Вы тут

Жыў-быў Васіль


Вечарына памяці вядомага фалькларыста Васіля Ліцьвінкі прайшла на філалагічным факультэце БДУ


Ён, кандыдат філалагічных навук, працаваў у гэтай навучальнай установе: загадваў Навукова-даследчай лабараторыяй беларускага фальклору. Васіль Дзмітравіч сам вельмі любіў традыцыйна-абрадавую культуру і хацеў для іншых прыадкрыць яе скарбы. Мне пашчасціла ў той час працаваць з ім побач: малодшым навуковым супрацоўнікам. Разам са студэнтамі філфака мы ладзілі творчыя вандроўкі па Беларусі, збіралі народную мудрасць: прыказкі, прымаўкі, галашэнні, карагодна-абрадавыя песні, вясельныя абрады, жарты, танцы, розныя музычныя найгрышы. Шмат увагі надавалі рэгіянальным адметнасцям фальклору. Так і павялічваўся фонд лабараторыі — скарбонка, з якой чэрпалі веды студэнты, выкладчыкі як БДУ, так і Дзяржуніверсітэта культуры й мастацтваў, Акадэміі мастацтваў, шматлікія фальклорныя гурты з розных месцаў краіны.

Пад яго кіраўніцтвам прыемна было працаваць, глыбей пазнаваць Беларусь, духоўную моц і прыгажосць нашых таленавітых землякоў, нашу прыроду, гісторыю й культуру. Дарэчы, вельмі багатыя па змесце манаграфіі тады атрымлівалі й беларускія гурты мастацкай самадзейнасці ў замежжы. Да таго ж, пашыраючы гаючае духоўнае поле беларускага фальклору, Васіль Ліцьвінка вёў тэлеперадачу “Запрашаем на вячоркі”, дзякуючы якой узбагачаўся рэпертуар прафесійных і народных гуртоў.

У тую пару я часта наведваў вёску Верхні Церабяжоў — гэта ў Столінскім раёне Брэстчыны. Ехалі мы туды й для таго, каб падтрымаць маці Васіля Дзмітравіча, якая вельмі хварэла. Мы размаўлялі з ёй пра розныя рэчы. Яна ж расказвала мне, як яе маленькі Васілёк бегаў з пруцікам ля сажалкі “босянькі, голянькі, мурзаты”. І што вельмі вішчаў-палохаўся, пабачыўшы жабку. А калі трохі падрос, то прасіў дзядзьку Сашу, каб вучыў яго народным спевам. Мой сябар быў, як і я, дзіцем вайны, з гэткай жа простай вясковай сям’і. А паколькі на тыдзень малодшы за мяне (я нарадзіўся 1 снежня, а ён 7 снежня 1941‑га), то я часам жартаваў у сяброўскіх спрэчках: маўляў, старэйшых трэба слухацца. Ён, знаючы цану сялянскай працы, як і вялікую духоўную сілу народнай творчасці, вельмі любіў працавітых вяскоўцаў, імкнуўся назапашанае ў навуковай працы ім жа й вярнуць, а таксама сістэматызаваць, вывучыць, перадаць нашчадкам.

Пра рупліўца-навукоўца ў БДУ памятаюць. Вось і нядаўна там на філфаку прайшла фальклорна-этнаграфічная імпрэза “Сцяжынкамі роднай зямлі”: яна традыцыйна ладзіцца ў другім семестры для студэнтаў-першакурснікаў. Сёлета прымеркавана была да Года малой радзімы, ладзілі сустрэчу фалькларысты кафедры тэарэтычнага й славянскага літаратуразнаўства ды супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору. З вітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў імпрэзы звярнуўся намеснік дэкана па навуковай рабоце Павел Навойчык. Па сутнасці, то была вечарына памяці Васіля Ліцьвінкі: паказвалі фільм пра яго. Стварэнне дакументальнага кіно “Дзякуй, што нарадзіўся…”, дарэчы, фундаваў Валеры Сарока — сябар навукоўца, пісьменнік, прадпрымальнік. Валеры Іларыёнавіч — сам з вяскоўцаў, сын франтавіка. Выступіў перад студэнтамі, выкладчыкамі з аповедам пра гісторыю стварэння фільма, пра Васіля Дзмітравіча, якім яго ведалі й памятаюць, падзякаваў яму за жыццёвыя ўрокі, за высокае сяброўства.

Добрыя словы гаварылі й іншыя, хто ведаў Васіля Ліцьвінку, працаваў разам з ім. А фільм дае магчымасць пабачыць і вёску Верхні Церабяжоў, сям’ю фалькларыста, яго землякоў і вучняў.

Напрыканцы цёплай вечарыны гучала любімая песня Васіля Ліцьвінкі “Калі каліна не цвіла…”. Яе спявала салістка Тэатра фальклору “Матуліна хата” Кацярына Пяршлевіч, затым падхапіла ўся аўдыторыя.

У бібліятэчную калекцыю Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору перададзены фальклорна-этнаграфічныя выданні — дар ад гасцей імпрэзы.

Мікола Котаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.