Вы тут

На Віцебшчыне плануюць пабудаваць самы магутны ветрапарк у краіне


Сем ветраэнергетычных установак з агульнай устаноўленай магутнасцю 25 МВт і гадавой вытворчасцю электрычнасці 72 ГВт павінны запрацаваць паблізу вёскі Вялешкавічы Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Ужо распрацавана ўся неабходная тэхнічная дакументацыя, выбрана аптымальнае месца для размяшчэння ветрапарка і атрыманы дазвол на будоўлю.


Інвестара для будаўніцтва ветрапарка вызначаць па выніках электронных таргоў, якія пройдуць 11 ліпеня 2019 года на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць». Па выніках перадкваліфікацыйнага адбору камісія на пачатку чэрвеня выбера патэнцыйных інвестараў, якім і прапануюць набыць перадінвестыцыйны актыў — юрыдычную асобу, зарэгістраваную для стварэння і эксплуатацыі ветраэлектрастанцыі. Плануецца, што купляць «зялёную» электраэнергію будзе РУП «Віцебскэнерга».

Таргі пройдуць у рамках завяршальнага этапу праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Скасаванне бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь», які рэалізуецца пры падтрымцы ПРААН, ГЭФ і Мінпрыроды. Усяго ў краіне вызначана пяць пляцовак для размяшчэння ветрапаркаў.

— Ключавая мэта праектаў — прыцягненне прамых інвестыцый у сферу аднаўляльнай энергетыкі, — адзначыла начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змену клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталля АЛЕЙНІКАВА. — Яны таксама прадугледжваюць супрацоўніцтва дзяржавы з прыватным сектарам, што вельмі важна для стымулявання інвестыцыйнай дзейнасці ў Беларусі. Развіццё галіны мае вялікае значэнне і для мінімізацыі выкідаў парніковых газаў у атмасферу і, адпаведна, выканання абавязацельстваў, якія наша краіна ўзяла на сябе згодна з Парыжскім пагадненнем па клімаце.

Па словах кіраўніка праекта «Скасаванне бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь» Марыны БЕЛАВУС, сёння лічбы ўстаноўленай магутнасці ветраэнергетычных установак у нашай краіне пакуль не такія вялікія, як, напрыклад, у суседніх Польшчы ці Украіне — каля 100 МВт. Але гэта адкрывае вялікае поле для дзейнасці ў дадзенай сферы.

Каб развіццё сектара аднаўляльнай энергетыкі ішло як мага больш інтэнсіўна, падрыхтаваны праект змен ва Указ Прэзідэнта ад 18.05.2015 г. № 209 «Аб выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі». Як расказаў начальнік упраўлення энергаэфектыўнасці, экалогіі і навукі Міністэрства энергетыкі Сяргей ГРЭБЕНЬ, гэтым дакументам даецца права (у адназначнай трактоўцы. — Рэд.) ствараць устаноўкі АКЭ для асабістых патрэб без выдзялення квот. Гэта дазволіць суб'ектам гаспадарання знізіць сабекошт прадукцыі і, магчыма, накіроўваць яе на экспарт.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Дзе задзьме выгадны вецер?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.