Вы тут

Далёкае і блізкае


Першы нумар часопіса «Беларусь» за 1944 год зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Да 75‑годдзя з часу адраджэння выдання ў рэдакцыю часопіса «Беларусь. Belarus» пры пасрэдніцтве намесніка дырэктара НББ Алеся Сушы перададзены фотакопіі ўсіх 48 старонак таго гістарычнага нумара.


Адзін з разваротаў часопіса

Цяпер, нагадаем, часопіс распаўсю­джва­ецца ў розных краінах, ёсць і ў інтэрнэце: беларускамоўная версія — на партале Выдавецкага дома «Звязда», англамоўная — па адрасе https://issuu.com/belarus.mag.

Варта ўдакладніць важныя дэталі з гісторыі часопіса, заснаванага ў 1930 го­­дзе. Дарэчы, першым яго рэдактарам (1930–1932) быў пісьменнік Міхась Чарот. А дэталі былі выпісаны ў тэксце «Рэабілітацыя «Чырвонай Беларусі», змешчаным у № 1 (812) за сту­­­дзень 2000 года — нумар прысвячаўся 70‑год­­дзю выдання. Цытуем: «Тады часопіс не су­­дзілі. У 33‑м яго папросту закрылі, спаслаўшыся на нястачу паперы ў краіне. А з сту­­дзеня 44‑га ён выйшаў пад новай назвай «Беларусь» — з новым адказным рэдактарам Ільёй Гурскім і новай нумарацыяй. Як быццам да вайны часопіса і не было».

Можна зразумець тую «забыўлівасць» заснавальнікаў адноўленага выдання так: не хацелі ў ваенны час, як кажуць, варушыць старое-мінулае. А ўзнаўленне часопіса «Беларусь» у часе вайны было ­дзеяй ваенна-стратэгічнага парадку. Ідэалагічнай зброяй у ба­раць­бе з гітлераўскімі захопнікамі.

Каштоўнае сведчанне на гэты конт пад красамоўным загалоўкам «Як адра­джалася «Беларусь» пакінуў Максім Лужанін («Беларусь», № 1, 2000). Пісьменнік апісвае, як на пачатку 1943 года ён у Маскве «чакаў новага прызначэння пасля Сталінграда і меў магчы­масць вярнуць радасць яднання з старымі сябрамі». Зносіны ж тыя адбываліся пераважна ў сталічным гатэлі «Москва», якая пераўтварылася ў своеасаблівы беларускі цэнтр. «Часцей за ўсё гутарылі з Кузьмой Чорным па-зямляцку — абодва случакі, і Пятром Глебкам — таварышам па вучобе. Былі яшчэ ў Маскве Кандрат Крапіва і Міхась Лынькоў. Сумесныя вечары нашы былі поўныя ўспамінаў пра ра­­дзіму, пра сустрэчу з ёй: што там засталося, як жывецца-вя­­дзецца. Вера ў зварот была непахісная, планаў на будучыню — мноства.

Клопат пра будучыню рэспублікі няспынна па­джыўляў Панцелеймон Кандратавіч Панамарэнка. Першы сакратар ЦК КПБ, начальнік Цэнтральнага партызанскага штаба, ён пільна дбаў пра развіццё культуры, пра дапамогу ёй, нават пра кожнага з яе стваральнікаў па­асобку. Аднойчы пасля прыёму ў яго мае таварышы вярнуліся, што называецца, пры пасадах: Ілья Гурскі — рэдактарам часопіса «Беларусь», які павінен быў пачаць новае жыццё: у 1933 быў спынены выхад часопіса «Чырвоная Беларусь». А Пятру Глебку даручылі разгортваць выдавецкую справу, ён стаў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларусь».

Фрагмент з артыкула пра беларускага пісьменніка Змітрака Бядулю

Далей Максім Лужанін згадвае, што жылі Гурскі з Глебкам у той ваенны час у маленькім пакойчыку гатэля «Якорь», каля Беларускага вакзала. «Можна сказаць, што ў тым пакойчыку адбываліся пашыраныя пася­джэнні рэдкалегіі адноўленай «Беларусі». Старанна выбіраўся фармат, сталае аздабленне вокладкі, падбіраўся ілюстрацыйны матэрыял. А галоўнае — змест! Часопіс з першага нумара павінен быў зацікавіць чытача. Такім чынам, змест нумара некалькі разоў ператрасаўся. Удакладняўся, пашыраўся. У мяне доўгі час захоўваўся гэты першы нумар, пакуль не трапіў на вока вельмі заядламу букіністу. Не помню, ці трапілі мае радкі ў той першы нумар, але цвёрда ведаю: Гурскі, гаспадар запаслівы, забраў у мяне ўсё, што было напісана. Каб партфель паўнейшы быў, сказаў ён».

Гартаем першы нумар часопіса «Беларусь» за 1944 год — радкоў Максіма Лужаніна там не знахо­­дзім. І ўвогуле «двухмесячный общественно-политический и литературный журнал» з дэвізам «Смерть немецким захватчикам!» на першай старонцы выдаваўся тады па-руску. Нават змешчаныя ў 1‑м нумары вершы Петруся Броўкі, Якуба Коласа, Пімена Панчанкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, Піліпа Пестрака, Арка­­дзя Куляшова, байка Кандрата Крапівы «Янка и Карл» пада­­дзены ў перакладах на рускую мову. Толькі загаловак «перадавога» рэдакцыйнага артыкула па­да­­дзе­ны па-беларуску: «Дзень добры, Беларуская зямля!». Калі ён пісаўся — вынікае з пераліку: «Уже освобождены белорусские города — Гомель, Климовичи, Кричев, Чериков, Мстиславль, Ново‑Белица, Добруш, Хотимск, Речица, Пропойск, Журавичи и др. Близок день полного очищения нашей родны от поганых чужеземцев».

