Вы тут

98 гадоў Лазара Тракцінскага


Ураджэнец Клімавіцкага раёна пабачыў вайну з самых розных бакоў: як франтавік, ваеннапалонны, партызан антыфашысцкага супраціўлення ў гарах Югаславіі… Па вяртанні ж у родныя Клімавічы дазнаўся, што яго сям’я загінула ад рук фашыстаў разам з іншымі яўрэямі райцэнтра ў гады акупацыі.


Лазар Тракцінскі

На адной з літаратурных імпрэзаў, што ладзяцца ў Клімавіцкай раённай бібліятэцы, я пазнаёміўся з невысокага росту жанчынай. Сафія Левіт абмовілася пра свайго бацьку. Сказала: ён быў у гады Другой сусветнай вайны ўдзельнікам антыфашысцкага супраціўлення ў Югаславіі. Я папрасіў дачку ветэрана падрабязей расказаць пра яго баявы й жыццёвы шлях.

“Мой бацька, Лазар Сямёнавіч Тракцінскі, нарадзіўся 10 чэрвеня 1913 года ў мястэчку Мілаславічы Клімавіцкага павета ў яўрэйскай сям’і, — расказала Сафія Лазараўна. — Тады быў цяжкі час: хутка пачалася Першая сусветная вайна. Падрастаў юнак — і накаціліся новыя беды. Так сталася, што першая траціна яго жыцця была звязана з ваеннымі падзеямі. Прычым на лёс яго паўплывалі самыя істотныя ваенныя канфлікты Савецкага Саюза 30–40‑х гадоў. Мяркуйце самі: у 1932‑м бацьку прызвалі ў войска. Ён адслужыў належныя тры гады, вярнуўся дадому. Пасяліўся ў Клімавічах, працаваў шаўцом у арцелі. Ажаніўся, у сям’і нарадзілася дачка. Чатыры гады цывільнага жыцця… А ў 1939‑м яго зноў прызвалі для ўдзелу ў вызваленні Заходняй Беларусі. У 1940‑м перакідваюць з аднапалчанамі ўжо на Савецка-фінскую вайну, па завяршэнні якой ён вярнуўся дадому. А праз год, 29 сакавіка 1941 года, бацьку зноў мабілізуюць у Чырвоную армію. Служыў ён сапёрам ў будаўнічым батальёне. Вайну сустрэў на мяжы з Польшчай. Пры адступленні пад Мінскам трапіў у палон да немцаў. І разам з іншымі ваеннапалоннымі яго адправілі спачатку ў Беласток, а потым — далей па захопленай немцамі Еўропе”.

Вельмі хутка, вялікімі сіламі наступалі гітлераўцы, рэалізуючы план бліцкрыгу. Байцам падраздзялення, у якім служыў Лазар Тракцінскі, цяжка было пазбегнуць паланення. Такі лёс, як сведчаць архівы, напаткаў сотні тысячаў савецкіх салдат у першыя тыдні вайны. Ды адступленне трэба было спыніць любой цаной — і Наркам абароны СССР Іосіф Сталін 28 ліпеня 1942 года выдаў загад № 227 “О мерах по укреплению дисциплины и порядка в Красной Армии и запрещении самовольного отхода с боевых позиций”. У народзе яго назвалі: “Ні кроку назад!”. Паводле загаду ў Савецкім Саюзе ўсе ваеннапалонныя аўтаматычна траплялі ў лік здраднікаў. Ім, у адрозненне ад палонных іншых еўрапейскіх краін, не прыходзілася разлічваць на дапамогу “Чырвонага крыжа”. Другой небяспекай для жыцця Лазара Сямёнавіча было яго яўрэйскае паходжанне. Ды ўсё ж яму ўдалося выжыць.

