх маршрутаў Еurо Vеlо. Урачыстае адкрыццё адбылося з удзелам кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама і Падляскага ваяводства Польшчы. Прадстаўнікі ўлады першымі праехалі па беларускай частцы новага веласіпеднага маршрута.


Пачынаецца яна ад пункта пропуску «Лясная—Рудаўка» на канале і завяршаецца ў Гродне. «Аўгуст Вела» пракладзены па маляўнічых і гістарычных мясцінах рэгіёна. Ён праходзіць уздоўж канала праз усе шлюзы, пасля ідзе ў бок вёскі Радзівілкі, дзе можна ўбачыць старажытную сядзібу Гурскіх. На шляху маршрута — аграгарадок Сапоцкін з цікавым музеем пісанкі, у некалькіх кіламетрах — палац Валовічаў у Свяцку. У хуткім часе тут завершыцца рэканструкцыя пад культурна-забаўляльны комплекс. Пад Гродна веламаршрут цягнецца ўздоўж Нёмана і падыходзіць да турыстычнай базы «Прывал».

Як расказалі ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, увесь маршрут прамаркіраваны ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі, устаноўлена некалькі сотняў паказальнікаў і каля дзясятка картаў-схем. Для зручнасці турыстаў прадугледжаны месцы адпачынку з альтанкамі, паркоўкамі і санітарнымі зонамі.

Плануецца, што новы веламаршрут у найбліжэйшы час звяжа Аўгустоўскі канал і Белавежскую пушчу. «Белавежа Вела» пройдзе па дзвюх бязвізавых зонах Беларусі, па тэрыторыі Люблінскага ваяводства Польшчы і вернецца да Аўгустоўскага канала. Трансгранічны праект актуальны дзякуючы росту турыстычнага патоку ў бязвізавыя рэгіёны, а таксама запланаванаму аб'яднанню гродзенскай і брэсцкай бязвізавых зон.

Маршрут «Аўгуст Вела» створаны ў рамках трансгранічнага праекта па падтрымцы прадпрымальніцтва праз развіццё інфраструктуры Гродзенскай вобласці.

Дарэчы, новы турыстычны сезон на Аўгустоўскім канале пачаўся з 1 мая, калі на памежным шлюзе пачаў работу сезонны пункт пропуску. У раёне шлюза Дамброўка адкрыліся аб'екты харчавання і пункты пракату.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ад Гродна да польскай мяжы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн. 

Грамадства

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

Дзеці «звяздоўцаў» адказалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.