Вы тут

Спеў пра галоўнае


XIX Нацыянальны фестываль песні і паэзіі «Маладзечна-2019» вабіць разнастайнай праграмай. Галоўныя дзейныя асобы на гэтым дзівосным свяце — не толькі майстры выканаўчага майстэрства, але і мэтры — паэты, чые радкі напаўняюць сэрца хваляваннем.


Асаблівасць сёлетняга ўдзелу Саюза пісьменнікаў Беларусі ў гэтай культурнай падзеі нашай краіны ў тым, што Маладзечна наведае каманда з двух дзясяткаў творцаў. Яны прадставяць галоўны кірунак свята: прысвячэнне мастацкага слова 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і любай для ўсіх творцаў тэме — Году малой радзімы.

7 ліпеня на розных пляцоўках Маладзечна будзе лунаць роднае слова. Гэта стане своеасаблівым паэтычным бенефісам СПБ на нацыянальным фэсце песні і паэзіі.

Першы выхад на сцэну паэтаў творчага саюза адбудзецца а 15 гадзіне. Канцэртную праграму для прадстаўлення ў Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў рыхтуе Мінскае абласное аддзяленне СПБ. «Мой родны кут, як ты мне мілы!» — такую назву паэты Міншчыны далі літаратурнай імпрэзе, прысвечанай самым дарагім мясцінам. Святлана Быкава ўсхваляе роднае Заслаўе, Уладзімір Цанунін славіць Вілейшчыну, Уладзімір Краскоўскі — Валожыншчыну, Лёля Багдановіч — Барысаў, Таццяна Цвірка — Клецк, Марыя Шыбанец — Маладзечна.

А 16-й гадзіне фестываль упершыню прыме аўтарскую праграму паэта Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы», якая стала знакавай з’явай у эфіры тэлеканала «Беларусь 3». Гэтым разам Навум Якаўлевіч у якасці госця запросіць паэта-песенніка Уладзіміра Мазго, з асобай якога звязана гісторыя фестывальнага руху, распачатага ў чэрвені 1993 года. У. Мазго быў удзельнікам першага фэсту, дзе гучалі ажно пяць песень аўтара. Варта нагадаць і пра тое, што Анжаліка Ют, выканаўшы ў конкурсе маладых выканаўцаў песню на словы У. Мазго «Лістота разлук», стала ўладальніцай першай прэміі. Андрэй Хлястоў спяваў «Трохвугольнік», а Іна Афанасьева прадстаўляла «Варажбу», якая ўжо стала хітом. Уладзімір Мазго, дарэчы, у свой юбілейны год, і цяпер поўны творчага запалу і рады прадставіць прэм’еру новай песні — «Жаўруковая мова».

А таксама героем аўтарскай праграмы Навума Гальпяровіча будзе беларускі драматург Аляксей Дудараў.

Чакаецца яшчэ адна яркая падзея: у 17.30 у канцэртнай зале Палаца культуры пройдзе музычна-паэтычная гасцёўня «Пад небам Бацькаўшчыны роднай» з удзелам паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі.

Паэты СПБ будуць прэзентаваць кнігу «Мая Радзіма», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Пад адной вокладкай сабраны вершы-прызнанні ў любові Айчыне. Сваё захапленне радзімай перададуць маладзечанскаму гледачу і майстры прыгожага мастацкага слова. Сярод іх — лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Башлакоў, Мікола Мятліцкі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Міхась Пазнякоў, паэты, чые словы гучаць на прасторах Радзімы — Сяргей Давідовіч, Вадзім Спрынчан, Кастусь Цыбульскі, Змітрок Марозаў.

Да таго ж госцем музычна-паэтычнай гасцёўні «Пад небам Бацькаўшчыны роднай» стане Нацыянальны акадэмічны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча.

Алена СТЭЛЬМАХ, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.