Доўга і пасля вайны давялося чакаць, пакуль была ўзноўлена повязь часопісаў «Чырвоная Беларусь» і «Беларусь». Першы публічны акт такой «рэабілітацыі» «Чырвонай Беларусі» быў учынены ў 1982 го­­дзе: тады намаганнямі галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь» Аляксандра Шабаліна (які, дарэчы, узначальваў яго больш за 30 гадоў!) у 9‑м нумары ў выходных звестках замест радка «заснаваны ў 1944 го­­дзе» з’явілася «заснаваны ў 1930 го­­дзе». Менавіта ў 1982‑м на падставе матэрыялаў і дакументаў, якія тычацца гісторыі часопіса, была прынята і пастанова ЦК КПБ («Беларусь», 1982, № 9) аб устанаўленні пачатку выдання часопіса — з часу выхаду першага нумара часопіса «Чырвоная Беларусь»: са сту­­дзеня 1930 года. І толькі калі ўжо выданне а­­дзначала 70‑год­­дзе, да агульнай нумарацыі часопіса былі дада­­дзены яго даваенныя 79 нумароў.

Прыгле­­дзімся: чым быў адметны той, першы нумар часопіса «Беларусь» за 1944 год?

На першай старонцы вокладкі — партрэт у паўпрофіль генералісімуса Іосіфа Сталіна: у фуражцы, шынялі. Ніжэй — назва выдання. Праўда, літары Б і Ь, пэўна, у працэсе брашуроўкі былі абрэзаныя. Пад словам «Беларусь» і­дзе невялічкая палоска сціплага арнаменту, нумар пазначаны рымскай лічбай І, трохі ніжэй — год 1944 і пяцікутная зорка, таксама ў нейкім просценькім кветкавым арнаменце.

Калі першая тэма нумара — вызваленне ўсходніх раёнаў Беларусі, то другая — «25 лет БССР». Юбілей быў 1 сту­дзеня 1944 года. Артыкул пад такой назвай падае «Т. Горбунов Секретарь ЦК КП (б)Б». У ім — апісанне даваенных поспехаў Беларусі на шляху сацыялістычнага будаўніцтва, а таксама таго гора й разбурэнняў, якія прынеслі ворагі. Ухваляецца масавы партызанскі рух, што разгарнуўся ў Беларусі, называюцца прозвішчы Герояў Савецкага Саюза родам з гэтай зямлі, якую вызваляюць ад ворага прадстаўнікі розных народаў СССР. І ўжо «заря освобождения занялась над многострадальной Белоруссией».

Адзін са здымкаў у першым ваенным нумары часопіса з надпісам «Привет родной Красной Армии!»

А ў тэксце «В борьбе за независимость» Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР М. Наталевіча знахо­дзім такое выказванне: «Белоруссия оккупирована, но не покорена, она живет и борется. Белорусы не оказались той «глиной», из которой гитлеровские горе-горшечники собирались лепить «горшки» для арийских людоедов. Наоборот, белорусы оказались тверже гранита, инициативными и способными мастерами в той же глине, которой, кстати сказать, в Белоруссии очень много, укладывать немецких разбойников сотнями тысяч». Сцвяр­джа­ецца, што партызанскі рух стаў грознай сілай для нямецкіх акупантаў: «Сейчас на территории Белоруссии действуют сотни партизанских отрядов и бригад, объединяющие свыше 100 тысяч партизан». Прыво­дзіцца такая лічба: друкарскім спосабам у тыле ворага выпускаецца 73 газеты, а лістоўкі — кожным партызанскім атрадам. Падаецца вялікі пералік партызанскіх спраў, якія сведчаць пра шырокі размах партызанскай барацьбы.

Намеснік старшыні СНК БССР М. Крупеня ў артыкуле дзеліцца сваімі ўражаннямі ад таго, што пабачыў на вызваленых тэрыторыях Беларусі — у Крычаўскім, Хоцімскім, Мсціслаўскім, Клімавіцкім раёнах. А галоўны герой апавядання Міхася Лынькова «Астап» вяртаецца зімой з лесу на месца спаленай карнікамі роднай вёскі, у агні якой згарэлі нявестка з двума ўнукамі, ды ўсё думае сваю думу: «как найти меру святой человеческой мести». І калі ў вёску ў той жа дзень прыхо­дзяць пад выглядам беглых савецкіх ваеннапалонных ворагі, выпытваюць дарогу да партызан, то стары ляснік Астап робіць свой выбар і заво­дзіць «няпрошаных гасцей» у непраходны заснежаны забалочаны лес. Там і гіне — разам з імі. Апавяданне стала шырокавядомым, з пасляваеннага часу вывучаецца ў беларускіх школах.

Усе тэксты, фотаздымкі, зме­шча­ныя ў 1‑м нумары часопіса «Беларусь» — гэта заклік да барацьбы з ворагам, заклік набліжаць усімі супольнымі сіламі Дзень вызвалення Беларусі, Дзень Перамогі.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.