Вы тут

Зборная па футболе рыхтуецца сезону


У панядзелак каманда сабралася ў Мінску ў поўным складзе. Футбалісты, якія прадстаўляюць замежныя клубы, прыступілі да падрыхтоўкі раней за астатніх і трэніраваліся па індывідуальных планах. На збор былі выкліканы 23 футбалісты. Як адзначыў галоўны трэнер зборнай Ігар Крывушэнка, на дадзены момант гэта найбольш падрыхтаваныя гульцы.


Фота: http://laliga-spain.ru

У суботу, 8 чэрвеня, у матчы трэцяга тура кваліфікацыйнай групы С беларусы сустрэнуцца з камандай Германіі, а 11 чэрвеня згуляюць з футбалістамі Паўночнай Ірландыі. Абодва паядынкі на полі «Барысаў-Арэны» пачнуцца ў 21.45.

«Каб былі шанцы на перамогу, трэба добра вывучыць саперніка, месцы, дзе можаш аказаць ціск, прымусіць памыляцца, — каментуе першы паядынак з немцамі Ігар Крывушэнка. — У той жа час вывучыць, дзе гэта можа зрабіць сапернік і паспрабаваць закрыць тыя зоны і футбалістаў. Цяпер практычна ўсе гульні яны правялі па схеме 3-4-4. Гуляюць у тры цэнтральныя абаронцы. Матч супраць Галандыі паказаў, што гэта збалансаваная каманда, якая мае гульцоў добрага ўзроўню». Галоўны трэнер не стаў дзяліць гульні з Германіяй і Паўночнай Ірландыяй па статусе. «Ёсць гульня з Германіяй — рыхтуемся і пастараемся максімальна ўдала згуляць у гэтым матчы. Наступная гульня супраць Паўночнай Ірландыі — будзем рыхтаваць каманду да наступнага саперніка. Я не сказаў бы, што матч з Германіяй не такі важны, як з Паўночнай Ірландыяй. У нас ёсць дзве гульні, і трэба паспрабаваць дамагчыся максімуму ў абедзвюх», — адзначыў Ігар Крывушэнка.

Нагадаем, на старце адборачнага турніру Еўра-2020 зборная Беларусі пацярпела два гасцявыя паражэнні — ад Нідэрландаў (0:4) і Паўночнай Ірландыі (1:2). Нямецкія футбалісты абыгралі ў гасцях галандцаў (3:2), а паўночнаірландцы дома перамаглі эстонцаў (2:0).

Турнірнае становішча: Паўночная Ірландыя — 6 ачкоў (2 матчы), Германія — 3 (1), Нідэрланды — 3 (2), Эстонія — 0 (1), Беларусь — 0 (2). У фінальную стадыю кантынентальнага першынства выйдуць па дзве найлепшыя каманды з 10 адборачных груп, яшчэ чатыры пуцёўкі атрымаюць пераможцы плэй-оф Лігі нацый УЕФА.

Футбалісты, што былі запрошаны на трэніровачны збор:

  • варатары — Аляксандр Гутар («Дынама-Брэст»), Андрэй Клімовіч («Шахцёр», Салігорск);
  • абаронцы — Аляксандр Мартыновіч («Краснадар», Расія), Ігар Шытаў («Дынама-Мінск»), Дзяніс Палякоў («Урал», Екацярынбург, Расія), Максім Валадзько («Арсенал», Тула, Расія), Алег Вераціла («Дынама-Брэст»), Мікіта Навумаў («Жэтысу», Талдыкарган, Казахстан), Захар Волкаў (БАТЭ, Барысаў), Кірыл Пячэнін («Віцебск»);
  • паўабаронцы — Сяргей Кісляк, Павел Няхайчык (абодва — «Дынама-Брэст»), Станіслаў Драгун, Ігар Стасевіч (абодва — БАТЭ, Барысаў), Юрый Кавалёў, Валерый Грамыка (абодва — «Шахцёр», Салігорск), Іван Маеўскі («Астана», Казахстан), Міхаіл Гардзяйчук («Табол», Кастанай, Казахстан), Мікіта Корзун («Аль-Фатэх», Эль-Хаса, Саудаўская Аравія);
  • нападаючыя — Дзяніс Лапцеў («Дынама-Брэст»), Максім Скавыш (БАТЭ, Барысаў), Яўген Шыкаўка («Ларыса», Грэцыя).

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Пастарацца дамагчыся максімуму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.