“Бацька расказваў, што было ў яго спачатку некалькі няўдалых спробаў збегчы з палону, — прадаўжае аповед Сафія Лазараўна. — І ўрэшце яму разам з таварышамі тое ўдалося. Уцекачы далучыліся да югаслаўскага партызанскага руху. Лазар Тракцінскі ў гарах Югаславіі ваяваў як падрыўнік, мінамётчык. Калі верыць запісу ў ваенным білеце, быў узнагароджаны югаслаўскім ордэнам Славы ІІ ступені. (Аднак інтэрнэт падказвае: такой узнагароды ў Югаславіі не было… Гэты факт патрабуе ўдакладнення. — Рэд.). З аповедаў бацькі я ведаю, што ён сустракаўся з кіраўніком антыфашысцкага супраціву югаслаўскіх партызан Іосіпам Броз Ціта, які пасля заканчэння вайны ўзначаліў краіну. Бацька добра адгукаўся пра таго мужнага чалавека. У 1965‑м Лазара Тракцінскага запрасілі на святкаванне 20‑годдзя вызвалення Югаславіі ад фашызму. Але, на жаль, паехаць на Балканы не ўдалося: адносіны ў той час паміж Савецкім Саюзам і Югаславіяй былі нацягнутыя”.

У верасні 1944‑га — калі абвастрыліся ваенныя дзеянні, на тэрыторыю Югаславіі ўваходзілі савецкія войскі — Лазар Тракцінскі быў цяжка паранены. Пасля папраўкі вярнуўся ў строй — ужо Чырвонай арміі. Вайну закончыў у Аўстрыі. Ды, як вядома, стаўленне да былых палонных і пасля Перамогі не змянілася. Перад вяртаннем на радзіму яго адправілі ў фільтрацыйны лагер, ён прабыў там з 25 мая па 22 жніўня 1945 года. Вось якім няпростым быў шлях салдата дадому. А пра тое, што ўдзячная была Радзіма Лазару Тракцінскаму за яго ўклад у Перамогу, сведчыць такі факт: у 1985 годзе Лазар Сямёнавіч у ліку многіх іншых ветэранаў атрымаў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.

Доўгія гады вайны Лазар Тракцінскі не меў вестак ад родных, а калі вярнуўся ў Клімавічы, то дазнаўся, што яго сям’я загінула ад рук фашыстаў разам з іншымі яўрэямі райцэнтра ў гады акупацыі. Гэта быў цяжкі ўдар лёсу, але трэба ж неяк жыць далей. І ветэран зноў стварыў сям’ю, выгадаваў траіх дзяцей. Працаваць уладкаваўся прадаўцом у краму. Яго ведалі, паважалі ў нашым горадзе. Па гэты час гараджане той магазін, у якім ён працаваў, называюць “Тракцінскім”. Вось якая шчырая, нефармальная народная памяць пра ветэрана жыве ў Клімавічах.

Доўгае, цяжкае, насычанае на розныя падзеі жыццё пражыў Лазар Тракцінскі. А ў 2003‑м, калі яму ўжо споўнілася 90 гадоў, то забралі пажыць бацьку да сябе сыны, якія пераехалі ў ЗША. Лазар Сямёнавіч, удакладняе дачка, разлічваў з паўгода пагасцяваць, а застаўся назаўжды. Памёр ва ўзросце 98 гадоў у горадзе Дэнверы, там і пахаваны. У тым горадзе абжыліся сыны ветэрана: Іосіф і Сямён. У іх шматдзетныя сем’і. Сын Іосіф працуе ў гандлёвай фірме, мае двух сыноў і дачку Алену, яна працуе ў сацслужбе па доглядзе за састарэлымі. Сыны Ігар і Дзмітрый — стаматолаг і майстар па рамонце электратэхнікі адпаведна. Сямён Тракцінскі разам з сынам Ільёй працуе на будоўлі. Адна з яго дачок, Алена, працуе ў турагенстве, а Юлія даглядае чатырох дзяцей: праўнукаў Лазара Сямёнавіча.

Сямён, малодшы сын Лазара Тракцінскага, з унукамі Ральфам, Натанам і Златай

Мая субяседніца, Сафія Лазараўна, дадае: “У Клімавічах жывуць мае дзеці. Дачка Вікторыя — галоўны бухгалтар у клімавіцкай раённай газеце, а сын Аляксандр працуе ў будаўнічай сферы. Наша сям’я вельмі любіла Лазара Сямёнавіча, па гэты час ганарыцца ім”. “Амерыканская галіна” роду Тракцінскіх не губляе сувязі з Радзімай, родзічамі-сваякамі. Тэлефануюць з Дэнвера, перапісваюцца, прыязджаюць у госці да сястры Сафіі на сваю малую радзіму, у Клімавічы. Усе яны — сыны, унукі ды праўнукі — добра гавораць не толькі на англійскай, але й на рускай мове.

Іван Лапо, краязнаўца, сябра Беларускага саюза журналістаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».