Вы тут

Дыпламатыя слова


Дом літаратара ў Мінску — месца, добра вядомае ў колах не толькі творчых, але і ў дыпламатычных. Нядаўна пісьменніцкую арганізацыю наведала дэлегацыя беларускіх дыпламатаў, якія ў розныя гады выконвалі прадстаўнічую місію нашай краіны ў розных кутках свету, наладжвалі дзелавыя і культурныя стасункі новай незалежнай Беларусі.


Цяпер яны маюць вялікі прафесійны, дыпламатычны і жыццёвы досвед. З’яднаныя ў грамадскую арганізацыю ветэранаў Міністэрства замежных спраў, працягваюць працаваць на ўмацаванне іміджу Беларусі, дзеляцца ўспамінамі і ўражаннямі пра час знаходжання за мяжой. Аповеды з першых вуснаў пра асаблівасці розных краін, менталітэт іх народаў, тонкасці дыпламатычнага пратакола заўсёды цікавыя. Для тых, хто набывае прафесію, звязаную з замежнымі стасункамі, інфармацыя наогул вельмі карысная.

Сустрэча ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі насіла характар больш сяброўскі, чым дзелавы. Намеснік старшыні ветэранскай арганізацыі МЗС Аляксей Можухаў прапанаваў старшыні СПБ Мікалаю Чаргінцу сустрэцца, каб паразмаўляць пра былое, а нешта з успамінаў — занатаваць. Мікалай Іванавіч з улікам ранейшай работы на пасадзе старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы меў шчыльныя стасункі з дыпламытычным корпусам краіны. Цяпер гэта ўжо гісторыя — гісторыя ў асобах.

За круглым сталом у мемарыяльнай зале СПБ адбылася прыязная і карысная гаворка. Мікалай Чаргінец згадаў пра многае з таго, што спрыяла зацвярджэнню Беларусі на міжнароднай арэне і асабліва падкрэсліў той факт, што кожны, каму выпала надзвычай адказная справа — прадстаўляць Беларусь, яе інтарэсы ў свеце, — рабіў гэта сумленна, браў на сябе адказнасць прымаць іншым часам няпростыя рашэнні.

Знакавы момант сустрэчы — прэзентацыя фотакнігі «Лонданская школа дыпламатычнага пратакола», створанай жонкай былога пасла Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытанія і Паўночная Ірландыя і Рэспубліцы Ірландыя па сумяшчальніцтве Людмілы Можухавай. Выданне ўтрымлівае больш як 130 найцікавейшых фотаздымкаў, якія сведчаць пра работу беларускага дыпламата.

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».