Вы тут

Чым уражвалі ўдзельнікі адбору на тэлеконкурс «Талент краіны»


У адным з карпусоў Акадэміі музыкі не праціснуцца: на прыступках і ля ўваходу паўтараюць маналогі падлеткі ў яркіх уборах, перад люстэркам наносяць баявую расфарбоўку акцёры-«коцікі», у адным з пакояў дзеці і дарослыя запаўняюць анкеты, у другім — рэпеціруюць, у калідорчыку раскладваюць рэквізіт і дэкарацыі, а перад гардэробам гуляюць у ладкі ўскудлачаныя мімы. «Як іх потым наноў расчасаць?» — разважае ўголас ахоўнік, але малых такія дробязі не турбуюць.


Гэты шматгалосы каляровы струмень — патэнцыйныя ўдзельнікі адбору чацвёртага сезона рэспубліканскага дзіцячага конкурсу «Талент краіны», якія прыйшлі і прыехалі з розных гарадоў, каб паказаць сябе строгай адборачнай камісіі. Бабруйск, Жодзіна, Рэчыца, Орша, Гродна, Лагойск — па канкурсантах можна вывучаць геаграфію Беларусі. Тым больш што цяперашні кастынг, як расказалі яго арганізатары карэспандэнту «Звязды», стаў рэкордным па колькасці ўдзельнікаў. З улікам салістаў і творчых калектываў у ім узялі ўдзел каля 700 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў — юныя вакалісты і танцоры, інструменталісты, акцёры, чытальнікі, акрабаты і гімнасты і іншыя творчыя асобы.

Прызнацца, ідучы на кастынг, я спрачалася сама з сабой, ці многіх натхніць леташні поспех маленькай актрысы Міланы Хатулёвай з Віцебска. І, можна сказаць, сама ў сябе спрэчку выйграла: сёлета сярод кандыдатаў было як ніколі шмат дэкламатараў і дзяцей ва ўзросце 5—6 гадоў. А адной з самых юных удзельніц у намінацыі «Арыгінальны жанр», якая прадставіла цыркавы нумар, — наогул усяго чатыры гады!

«Прывітанне, у вас таксама акрабатыка? Класны нумар! Мы ўдзельнічалі ў першым і трэцім сезоне праекта, цяпер вось таксама вырашылі паспытаць шчасця». — «А мы выступалі ў другім сезоне, з вамі на год размінуліся», — перамаўляюцца паміж сабой педагогі, пакуль дзеці паўтараюць асобныя трукі. Духу канкурэнцыі не адчуваецца, хутчэй прыязнасць і сяброўская падтрымка — хоць, безумоўна, усе перажываюць і нервуюцца, што скажа камісія там, за дзвярыма.

А ў зале за выступленнямі прэтэндэнтаў назірае не толькі прафесійнае журы (арыгінальны жанр, напрыклад, ацэньвалі акцёр Яўген Крыжаноўскі, вядучыя «Таленту краіны-3» Яўген Булка і Надзея Клемянцёнак, паветраная гімнастка Белдзяржцырка Алена Чухноўская, актрыса тэатра імя Максіма Горкага Алена Дуброўская, кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Алена Лобач). Партрэты вядомых дзеячаў беларускага музычнага мастацтва, здаецца, таксама пільна і з адабрэннем глядзяць на прадстаўленыя нумары.

— Толькі не перажывайце і не крыўдуйце, калі мы вас спынім, — папярэджвае кожнага журы, — бо ўдзельнікаў вельмі шмат, і трэба паслухаць усіх. У любым выпадку выступленні запісваюцца на камеру, і потым мы яшчэ раз іх уважліва перагледзім, а праз некалькі тыдняў патэлефануем і раскажам пра вынікі, — тым не менш слухаюць ад пачатку да канца амаль усіх, шчодра ўзнагароджваючы апладысментамі асабліва ўдалыя нумары.

А яны, трэба сказаць, былі разнастайныя. Так, дэкламатары і чытальнікі розных узростаў выконвалі ўрыўкі з твораў Антона Чэхава, Яна Лары, Уладзіміра Караткевіча, Ірыны Піваваравай, Рыгора Горына. Найцяжэй даводзілася тым, хто выбіраў вершы — па коле гучалі ўсё тыя ж Агнія Барто, Андрэй Усачоў, байкі Кандрата Крапівы і Уладзіміра Корбана... «Хіба для дзяцей нічога новага не пішуць?» — крыху разгублена спытаўся ў калег Яўген Крыжаноўскі. На гэтым фоне «Балада пра каралеўскі бутэрброд» у перакладзе Самуіла Маршака выклікала фурор, тым больш што юная чытальніца пераўвасобілася ў кожнага з персанажаў, ад караля да каровы.

