Вы тут

Не ў дыпломе шчасце


Скончыўся чарговы навучальны год, і ў бацькоўскіх чатах пачалося выхвалянне граматамі, дыпломамі і пахвальнымі лістамі, якія атрымалі нашы выдатнікі, спартсмены, таленты і наогул самыя лепшыя ў свеце школьнікі.


Многія дзеці таксама заразіліся гэтым духам спаборніцтва. Мая старэйшая дачка, натхнёная атрыманымі граматамі, доўга пазіравала з імі на бацькаву фотакамеру, а потым дапытвалася ў мяне, колькі «дзявятак» дапушчальна атрымаць за ўвесь час навучання ў школе, каб лічыцца выдатніцай, і вяла нейкія толькі ёй зразумелыя падлікі ў нататніку. Яе прыяцелька па гульнях, на пару гадоў старэйшая, літаральна плакала з-за таго, што ў гадавым табелі выйшла адна «васьмёрка». А калега, у якой сын сёлета скончыў 9 класаў на 9 і 10 балаў, прызналася, што разняволіцца толькі пасля апошняга экзамену, а пакуль яны абодва «на валяр'янцы»...

Я, канешне, ганаруся поспехам сваіх дзяцей — дый за чужых, калі на тое пайшло, умею парадавацца. Я толькі «за», калі яны цягнуцца да ведаў, праяўляюць сябе ў творчасці, у спорце, калі з цікавасцю займаюцца даследчай работай або ўдзельнічаюць у важных грамадскіх ініцыятывах. Але вельмі «супраць», калі працэс вучобы замест самаўдасканалення, развіцця асобы ператвараецца ў гонку за медалямі і дыпломамі, у калекцыянаванне пахвальных лістоў, каб мама/тата/бабуля ганарыліся і дырэктар на школьнай лінейцы адзначыў. Няхай будзе спартыўны азарт, дух спаборніцтва, інтэлектуальныя і творчыя пошукі — але не распачаты яшчэ ў дзяцінстве кірмаш пыхлівасці.

«Мама, — горача запярэчыла дачка, калі я сказала, што выдатныя адзнакі — не самае важнае ў жыцці, — але ж у цябе ёсць залаты медаль за школу! І я таксама хачу!» — «Што ты будзеш з ім далей рабіць, — смяюся, — саліць?»

...Не буду маніць, атрымліваць добрыя ацэнкі мне падабалася. Тым больш што пытаць, пісаць, лічыць — у першых класах гэта атрымлівалася лёгка. Далей вучыцца стала проста цікава, а потым неяк натуральна склалася прывычка і ўнутраная дысцыпліна — падрыхтавацца так, каб атрымаць не ніжэй за «чацвёрку» (яшчэ па той, пяцібальнай сістэме). Прытым ніякім вундэркіндам і дзяўчынкай з будучыні я не была, таму даводзілася і папацець — на фізкультуры, дзе ніколі не любіла крос і наогул бег, ці на гісторыі, калі пэўныя даты імкнуліся вымыцца з памяці. Але сапраўдная «трагедыя» ў мяне здарылася з чарчэннем. Па ім — зараз прызнаюся ў жаху і ганьбе — некалькі чвэрцяў запар я атрымлівала «тройкі». Ватман не любіць выпраўленняў і пераробак, а інжынерных талентаў у мяне аніколі не было, таму здадзеныя скрэмзаныя і напаўсцёртыя неакуратныя чарцяжы ў розных праекцыях нагадвалі, як сказала б асляня Іа, сумнае відовішча. Настаўнік чарчэння, нядобра пасміхаючыся, казаў, што за такую знявагу яго прадмета не бачыць мне медаля як сваіх вушэй. З якім жа задавальненнем, даведаўшыся, што чарчэнне ў залік сярэдняй школы не ідзе, у дзень апошняга званка я кінула яму ў калідоры: «Можаце мяне павіншаваць, Н.Н-авіч!» Уласна, другі і апошні раз медаль даў мне ўпэўненасць у сваіх сілах пры паступленні ў інстытут: я проста не магла сабе дазволіць напісаць сачыненне дрэнна.

Але на кожнай сустрэчы выпускнікоў мы з былымі аднакласнікамі прыходзім да высновы, што не ў дыпломах і медалях шчасце. Адным гэта не спатрэбілася наогул, другім давялося звяртацца да рэпетытараў, каб падцягнуць намаляваныя адзнакі да рэальных ведаў. А моцныя прафесіяналы, паспяховыя бізнесмены, нарэшце, шчаслівыя людзі выраслі як з выдатнікаў, так і з самых што ні ёсць ціхіх троечнікаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.