Вы тут

Ці праўда, што загараць шкодна? Тлумачыць урач-дэрматолаг


Цяга да сонечнага святла апраўданая і вытлумачальная — ультрафіялет забяспечвае сінтэз вітаміну D, неабходнага для правільнага фарміравання касцей і мышцаў, адказвае за падтрыманне гарманальнага балансу, прадухіляе хваробы сэрца, печані і нырак. Але як атрымаць выключна карысць?


Пры перадазіроўцы ўльтрафіялету ўсе яго карысныя эфекты зводзяцца на нішто. А залішні загар небяспечны заўчасным старэннем скуры, якое называюць фотастарэннем, і ракам скуры, у тым ліку самай небяспечнай яго разнавіднасцю —меланомай.

Знаходжанне на сонцы павышае імунітэт і агульную супраціўляльнасць арганізма хваробам, павялічвае разумовую і фізічную актыўнасць, робіць больш трывалымі касцявую тканку і зубную эмаль.

— Ультрафіялетавыя промні натуральнага паходжання пранікаюць у скуру ўсяго на 1 міліметр, але гэтага дастаткова, каб пачаў паніжацца ўзровень халестэрыну, зменшылася вязкасць крыві, знізілася колькасць шкодных бактэрый і вірусаў у арганізме, узмацнілася тканкавае дыханне, актывізаваліся абменныя працэсы. Пад уздзеяннем промняў сінтэзуюцца бялкі, ферменты, гармоны, — тлумачыць урач-дэрматолаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера Вікторыя КОЦУР.

Карысць ці шкода?

Сам па сабе загар не прыносіць карысці арганізму. Ён з'яўляецца наступствам знаходжання на сонцы і сведчыць, што чалавек правёў пад сонечнымі промнямі пэўны час. У скуры пад уздзеяннем сонца выпрацоўваецца меланін. Калі загар лёгкі, прыемнага залаціста-бронзавага адцення, то яго можна расцэньваць як спрыяльны фактар: значыць, знаходжанне на сонцы было не доўгім, але дастатковым. З іншага боку, выражаны загар сведчыць пра перавышэнне той нормы, якую можна лічыць карыснай для здароўя. Празмернае ўльтрафіялетавае апраменьванне здольнае аказаць сур'ёзны адмоўны ўплыў і нават яўную шкоду. І размова ідзе не пра бачныя апёкі ці сонечны ўдар:

— Існуе такое паняцце, як «адкладзенае ўздзеянне». Гэта азначае, што наступствы працяглага знаходжання на сонцы могуць праявіцца сур'ёзнымі захворваннямі, у тым ліку злаякаснымі ўтварэннямі, праз гады, — папярэджвае Вікторыя Генадзеўна.

Якая ж норма?

Сусветная арганізацыя аховы здароўя называе карыснай для здароўя велічыню ў 60 мінімальных эрытэмных доз на працягу года. Гэта значыць, што пад прамымі сонечнымі промнямі можна знаходзіцца каля 5—10 хвілін у пачатку сонечнага сезона і да 50 хвілін — у яго разгар. Калі ж задумацца пра тое, колькі часу мы праводзім на сонцы падчас адпачынку на моры ці ў спякотныя дні ў горадзе, робіцца зразумела, што норму мы перавышаем у разы. Падумайце пра гэта і не выходзьце на вуліцу без панамы і сонцаахоўнай касметыкі.

Калі лепш загараць

Калі ваша мэта — атрымаць шакаладны загар, памятайце, што рабіць гэта трэба з розумам. Бяспечнымі для загару лічацца ранішнія (з 8 да 12) і пасляабедзеныя (з 16 да 19) гадзіны. Днём сонца агрэсіўнае, а паветра максімальна вільготнае, што стварае ўсе ўмовы для атрымання апёку. Калі вы знаходзіцеся на пляжы апоўдні, укрывайцеся ад сонца пад парасонам. Пры гэтым ваша скура ўсё роўна атрымае загар, але будзе абаронена ад асабліва падступных промняў. Не забывайце карыстацца сонцаахоўным крэмам. Наносіць яго варта за 20—30 хвілін да выхаду з дома, а не на пляжы, як гэта многія робяць. Праз 30 хвілін працэдуры трэба паўтарыць незалежна ад таго, купаліся вы ці не. Выкарыстоўвайце ахову з фактарам вышэй SPF 15, прычым чым святлей скура, тым больш высокі фактар абароны патрэбны.

На яркім сонцы пад пагрозай знаходзіцца не толькі скура, але і валасы, таму выкарыстоўвайце сонцаахоўныя сродкі для валасоў. Ультрафіялет і марская соль узмацняюць акісленне ліпідаў ахоўнага слоя скуры галавы і валасоў, што зніжае іх трываласць. У адрозненне ад скуры, у якой прадугледжаныя механізмы аховы і аднаўлення ад вольных радыкалаў і іншай «агрэсіі» навакольнага асяроддзя, валасы ахоўваюцца толькі меланінам і кератынам. Таму на пляжы абавязковы галаўны ўбор. Гэта засцеражэ вас не толькі ад перасыхання валасоў, але і ад сонечнага ці цеплавога ўдару.

Падчас адпачынку на прыродзе пад яркім сонцам варта рэгулярна піць ваду, рабіць па некалькі глыткоў кожныя 20—30 хвілін. Вада можа быць мінеральнай, без газу, але ні ў якім разе не піва, пакетаваныя сокі ці квас. Так вы ўвільгатніце скуру знутры, пазбегнеце страты мінералаў, якія выдзяляюцца разам з потам.

Памятайце, што малым да трох гадоў і цяжарным жанчынам не пажадана знаходзіцца пад прамымі сонечнымі промнямі. Загару ў цяньку будзе дастаткова для аздараўлення арганізма і надання скуры прыгожага адцення.

Што рабіць пры сонечных апёках?

Спачатку прыбраць са скуры рэшткі салёнай вады і пазбягаць у далейшым яе пападання на пашкоджаныя ўчасткі. Для лячэння апёку выкарыстоўвайце прэпараты, якія ўтрымліваюць пантэнол — ён спрыяе зажыўленню скуры. Калі ўтварыліся пухіры, ні ў якім разе не пратыкайце іх, каб не занесці інфекцыю.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Загараць ці не?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.