15-гадовая бабруйчанка Ганна Манжурава абрала для чытання ўрывак з «Мёртвых душ» Мікалая Гогаля.

— Гэта з першага тома ці з другога? Вы чыталі наогул другі том? — пажартавалі суддзі. Але жарт не ўдаўся, бо дзяўчына ўпэўнена адказала, што чытала «і другі, і трэці — усё, што ўваходзіць у школьную праграму». Давялося хуценька правесці літаратурны лікбез.

— О, а гэта наш ветэран! — віталі тэлевізійнікі 14-гадовага Валерыя Русецкага. Два гады таму хлопец дайшоў у «Таленце краіны» да паўфіналу і праявіў сябе не толькі як выдатны дэкламатар, але і, магчыма, як будучы драматычны акцёр. Сёлета хлопец яшчэ вышэй узняў планку («Канешне, хочацца перамагчы!»), і паказаны ім гімназіст-донжуан паводле Тэфі быў вельмі арганічны і пераканаўчы.

Трыа «Каты-пажарныя» ўразіла абранай тэмай гераізму і любові да малой радзімы. Наогул, гэты адукацыйны праект, заснаваны на павучальных апавяданнях Уладзіславы Пабрызгаевай (казачныя гісторыі на розныя тэмы расказваюцца дзецям ад імя катоў з пажарнай часці Вугалька, Вулкана, Юпіцера і Метэора), даволі вядомы ў Магілёве — у яго ўваходзяць каля 20 чалавек. Але на кастынг у Мінск прыехалі толькі чацвёра: сама аўтар праекта і яе вучні Ваня Цурпанаў, Ніка Цалабёнак і Маргарыта Лявіцкая.

Кожны з кандыдатаў гатовы паказаць свае найлепшыя здольнасці: 7-гадовая Руслана Вараб'ёва — прачытаць любы з 16 вершаў і апавяданняў, якія яна ведае на памяць, 5-гадовая Юля Захарава — скарыць адразу некалькі хулахупаў, 12-гадовая Соф'я Ткачэнка — не толькі прадэманстраваць талент кампазітара і скрыпачкі, але і выканаць без пяці хвілін оперную партыю, Ліза Пецікава з Ліды можа і на флейце сыграць, і праспяваць, і маналог прачытаць...

«У нас неверагодна таленавітыя, разнапланавыя дзеці! — пацвярджае журналісцкія ўражанні дырэктар дырэкцыі спецпраектаў АНТ Алена ЛОБАЧ. — Хоць традыцыйна самая вялікая намінацыя — вакальная, на адбор прыйшло больш за 200 чалавек, але і ў іншых жанрах былі нечаканыя адкрыцці і здзіўленні. Вось уявіце сабе: у ліку інструменталістаў да нас прыйшоў хлопчык, які іграе... на аргане. Ён, магчыма, адзін такі на ўсю краіну! Альбо быў юны музыкант з тубай, большай за самога выканаўцу. Наогул, сёлета хапала рэдкіх інструментаў — на кастынгу гучалі не толькі фартэпіяна і скрыпка, але і гітара, і флейта, і габой, і домра. Некаторыя прыходзілі сем'ямі: браты-баяністы альбо сям'я, у якой і мама, і тата, і дзеці граюць на музычных інструментах, — для тэлебачання гэта проста знаходка. Масу прыемных уражанняў пакінуў і адбор у арыгінальным жанры. Пантаміма, дэкламацыя, цыркавыя выступленні — мы бачылі, як адказна і, не пабаюся гэтага слова, прафесійна падыходзілі дзеці і педагогі да падрыхтоўкі сваіх нумароў. Мяне асабіста вельмі ўсцешыла актыўная прысутнасць рэгіёнаў. Многія ўдзельнікі прыязджалі не толькі з райцэнтраў, але і з аграгарадкоў, невялікіх вёсачак — напэўна, гэта значыць, што праект пайшоў у народ. Гэтыя таленты хочацца абавязкова падтрымаць, працягнуць праект далей, каб паказаць усім, што работа з дзецьмі ідзе не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, што нават у самай маленькай музычнай школе ёсць выдатныя педагогі і ўнікальныя таленты».

Здымкі «Таленту краіны» пачнуцца ўвосень. Улічваючы, што праект выйдзе ў эфір ужо чацвёрты раз, яго фармат пэўным чынам памяняецца — магчыма, будзе новая сцэна, дэкарацыі або тандэм вядучых. На АНТ кажуць, што якраз цяпер прадумваюць варыянты, як зрабіць конкурс яшчэ больш цікавым і відовішчным, але па-ранейшаму добрым.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Дзеці ў нас неверагодныя!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?